Вы тут

Як змагацца з апёкамі ад баршчэўніка


Ён прыгожа і велічна ўзвышаецца на самых бачных месцах, і, здаецца, вывесці яго немагчыма. Баршчэўнік Сасноўскага — вельмі небяспечная і, на жаль, жывучая расліна. Яго насенне можа драмаць у зямлі некалькі гадоў, яму не страшныя нават моцныя халады. А калі складуцца спрыяльныя ўмовы, насенне прарасце і з’явіцца новы экзэмпляр, які на першы год сфарміруе разетку лісця, а на другі — дасць велізарнае сцябло (да 3 метраў вышынёй), кветкі і мноства новага насення.


Таму самы эфектыўны спосаб барацьбы з баршчэўнікам — на працягу многіх гадоў не даваць раслінам утвараць насенне. І галоўная зброя тут — цярпенне і паслядоўнасць. Прычым знішчаць яго спецыялісты раяць у самым пачатку лета. Але пры гэтым важна захоўваць асцярожнасць, каб самім не стаць ахвярамі такой барацьбы.

Вывесці складана

Баршчэўнік — расліна з сямейства парасонавых. Яго існуе больш за 50 відаў, многія з якіх цалкам бяскрыўдныя. Напрыклад, раней ужывалі ў ежу баршчэўнік сібірскі, шырока распаўсюджаны ў еўрапейскай частцы Расіі і Казахстане. Некаторыя віды выкарыстоўваюцца як кармавыя і нават дэкаратыўныя расліны.

Небяспеку складаюць толькі два віды — баршчэўнік Сасноўскага і баршчэўнік Мантэгацы. Гэта буйныя расліны, вышыня якіх — ад 1,5 да 4 метраў, а часам сустракаюцца і шасціметровыя гіганты. Баршчэўнік лёгка пазнаць дзякуючы характэрным буйным суквеццям у выглядзе парасонаў.

Баршчэўнік Сасноўскага ўпершыню быў апісаны ў 1944 годзе, затым яго актыўна вырошчвалі як сіласную расліну. Так ён хутка распаўсюдзіўся па еўрапейскай частцы Расіі, бо адрозніваецца трываласцю і бурным ростам. Аднак неўзабаве стала ясна, наколькі небяспечны баршчэўнік: ён бескантрольна разрастаецца, выцясняе мясцовую флору, атручвае глебу, парушае экалагічную раўнавагу.

Вывесці баршчэўнік вельмі складана.

Сімптомы апёку

Небяспеку тоіць сок баршчэўніка. Пад уплывам сонечнага святла (ультрафіялету) ён узмацняе пігментацыю скуры чалавека і жывёл, выклікае дэрматыты, якія часта называюць апёкамі. Небяспечныя плады, сцёблы і лісце баршчэўніка — усё, што вылучае сок. Нават праз адзенне ядавітыя кампаненты здольныя пашкодзіць скурнае покрыва.

— Першай прыкметай апёку з’яўляецца невялікі сверб, і спачатку на яго не зважаюць. Праз некаторы час на скуры з’яўляецца моцнае пачырваненне, а часам і цёмная пляма. Тэрмін залежыць ад асвятлення абпаленага ўчастка сонцам: чым яно больш інтэнсіўнае, тым хутчэй з’явіцца апёк і тым мацней ён будзе балець, — папярэджвае старшая медсястра аддзялення хірургіі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Галіна Траханава.

Праз суткі на пашкоджанай скуры з’яўляюцца напоўненыя вадкасцю пухіры. Калі апёк вялікі, то магчымае павышэнне тэмпературы цела. Пухіры па ўсім участку апёку зліваюцца ў адну вялікую бурбалку. Прыкладна праз 5 дзён яна становіцца мяккай і можа лопнуць, агаліўшы балючую рану. Гаенне доўжыцца каля месяца.

Пры кантакце з вачыма баршчэўнік здольны выклікаць слепату. Эфірны алей з соку можа выклікаць моцнае раздражненне слізістых носа і рота. Калі баршчэўнікам пашкоджана больш за 80% паверхні цела, магчымы нават смяротны зыход.

Першая дапамога

Калі адбыўся кантакт з баршчэўнікам, неабходна адразу ж прамакнуць сок расліны, які трапіў на скуру, кавалкам тканіны.

Затым варта засцерагчы пашкоджаны ўчастак ад кантакту з сонечнымі прамянямі. Падыдзе адзенне з доўгімі рукавамі ці павязка. Усе астатнія мерапрыемствы па аказанні першай дапамогі праводзяцца ў закрытым памяшканні.

— Скуру прамываюць мыльна-содавым растворам, а затым праціраюць сурвэткай, намочанай этылавым спіртам. Пасля ачысткі скуры ад таксінаў наносіцца прэпарат ад апёкаў — напрыклад, абляпіхавы алей або пантэнол, — рэкамендуе Галіна Траханава.

Далей пашкоджанае месца каля двух сутак варта засцерагаць ад сонечнага святла ці святла люмінесцэнтных лямпаў. Праз 48 гадзін фуранакумарыны — рэчывы, якія рэзка павышаюць адчувальнасць арганізма да ўльтрафіялетавага выпраменьвання, — разбурацца. Скура перастане моцна рэагаваць на сонечнае святло.

Акрамя таго, на працягу пяці дзён пасля апёку пацярпелым рэкамендуецца прымаць антыгістамінныя прэпараты.

Калі пухіры ўсё-ткі з’явіліся, катэгарычна нельга парушаць іх цэласнасць — рана можа запаліцца, тады прыйдзецца падбіраць для лячэння больш сур’ёзныя прэпараты.

Змазваць пашкоджаны ўчастак сокам гародніны, малаком ці тлушчам нельга — гэта павялічвае рызыку інфіцыравання раны. Не варта карыстацца «бабуліным метадам» і прыкладваць да пухіроў зямлю — можна заразіцца слупняком.

За пухіром лепш за ўсё даглядаць сродкамі для лячэння апёкаў. Калі плошча пашкоджання вельмі вялікая, раны размешчаныя на твары, выклікаюць моцныя пакуты ці доўга не праходзяць, неабходна звярнуцца да ўрача.

Каб не атрымаць апёк…

Прафілактыка апёкаў ад баршчэўніку відавочная: трэба пазбягаць прамога кантакту з раслінай. Але выканаць гэтую параду бывае праблематычна, бо баршчэўнік валодае дужай, добра развітой каранёвай сістэмай, хутка разрастаецца і займае велізарныя плошчы. Парастак баршчэўніка можна не ўбачыць у высокай траве. Чалавек можа дакрануцца да яго з-за няведання ці праз няўважлівасць.

Для зніжэння рызыкі апёку неабходна:

  • паказаць дзецям баршчэўнік і растлумачыць, што ён небяспечны і чаму;
  • пры праполцы зямельнага ўчастка карыстацца гаспадарчымі пальчаткамі і садовымі інструментамі;
  • пасля выканання работ на ўчастку змяніць адзенне і памыць яго, прыняць душ;
  • ачысціць участак ад баршчэўніку да пачатку яго цвіцення;
  • адпраўляючыся на прыроду, надзяваць вопратку са шчыльнай тканіны з доўгімі рукавамі і штанінамі.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.