Вы тут

Рэмедыятары супраць баршчэўніку


За апошнія 200 гадоў флора многіх краін свету, у тым ліку Беларусі, значна змянілася. Амаль траціна раслін у дзяржавах цяпер чужародныя, некаторыя з іх — інвазійныя — паспяхова выцясняюць абарыгенаў. У нашай краіне больш за 300 відаў такіх захопнікаў, найбольш небяспечныя з якіх — баршчэўнік Сасноўскага і залатацень Канадскі. Сёння ў краіне зарэгістравана больш як 4,5 тысячы месцаў росту баршчэўніку на плошчы 4639,1 гектара. Найбольш пакутуюць ад яго Міншчына і Віцебшчына. Адзіная магчымасць стрымаць экспансію агрэсара — уводзіць землі, якія захапіў раслінны драпежнік, у сельскагаспадарчы абарот, таму тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды пастаянна манітораць месцы яго росту і сочаць за выкананнем мерапрыемстваў па яго знішчэнні.


Фота аўтара

Ваюючы, абараняйцеся

Барацьба з інвазійнымі відамі раслін ва ўсім свеце лічыцца адной з найбольш важных задач у справе захавання біяразнастайнасці. Замежныя захопнікі не проста размнажаюцца з неймавернай хуткасцю (іх насенне можа заставацца ў глебе да 10-12 гадоў, а адна расліна здольная сфарміраваць 30–40 тысяч новых), але і знішчаюць прыродныя экасістэмы. Баршчэўнік паглынае да 80% сонечнага святла, у выніку чаго ўсё навокал гіне.

Расліна валодае высокай экалагічнай пластычнасцю. Добра трывае вясеннія і асеннія замаразкі да мінус 7°С, пад глыбокім снегам — да мінус 35—40°С, пераносіць спёку да 37°С, а вясной пачынае ўзыходзіць яшчэ напрыканцы красавіка.

Прыродаахоўнікі раяць гаспадарам, якія знішчаюць драпежную расліну на сваім участку, не дапускаць прамых кантактаў з ёй, асабліва калі баршчэўнік у расе, і працаваць у пахмурныя дні, каб пазбегнуць апраменьвання сонечным святлом участкаў цела, на якія трапіў сок баршчэўніку. Пры гэтым варта апранаць светлую воданепранікальную адзежу, якая павінна цалкам закрываць цела, і акуляры, а пасля работы — мыць адкрытыя ўчасткі цела вадой з мылам і праціраць іх адэкалонам ці спіртам.

— Калі вы пацярпелі ад агрэсара, неабходна прамыць абпалены атрутным сокам участак цела вялікай колькасцю прахалоднай вады, змазаць паверхню процізапаленчым крэмам і ні ў якім разе не пазбаўляцца ад пухіроў, якія ўтварыліся ў месцах апёкаў. Калі ж пухіры лопнулі, варта налажыць на іх павязку і пры неабходнасці звярнуцца ў бальніцу, — параіў Аляксандр Гіраеў, начальнік аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды.

Ад касы да гербіцыдаў

Як сведчыць статыстыка, мерапрыемствы па рэгуляванні колькасці баршчэўніку па Беларусі з улікам паўторнай апрацоўкі праведзены сёлета на тэрыторыі амаль пяці тысяч гектараў. У залежнасці ад акупаванай плошчы, шчыльнасці росту і ступені пагрозы жыццю і здароўю людзей існуюць розныя варыянты змагання з захопнікам.

Ручным спосабам перасякаюць карані баршчэўніку і выдаляюць расліны, паглыбляючыся сантыметраў на дзесяць у зямлю. Такую працэдуру трэба паўтараць некалькі разоў за сезон, аднак рабіць гэта трэба, пакуль шкоднік не заквітнеў. Такі варыянт магчымы пры змаганні з адзінкавымі экзэмплярамі (да 200 раслін).

У цяжкадаступных для тэхнікі месцах баршчэўнік трэба скошваць (пажадана ручной касой). Такі механічны спосаб трэба выкарыстоўваць не менш як тройчы за сезон і перад тым, як расліна зацвіце і дасць насенне. Скошванне баршчэўніку з кветкамі ці насеннем, наадварот, паспрыяе яго хутчэйшаму распаўсюджванню. Такі спосаб змагання варта паўтараць не менш як пяць гадоў запар.

Узворванне месцаў росту баршчэўніку — яшчэ адзін спосаб барацьбы з ім. Першы раз трэба араць у красавіку, другі (калі расліна ўзышла) — да таго, як яна разгорне сваё лісце. Узворваць зямлю трэба некалькі гадоў, каб упэўніцца, што агрэсар знішчаны. Землі, якія пакінуты пад парай, трэба ўзворваць і дыскаваць.

Хімічны спосаб (з выкарыстаннем гербіцыдаў) скіраваны на знішчэнне надземнай часткі раслін і іх карэння. Першая апрацоўка раслін робіцца ў канцы мая — пачатку чэрвеня (калі баршчэўнік расце), другая — перад пачаткам яго квітнення (у сярэдзіне жніўня). Гербіцыды забаронена прымяняць на землях прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага і гісторыка-культурнага прызначэння, а таксама ў месцах, якія размешчаны ў межах заказнікаў і помнікаў прыроды.

— Найлепшы вынік прыносіць камбінаваны спосаб. Гэта скошванне расліны, пачынаючы з фазы разеткі да пачатку фарміравання бутона, а пасля — апрацоўкамі гербіцыдамі (двойчы, з інтэрвалам у тры-чатыры тыдні), — заўважыў Аляксандр Гіраеў. — Ранняй вясной трэба апырскваць расліны, якія толькі ўзыходзяць (вышыня не больш за 10–15 сантыметраў), гербіцыдамі суцэльнага ўздзеяння, а праз два тыдні — узворваць і дыскаваць. Пасля ўзворвання і дыскавання можна засеяць тэрыторыю травамі, якія паспяхова канкурыруюць з баршчэўнікам: ежа зборная, аўсяніца чырвоная, мятлік лугавы і іншыя. Калі расліна ўжо квітнее, можна пазбавіць яе магчымасці хуткага размнажэння і зрэзаць суквецці.

Цемра, жывёлы і штраф у дапамогу

Баршчэўнік можна пазбавіць святла. Ранняй вясной плошча, дзе ён расце, укрываецца чорным поліэтыленам таўшчынёй не менш за 100 мкм, каб не прарваліся ўсходы. Плёнку фіксуюць па краях і пакідаюць да сярэдзіны лета наступнага года. За гэты час адразу пасля накрывання да зімы гінуць карані з пупышкамі, якія спяць, а на наступны год — насенне, якое перазімавала ў глебе і загінула праз адсутнасць паветра пад плёнкай. Часам, на плошчы, закрытай плёнкай, восенню праз невялікія адтуліны высаджваюць кусты і дрэвы, удакладніў прадстаўнік Мінпрыроды.

Змагацца з баршчэўнікам дапамагаюць і рэмедыятары — расліны, агрэсіўныя да захопніка. Гэта хуткарастучыя зерневыя, некаторыя бабовыя культуры, накшталт казлятніку, і нават бульба. А яшчэ абаронцамі з’яўляюцца авечкі і козы, для якіх тэрыторыя з маладым баршчэўнікам — цудоўная паша.

Хуткасць экспансіі баршчэўніку, па ацэнках вучоных, складае 15-20% у год, і калі своечасова і якасна не праводзіць мерапрыемствы па яго знішчэнні, то праз тры-чатыры гады кошт работ павялічыцца больш як удвая.

Мінпрыроды штогод кантралюе сітуацыю з інвазійнай раслінай. Спецыялісты сочаць не толькі за выкананнем мерапрыемстваў па яе знішчэнні, але і за тым, каб юрыдычныя асобы і людзі не высаджвалі баршчэўнік для азелянення, то-бок, не займаліся інтрадукцыяй (распаўсюджваннем). Парушальнікі могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці — штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.