Вы тут

Песні ў люстэрках, маланкі і рэтра: якім будзе другі паўфінал «Еўрабачання»


Сёння а 22 гадзіне ў Тэль-Авіве пачнецца другі паўфінал «Еўрабачання-2019». У ім на музычны рынг выйдуць прадстаўнікі 18 краін, а гледачы пераканаюцца, што бачылі і чулі яшчэ не ўсіх фрыкаў сёлетняга шоу.


Хто, як і пра што будзе спяваць, чытайце ў аглядзе «Звязды».

Арменія, Србук — Walking Out

Србук Саргасян 25 гадоў, яна поп- і соўл-спявачка, якая займаецца вакалам з дзіцячага садка, і на сёння — адна з самых папулярных артыстак у сваёй краіне.
Яе конкурсная песня пра каханне і здраду, а нумар — экспрэсіўнае спалучэнне чорнай вопраткі і вогненнай піратэхнікі, а таксама эфектаў разбітага шкла на экране і падлозе.

Ірландыя, Сара Мактэрнан — 22

Маладая мама Сара Матрэрнан выхоўвае 2,5-гадовую дачку і выступае ў родным графстве Клэр на вяселлях, не толькі спяваючы, а таксама граючы на скрыпцы, гавайскай гітары, фартэпіяна і вістле (ірландскай жалейцы).

Нумар імітуе пасядзелкі за барнай стойкай: Сара прыгожа сядзіць і ляжыць, танцоркі паказваюць страсці. Пры чым тут 22? Гэта проста нумар дома маладога чалавека, пра якога ідзе гаворка ў песні.

Малдова, Ганна Адабеску — Stay

Джазавую спявачку Ганну некаторыя могуць памятаць па «Славянскім базары ў Віцебску-2016», дзе артыстка ўзяла 2-ю прэмію. Зрэшты, у яе ёсць яшчэ мноства нацыянальных і міжнародных прэмій.

Конкурсная песня Ганны — пра пачуцці, а на сцэне артыстка выступіць разам з мастачкай пясчаных карцін, сюжэты якой будуць транслявацца на вялікі экран.

Швейцарыя, Лука Хені — She Got Me

У 5 гадоў ён сеў за барабаны, у 9 — за фартэпіяна і гітару, а пасля школы нечакана пайшоў вучыцца на каменшчыка. І толькі ў 17 год, калі нечакана выйграў нямецкую версію шоу Pop Idol і атрымаў прыз у 500 тысяч еўра, Лука сур’ёзна заняўся музычнай кар’ерай. 

Два гады таму ён выйграў яшчэ і нямецкае танцавальнае шоу, і, мабыць, таму ў конкурсным нумары для «Еўрабачання» спалучыў энергічныя «брудныя танцы» і спевы з усходнімі элементамі.

Латвія, Carousel — That Night

Індзі-поп-гурт, у якім гучыць дзявочы голас, гітара, кантрабас і бубны, быў утвораны ў 2015 годзе і спачатку меў іншую назву. 
Са сцэны «Еўрабачання» калектыў будзе заклікаць «каханне на ўсю ноч», а само выступленне зроблена ў рэтра-стылі з эфектам старой пацёртай кінастужкі, месцамі засвечанай.

Румынія, Эстэр Пеоні — On a Sunday

Румына-канадскую спявачку насамрэч завуць Аляксандра Крэту, але папулярнасць яна здабыла менавіта пад сцэнічным псеўданімам. Вучылася ў кансерваторыі па кампазіцыі і джазавай секцыі, праз YouTube была заўважана і запрошана на тэлебачанне, а потым выйграла нацыянальны адбор. 
Конкурсны нумар Румыніі даволі змрочны, як і настрой песні: «Каханне можа стаць вельмі небяспечным, калі аддаеш яго не таму чалавеку».

Данія, Леанора — Love is Forever

Леаноры Колмар Джэпсен 20 гадоў, а ў яе скарбонцы ўжо мноства ўзнагарод спаборніцтваў... па фігурным катанні. Праўда, сёння яна ўжо не катаецца сама, а выступае трэнерам і харэографам, а паралельна займаецца другой любімай справай — музыкай.

Песня артысткі прагучыць на дацкай мове (упершыню больш чым за 20 гадоў!), а таксама французскай і нямецкай, і раскажа пра каханне — прынамсі такое, якім уяўляе яго юная дзяўчына. На сцэне будуць вялізнае сіняе крэсла, а яшчэ аблокі, сонейка, мульцяшкі і дзіцячыя малюнкі. 

Швецыя, Джон Лундвік — Too Late for Love 

Джон Хасім Лундвік нарадзіўся ў Лондане, але ва ўзросце аднаго тыдня быў усыноўлены шведскай парай і ніколі не бачыў сваіх біялагічных бацькоў. Ён доўгі час займаўся лёгкай атлетыкай і выйграў некалькі медалёў у бегу на 100 метраў. А яшчэ ён піша музыку — для сябе, для кіно і нават для каралеўскага вяселля! Песня, зробленая ў якасці падарунка шведскай прынцэсе Вікторыі, прагучала ў 2010 годзе і зрабіла свайго аўтара знакамітым.

Усмешлівы цёмнаскуры спявак і каларытныя бэк-вакалісткі ў бліскучых касцюмах — традыцыйны рэцэпт поспеху ад Швецыі, які чамусьці спрацоўвае толькі з гэтай краінай. Прынамсі, Джон — адзін з фаварытаў у букмекераў.

Аўстрыя, PAENDA — Limits

Пра спявачку Габрыелу Хорн, больш вядомую пад псеўданімам PAENDA, гавораць, што яе песні такія ж яркія і смелыя, як яе прычоскі. Прынамсі, песня для «Еўрабачання-2019» — пра тое, што толькі мы самі мусім задаваць сабе абмежаванні і рамкі і выходзіць за іх, не паддаючыся ціску грамадства.
Конкурснае выступленне Габрыелы цікавае светладыёднымі слупамі і эфектам левітацыі, а яшчэ тым, што паступова ператворыцца з чорна-белага ў каляровае.

Харватыя, Рока — The Dream

Рока Блажэвіч — чэмпіён краіны па хіп-хопу, акцёр мюзіклаў, а яшчэ ён умее граць на фартэпіяна і аргане. 

Конкурсную песню для маладога артыста напісаў харвацкі ўдзельнік «Еўрабачання-2017» Жак Хоўдэк, яна пра мары і чыстае каханне. На сцэне выканаўцы гэта пакажуць з дапамогай маляўнічых краявідаў і танцораў-анёлаў, якія прынясуць спеваку крылы.

Мальта, Мікела Пач — Chameleon

Дзяўчыне 18, яна вучыцца ў жаночай школе епіскапскай кансерваторыі, вывучае сацыялогію і біялогію і яшчэ летась марыла стаць зусім не эстраднай зоркай, а паліцэйскім дэтэктывам. Але тут выйграла мясцовае шоу «Х Фактар» і атрымала права прадставіць краіну на «Еўрабачанні».

У нумары спявачка ўваходзіць у вялікі белы пакой, дзе мільгаюць розныя фоны і праекцыі — то акіян, то пустыня, то сад. Гэты прыдуманы свет выходзіць з устаноўленых межаў і распаўсюджваецца на ўсю сцэну.

Літва, Юрый Вякленка — Run with the Lions

Юрый вырас у музычнай сям’і, але талент удасканальвае самастойна паводле «правіла 10 тысяч гадзінаў» — каб дасягнуць чагосьці сапраўды вартага, трэба патраціць на навучанне столькі часу.

На «Еўрабачанні» спявае пра перамогу над сваімі страхамі і пачуццё свабоды, калі ты выпускаеш пачуцці на волю і гатовы бегчы з ільвамі. Але львоў на сцэне не будзе, затое будзе шмат святла і жэстыкуляцыі на камеру.

Расія, Сяргей Лазараў — Scream

Спартсмен, акцёр, спявак, тэлевядучы, а яшчэ ўладальнік другога месца на «Еўрабачанні-2016», Сяргей зноў паспытае шчасця на конкурсе — нягледзячы на тое, што ягоную баладу Scream многія называюць нефарматнай.

У нумары артыста будзе дождж, навальніца, каметы і столькі Сяргеяў Лазаравых у люстэрках, што важна не заблытацца, дзе тут сапраўдны.

Албанія, Ёніда Малічы — Ktheju tokёs

За плячыма ў спявачкі — клас скрыпкі і гітары, ролі ў мюзіклах, выступленні на буйных фэстаў і 435 падпісчыкаў у Інстаграм.

Яе конкурсная песня прысвечаная эміграцыі — тэма, знаёмая і балючая для албанскай дыяспары. «Практычна ў кожнай сям’і ёсць хтосьці, хто пакінуў краіну, гэта вельмі складана для ўсіх нас, і мая песня — у тым ліку і асабістыя эмоцыі», — гаворыць спявачка. Сімвалам-заклікам вярнуцца да сваіх каранёў у яе нумары будзе вялізны арол.

Нарвегія, KEiiNO — Spirit in the Sky

Нарвежска-саамска-фінскі праект існуе толькі з мінулага лета, смела змешваючы поп- і фолк-музыку з электроннымі аранжыроўкамі.

«Фішка» песні, якая з павагай ставіцца да кожнага чалавека незалежна ад яго рэлігіі, нацыянальнасці ці полу, — ёйк. Гэта традыцыйны фальклорны спеў саамаў, у якім закладзены асаблівы рытм, пры гэтым словы, якія паўтараюцца ў спеве, часта могуць быць наогул пазбаўленыя сэнсу. 

Нідэрланды, Дункан Лоурэнс — Arcade

Другую частку свайго сцэнічнага імя артыст Дункан дэ Мор узяў у гонар сваёй маці Лаўрэнсіі. Толькі яна ды музыка выратоўвалі хлопца ў школьныя гады, калі з яго шмат здзекваліся. А вось песню артыст напісаў пад уражаннем гісторыі пра чалавека, які быў вельмі любімым, але памёр у маладым узросце, гэта гісторыя пра тугу, прагу чагосьці недасягальнага і надзею.

На сцэне не будзе адбывацца нічога надзвычайнага: артыст проста сядзе за міні-раяль на фоне начнога неба і яркіх лазераў.

Паўночная Македонія, Тамара Тадэўска — Proud

Тамара — дзіця з музычнай сям’і, яе тата прафесар Акадэміі музыкі, а мама — оперная спявачка. Выступаць разам з сёстрамі Марыянай і Разанай дзяўчына пачала яшчэ ў 6-гадовым узросце, а ў «Еўрабачанні» ўдзельнічала ажной тройчы — у 2008 годзе ў складзе гурта, у 2004 і 2014 — у якасці бэк-вакалісткі.

У нумары Македоніі, як і ў Расіі, будуць люстэркі — праўда, меншай колькасці, а яшчэ чорна-белыя фота на экранах. Песня Тамары прысвечаная моцным жанчынам, якія не баяцца заяўляць аб сабе на ўвесь голас і спраўджваць мары. «Давай, гучна скажы ім, што значыць стаяць з гонарам», — заклікае спявачка.

Азербайджан, Чынгіз — Truth

Чынгіз Мустафаеў вядомы па выступленняў на «Новай хвалі» і ўкраінскім шоу «Голас краіны», захапляецца іспанскай гітарай (нават стварыў уласны гурт, які грае ў стылі фламенка) і кунг-фу.

Але конкурсная песня ў яго далёкая ад іспанскіх страсцей, яна глыбока асабістая — пра таксічныя стасункі і здрадніцтва. А ўвасабленне вельмі тэхналагічнае: у выканаўцы будзе дзве «штучныя» рукі робатаў, замена жывога сэрца на біянічнае і ператварэнне чалавека ў прамень... Гэта насамрэч эфектна.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота eurovision.tv

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.