Вы тут

26 прэтэндэнтаў паспаборнічаюць за хрустальны мікрафон «Еўрабачання»


Сёння ў выставачным комплексе Тэль Авів Экспа пройдзе фінальны канцэрт «Еўрабачання-2019». Удзел у ім бяруць 26 краін: па 10 найлепшых з кожнага паўфіналу, краіна-гаспадар конкурсу Ізраіль і «вялікая пяцёрка» — Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Італія і Францыя. Паводле жараб’ёўкі і расстаноўкі прадзюсараў конкурсу, якія пастараліся пазбегчы аднастайнасці і зрабіць шоу як мага больш відовішчным, пад нумарам 1 на сцэну выйдзе спявачка з Мальты, а апошнім выступіць прадстаўнік Іспаніі. Нумар 13 дастаўся Грэцыі. Беларуска ЗЕНА — пад нумарам 19.


На адкрыццё шоу запрошаны былыя ўдзельнікі «Еўрабачання» Верка Сярдзючка, Монс Зелмерлёў і Элені Фурэйра, актрыса Галь Гадот, вядомая па ролі Цуда-жанчыны ў аднайменным коміксе. Ну і, безумоўна, публіка з нецярпеннем чакае Мадонну — але гэта спявачка спецыяльны і дарагі (коштам больш чым 1 мільён еўра) госць шоу, таму за яе, нагадаем, галасаваць нельга, нават калі вельмі хочацца.

Калі дваццатку паўфіналістаў гледачы ўжо бачылі раней і зрабілі высновы, хто чаго варты, то 6 удзельнікаў, якія, што называецца, атрымалі залік «аўтаматам» і прайшлі адразу на фінішную прамую, могуць — ды што там, збіраюцца — здзівіць і ўразіць. І «Звязда» раскажа, чым менавіта.

Германія, S!sters — Sister (№ 4)

Насамрэч, канешне, Карлота Трумэн і Лаўра Кестэль зусім не сёстры, а самастойныя артысткі, якія аб’ядналіся ў дуэт спецыяльна для конкурсу. Карлота выступае... трымайцеся, з узросту ў 1,5 гады, а ў 10 запісала свой першы сінгл. Лаўра, напалову філіпінка, пачынала са спеваў кулінарных рэцэптаў у тэлешоу, потым працавала бэк-вакалісткай з вялікімі зоркамі, а цяпер піша першы сольны альбом.

Што да песні, яна пра яднанне жанчын і супраць дэвальвацыі ўласнай самаацэнкі. «Свяці, як гарадскія агні, і не спрабуй гэта схаваць, сястра, ведай, што я з табой», — звяртаюцца дзяўчаты да ўсіх прыхільніц эманспіпацыі.

Ізраіль, Кобі Мерымі — Home (№ 14)

27-гадовы Кобі скончыў курс вакала і тэатральнага майстэрства, але, каб забяспечваць сябе, працаваў то касірам у кінатэатры, то хостам у бары. Падчас слжбы ў арміі, спрабуючы трапіць у Тэатр узброеных сіл, ён скінуў 50 лішніх кіло. І толькі сёлета зімой выйграў рэаліці-шоу «Узыходзячая зорка» і імгненна стаў папулярным.

Песня артыста — «душэўная балада пра пошук месца, дзе тваё сэрца будзе спакойным — пра пошук дома». І гэта будзе ўжо трэці нумар з люстэркамі на сёлетнім «Еўрабачанні».

Вялікабрытанія, Майкл Райс — Bigger Than Us (№ 16)

У дзяцінстве з-за захапленняў спевамі аднагодкі дражнілі Майкла. Таму, выйграўшы летась у музычным шоу ВВС, ён скарыстаў сваю папулярнасць для барацьбы з булінгам у школах. А на прызавыя грошы звазіў сям’ю ў Дыснейленд і адкрыў уласную вытворчасць вафель і малочных кактэйляў — вось такі з усіх бакоў станоўчы хлопец.

На конкурсе ён прадставіць чарговы нумар з «касмічнай» графікай і песню з добрым пасылам пра тое, што любоў змяняе свет да лепшага.

Францыя, Білял Хасані — Roi (№ 21)

Сёлетні прадстаўнік Францыі — спявак мараканскага паходжання, які любіць Р’нБ’ і дыснееўскіх прынцэс, вядзе відэаблог для амаль 800 тысяч падпісчыкаў, выпусціў сёлета дэбютны альбом і ўжо некалькі гадоў актыўна падкрэслівае сваю нетрадыцыйную арыентацыю і паслядоўна судзіцца з усімі, хто абражае яго з гэтай нагоды.

На «Еўрабачанні» артыст выступіць у суправаджэнні дзвюх балерын, вельмі поўнай і вельмі худой, каб паказаць, што кожны чалавек у нечым «самы», і каб адчуваць сябе каралём, не трэба адпявадаць ніякім стандартам. І, дарэчы, доўгія белыя валасы, якімі Білял эпаціруе публіку — гэта парык.

Італія, Махмуд — Soldi (№ 22)

Калі хлопчык, сын егіпцяніна і італьянкі, быў яшчэ маленькім, бацька сышоў з сям’і. І вось цяпер сын вырашыў падзяліцца блем ад даўнішняй здрады блізкага чалавека — у песні ёсць радкі «ён п’е шампанскае ў Рамадан і пытаецца, як у мяне ідуць справы... у адзін дзень ты сыйдзеш з дома — скажы мне, калі ты проста думаў пра грошы».

Уявіце сабе, менавіта гэта песня перамагла на фестывалю Сан-Рэма-2019 — і сабрала 8 мільёнаў (!) праслухоўванняў за тыдзень. Нумар жа абяцае запомніцца адмысловымі танцамі, рытмічным плясканнем у ладкі і выявамі палаючых грошай.

Іспанія, Мікі Нуньес — La Venda (№ 26)

Хлопец вывучаў педагогіку ў Барселоне і бізнес-адміністраванне ў Лос-Анжэлесе, а вось музыку доўгі час успрымаў як пабочнае захапленне, хоць і стварыў са школьнымі сябрамі кавер-бэнд. А яшчэ ў адзін цудоўны момант ён здолеў узяць сябе ў рукі і скінуць 20 кіло, таму конкурсная песня — пра пераадоленне сябе самога, каб стаць тым, кім насамрэч хочаш — яму вельмі блізкая.

Нумар вылучаецца адмысловымі дэкарацыямі (на сцэне ўсталяваны схематычны дом), танцуючым пудзілам і тым, што, пакуль аператары будуць здымаць спевака, Мікі будзе здымаць гледачоў.


На дадзены момант прагнозы букмекераў выглядаюць наступным чынам: стаўкі на перамогу Дункана Лоўрэнса з Нідэрландаў прымаюцца з каэфіцыентам 1,6-1,8, то бок, ён лічыцца самым верагодным трыумфатарам. На другое месца ставяць Кейт Мілер-Хайдке з Аўстраліі, на трэцяе — Луку Хені са Швейцарыі, мяркуецца, што ў пяцёрку лідараў трапяць таксама швед Ён Лундвік і італьянец Махмуд, расіянін Сяргей Лазараў акажацца прыкладна на 6-м месцы, а беларуска ЗЕНА — на 21-м. Зрэшты, з прагнозамі на паўфіналы букмекеры сёлета ўжо не раз памыліліся, так што дакладнасць гэтых прадказанняў прыкладна такая, як у астралагічнага гараскопа. Так што прапануем глядзець шоу і проста атрымліваць задавальненне — а калі вас наогул не цікавіць «Еўрабачанне», то як след адаспацца пасля чарговага працоўнага тыдня і прачытаць, хто перамог, на сайце «Звязды» ў нядзелю.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота eurovision.tv

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.