Вы тут

Выйшаў зборнік паэтычных твораў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны


У серыі «100 вершаў» выдавецтва «Мастацкая літаратура» — новая кніга: зборнік паэтычных твораў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны.


Сапраўднай анталогіяй болю, драматычных падзей, памяці пра гераічнае і трагічнае мінулае можна смела назваць зборнік «Памяці вечны агонь» (укладальнік — знакаміты сучасны паэт Віктар Шніп). Сто твораў, якія ўвайшлі ў кнігу, — адлюстраванне думак, болю, памкненняў, якія кіравалі свядомасцю, сардэчнымі перажываннямі народа Беларусі, нашых дзядоў і прадзедаў. «Мы хадзіць вучыліся, калі/ На граніцы роты заляглі./ Ад цямна шалела да цямна/ Кулямі і бомбамі вайна./ Нас не песціў калыханкай час./ Забівалі і палілі нас», — чытаем у вершы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Карызны «Мы родам з вайны». Уся Беларусь, уся наша Айчына — родам з Вялікай Айчыннай...

У кнізе — вершы, якія можна лічыць гонарам беларускай паэзіі: «У стоптаным жыце» Міколы Сурначова, «Сланечнік з прабітай галавой» Анатоля Вялюгіна, «Балада аб чатырох заложніках» Аркадзя Куляшова, «Трасцянец» Уладзіміра Караткевіча, «Балада пра мінёраў» Генадзя Бураўкіна, «Бацьку» і «Партызанскі ўрок» Рыгора Барадуліна... Выдатна, што кніга выйшла да Дня Вялікай Перамогі. Несумненна, яе варта ўзяць у рукі ўсім, хто рупіцца пра выхаванне ў моладзі, падлеткаў паважлівых уяўленняў пра гераічнае мінулае нашай краіны, пра лёс Беларусі як аплоту міралюбства і сцвярджэння ідэалаў дабрыні, справядлівасці.

Ілюстрацыямі да кнігі «Памяці вечны агонь» служаць карціны мастакоў Івана Ахрэмчыка, Леаніда Дударэнкі, Мікалая Казакевіча, Альгерда Малішэўскага, Арлена Кашкурэвіча, іншых творцаў, якія намалявалі, выклалі свой мастацкі партрэт Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: «Мы родам з вайны...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.