Вы тут

На паляванне Ясь хадзіў, як заўсёды, з «Ніканам»...


...Кажуць, той, хто не мае «крузака» (дарагой, прадстаўнічай машыны), марыць яго купіць, хто мае — не ведае, як пазбавіцца (10–15 літраў бензіну на 100 вёрстаў гэта, згадзіцеся, шмат!).


Прыкладна тое ж і з фотатэхнікай: самы надзейны спосаб зарабіць на ёй — гэта прадаць... Што разумееш пасля, а спачатку (з досведу калег) шмат чытаеш, вучышся, сочыш за работай мэтраў, стараешся здымаць — прыроду, людзей...

І вось ім падчас здымкаў чаго не абяцаеш!.. «Птушачка» і «сыр» — мінулае стагоддзе. Цяпер, для таго каб выклікаць усмешкі, прапануюцца сапраўдныя галаваломкі. Адзін з фотамэтраў, напрыклад, прасіў: «Уявіце: вам казалі нешта важнае, а вы — не пачулі. Што будзеце рабіць?» — «Як гэта што? — не разумеў чалавек ці цэлая кампанія. — Скажам: прабачце, калі ласка. Паўтарыце яшчэ раз, бо мы не пачулі». — «А карацей — атрымаецца?» — пытаў калега.

І адказы, вядома ж, чуў, праўда, без чароўных слоў «прабачце» і «калі ласка» альбо нават па-нямецку ці па-французску...

«Не, найкарацей — па-нашаму, па-беларуску!» — сцвярджаў калега, тут жа вымаўляў бабуліна: «Га-а-а?!» і «лавіў» такія ўсмешкі!
Яны да сёння на здымках. І ў яго іх безліч!

У спадара Андрэя Феакцістава, трэба разумець, таксама, бо вершаў пра яго вавёрку (яна ж — векша... Не блытаць з белачкай) напісана вельмі шмат. Чытаем! А заадно выбіраем найлепшыя подпісы да здымка.

«Гэты звярок вывучае фотапастку, — піша спадарыня Раіса Ісакава з в. Сласцёны Чавускага раёна. — Адкуль я ведаю? Ды не мела неяк клопату — купіла сабе казу. Карміла і даглядала яе, звадзіла на спатканне да козліка, дзвюх козачак ад яе прыняла — бадзёрых, вясёлых і такіх памаўзлівых! Ну ніяк не адвучыць было ад мамчынай цыцкі! А прамарудзіш, мне сказалі, — малака не ўбачыш...»

«Інтэрнэт дапамог, — распавядае далей чытачка, — па яго падказцы пашыла я казе адмысловы ліфчык (два матузкі завязваюцца на спіне, два — на ашыйніку)... Выпусціла малых — яны вобцас да маці! І так, і сяк ды... ніяк: не могуць ні падступіцца, ні адступіць. Лялька, бачу, скок матулі на спіну. Я не зразумела, чаго? А яна, бачу, спрабуе зубкамі матузкі мае развязаць, каб дарвацца-такі да малачка... У вавёркі са здымка, напэўна, іншыя мэты?..»

Напэўна.

Але ж спачатку не пра іх. Найперш — і хочацца, і трэба пагадзіцца з сужэнцамі Астроўскімі з Мінска:

Найчасцей сядзім мы дома...

І тады нам невядома,

Што ў лесе, што ў полі,

Як жыве звяр’ё на волі?

Але ж добра, калі ёсць,

Той, хто ўбачыць 

прыгажосць

І пакажа іншым людзям,

Што дзе ёсць, 

было і будзе.

Ці, на думку мінчанкі спадарыні Любові Чыгрынавай, падыме з канапы, выцягне з дому,

бо тут, на здымку не загадка,

Тут — «чытаецца» намёк:

Калі штось 

не вельмі гладка,

Па настрой ідзі ў лясок.

А ўжо там, на думку спадара Юрыя Вінаградава з Докшыцкага раёна, чаго толькі не ўбачыш:

— Ой, вавёрка!

Прыгажуня!

Ты — як сонечны 

прамень!..

Зранку ўбачыў — 

не сумуеш,

Бо ўспамін — 

на цэлы дзень!

І сапраўды: мае чалавек рацыю! Спадзяемся, нашы чытачы не будуць пытацца, адкуль яна?.. Іх (як і вавёрку), паводле спадарыні Ісакавай, займае іншае:

Што за цацка тут такая?

І каго ж яна чакае?

...Хутка цяміць акрабатка:

Вой,

дык гэта ж фотапастка!

Грэх яе тут пакідаць —

Трэба ў дупло забраць.

У гаспадарцы, як вядома, усё можа спатрэбіцца. А вось для чаго? На здымку, паводле спадара Вінаградава:

ХХІ стагоддзе

І бландзінкі 

на прыродзе —

То з бярозкі, то з асінкі

Яны робяць 

сэлфі-здымкі...

Трэба разумець, забаўляюцца, прычым — па-сучаснаму, бо, як лічыць спадар Матошка з Расоншчыны:

Вось і ў лес прыйшоў 

прагрэс:

У вавёркі інтарэс,

Каб забаву мелі дзеткі,

Фоткі выкласці ў «сеткі»,

Хай калегі і сябры

Лайкі ставяць у бары.

Колькі іх будзе, ніхто не ведае, бо «з малога раўчука пачынаецца рака» і з драбязы, на думку спадара Вінаградава, свая, уласная справа:

Рыжая гарэзніца

Па ствалах гуляла,

На яліне камеру

Неяк адшукала...

Ёй цяпер

дазвол бы ўзяць:

Можна бізнес адкрываць.

А вось наколькі сумленны — ёсць пытанне (у спадарыні Ісакавай). І нават не адно:

Куды вясной 

мядзведзь хадзіў?

Ліса

з кім абдымалася?

І адкуль гэта сава

Дамоў адна вярталася?

...Фотапастка —

вам скажу —

Просты шлях 

для шантажу.

А найперш, як лічыць спадар Віктар Сабалеўскі з Узды, — сродак для выхавання:

Парк Чалюскінцаў вітае

Тых, хто ўмее адпачыць!

А вавёрачка здымае,

Каго трэба «палячыць»:

Там віно п’юць 

падшыванцы,

Там цюльпан 

зрывае дзед,

Каб яго ўручыць 

каханцы...

Дзіўны гэты белы свет!

Што праўда, тое праўда: ён нават дзівосны! На такі — глядзеў бы і глядзеў, бо колькі таго жыцця?! Многія не паспяваюць нават дрэва пасадзіць, а вось нашкодзіць ды насвінячыць...

«На заслужаны адпачынак я выходзіў даўно, — прыгадвае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — Тады ў нашым Пастаўскім лясгасе толькі пачыналі з’яўляцца відэакамеры для выяўлення пажараў. Фотапасткі з’явіліся пазней, але ж я ведаю, што яны аснашчаны спецыяльнымі датчыкамі, якія бесперапынна рэагуюць на рух: варта ім спрацаваць, — на камп’ютар у лясніцтве або на мабільны тэлефон супрацоўніка паступіць адпаведны сігнал, а значыць, да браканьераў ці парушальнікаў парадку накіруецца лясная ахова».

 

Адкуль рыфмаванае (ад спадара Дзяніса Андросіка з Узды):

У лясгасе

пад Мар’інай Горкай

Ёсць у штаце

фатограф-вавёрка:

Не касых,

не рагатых здымае, —

Тых,

хто смецце 

паўсюль раскідае...

Бачыў сам,

бо хадзіў па ўзгорках:

Чыста ў лесе

пад Мар’інай Горкай!

Хоць недзе... Гэта, згадзіцеся, добрая навіна! Яшчэ адна — ад спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка:

Можна верыць 

ці не верыць —

Шмат хто ў лесе 

браканьерыць:

То страляюць, 

то «балююць»...

Ды й на іх цяпер 

палююць:

Глянь — вавёрка мае ўжо,

Няхай фота — ды ружжо!

Пытанне (у спадара Мікалая Камароўскага з Оршы), якое — канкрэтна?

«ФЭД», «Зеніт», 

а можа, «Зоркі»?

Што ж спадручней для вавёркі?

Хоча якасна здымаць, —

Лепш са «Змены» 

пачынаць.

Напэўна ж, было? Бо згаданую тэхніку цяпер хіба ў музеях знойдзеш, ці недзе ў кладоўках — далёка зайшоў прагрэс:

Бач, вавёрка ўжо здымае,

Што, дзе робіцца ў лясах...

Хто парадак парушае,

Нарываецца на штраф.

Альбо (на думку спадара Валерыя Гаўрыша) — на так званыя медныя трубы:

Лес вясновы,

лес сасновы...

І прыбор там нейкі новы?

Глянуць

скокнула гімнастка:

— Што такое? 

Ці не пастка?

Аб’ектыў між тым — 

адкрыты,

Вось і стала знакамітай.

Ну як жа — здымак у газеце... Тысячы людзей яго ўбачылі, сотні — падумалі, што б гэта значыла, дзясяткі — яшчэ і напісалі... (Асобныя, праўда, забыліся на розніцу ў нашай мове паміж вавёркай і «белкай» (яна ж — белая гарачка.)) Успомнілі хіба сужэнцы Астроўскія:

Людзі круцяцца наўкола,

Як вавёрачкі ў колах...

(Хто — ля пляшачкі 

з гарэлкай, —

Рызыкуе аж да «белкі»

Ў хуткім часе 

«дакруціцца»)...

Ну а векшы — 

працаўніцы,

Прыгажэй — 

не адшукаць!

Значыць, 

трэба іх здымаць:

Без адкладу, без гаворкі,

Бо вавёркі — фотазоркі!

Хто б спрачаўся, — мы не будзем. Слова хіба што спадару Аляксандру Матошку: «Звярок на здымку атрымаўся ўдала! Але ж, калі прыгледзецца, то кадр — з так званых пастановачных...» Што іншымі словамі:

Андрэю веры я не даў —

Хітруе трохі Феакцістаў:

Вавёрцы семечкі паклаў

Таму і здымак 

выйшаў чысты!

Амаль пра тое ж радкі спадарыні Чыгрынавай:

На паляванне 

Ясь хадзіў,

Як заўсёды, з «Ніканам»:

І вавёрку пакарміў,

І заданне выканаў!

Трэба разумець, што «Нікан» — то-бок фотаапарат — у Яся быў не адзін: адзін — застаўся на дрэве. Чаму? Радкі без подпісу:

На паляванне 

Ясь хадзіў,

З сябрамі, 

як заўсёды, піў —

Забыўся фотаапарат...

Вавёрчын муж —

глядзіце — рад:

Здымаць ён будзе 

не людзей,

А розных там

лясных... дзяўчат.

І пры гэтым — ну вельмі старацца, бо зараз, дзякуючы знаходцы, апынуўся, можна сказаць у нейкім паўкроку ад новай цікавай работы, на думку спадарыні Гудачковай, цяпер прамаўляе:

Хоць малы я, 

ды вяртлявы —

Што не здымак — 

то ўдалы!

Маю добры апарат...

Ну, вазьмі, «Звязда», 

у штат!

Ёсць над чым падумаць, бо яно ж і сапраўды:

Звер старанны, 

вельмі жвавы —

Яму ўсё вакол цікава:

Дзе грыбы,

арэхі,

семкі?

«Аблятае» сосны-елкі,

Усё дамоў сабе цягае

І бязбедна пражывае...

Ён падобны — 

ну, не іначай —

Да людзей, 

што маюць дачы.

Грэх не згадзіцца з сужэнцамі Астроўскімі і не працытаваць яшчэ два лісты:

«...Глянуў на здымак, — піша спадар Мікалай Старых з Гомеля, — і адразу прыгадаў эпізод з мультфільма пра насельнікаў Прастаквашына. Помніце: Шарык, якому падарылі фотаружжо, скардзіўся, што ўвесь дзень бегаў за зайцам, каб сфатаграфаваць... На што кот Матроскін слушна заўважыў: «Цяпер ты будзеш дзень бегаць, каб фатаграфію аддаць».

У працяг — наступныя радкі:

З фотастрэльбай

Шарык днямі

Ў лесе гойсаў за звярамі

І... нікога не дагнаў —

Толькі лапы пазбіваў.

Кот Матроскін даў параду:

«Лепей ты зрабі засаду.

Паглядзець 

на "цуда-вока"

Прыбягуць 

звяры здалёку».

Гэта — як закон, бо яны і праўда вельмі цікаўныя, а галоўнае — ёсць... Як і заклік ад спадарыні Гудачковай:

...Наталяцца каб красою

Ў лясах, а не на здымках,

Беражыце ўсё жывое:

Лік — пакуль — 

не на адзінкі!

Вось на гэтай кранальнай ноце і закончыць бы чарговы агляд. Але ж трэба падвесці вынікі, а значыць, нагадаць, што на мінулым здымку (гл. нумар «Звязды» за 24 студзеня) было красамоўнае папярэджанне (сярод зімы): «Асцярожна! Праводзіцца касьба».

Найлепшыя радкі пра яе, паводле вялікага чытацкага журы, напісалі спадарыня Любоў Чыгрынава і сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадары Аляксандр Матошка з Расоншчыны, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка і Валерый Гаўрыш з Чавусаў.

З гэтым, апошнім, меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае, таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на другі квартал 2024-га накіроўваецца ў Чавусы.

Фота Лізаветы ГОЛАД

Хочаце, каб найстарэйшая і «родная газета на роднай мове» пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас, тады варыянтаў два: першы — своечасова аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс і...

Шанс на перамогу мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі на гэты раз строгага конкурснага адбору. Затое ў наступны...
Пішыце! Свет захаваўся, таму што смяяўся. І думаў.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.