Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. Дарагі падарунак


Лепей драўляная згода, 

чым залатая сварка

Паводле аналогіі з бессмяротнымі «кролікамі» ад Данільца і Маісеенкі можна сказаць, што яйкі — гэта не толькі лёгка засваяльныя селен ды кальцый, не толькі добры сняданак, але і...

Трэба па парадку.

Неяк раз мне спатрэбілася тэрмінова пад’ехаць да бацькоў. Білет на цягнік з горам папалам я ў Мінску ўзяў, да райцэнтра даехаў, а да вёскі — ніяк: апошні аўтобус сышоў, першы — будзе раніцай... Так што мусіў я папрасіцца на начлег. Да каго? Да кумы маёй старэйшай сястры. Радня гэта, можна сказаць, ніякая: дзясятая вада на кісялі, але ж мяне прыняла, пачаставала, адвяла канапу, што стаяла ў праходзе з кухні ў вялікі пакой. Я ўладкаваўся, абняў падушку і нават прыснуў, як раптам...

З-за чаго ўспыхнула сварка, спрасонку не зразумеў, але ж бачыў, што муж з крыкам носіцца за жонкай (дзякуй богу, міма «маёй» канапы), жонка — за ім, над галовамі ў абодвух нешта лётае...

Да табурэтак — на шчасце — справа ў гаспадароў не дайшла, а вось да яек яны дабраліся. А паколькі тыя ляжалі ў халадзільніку, каля дзверцаў пачалася сапраўдная вайна: «агрэгат» пераходзіў з рук у рукі; той, хто ім завалодваў, паспяваў дастаць хоць некалькі яек і запусціць у «ворага».

...Не магу сказаць, што скончылася раней — яйкі ці сілы ў праціўнікаў, але ж у кватэры пацішэла, я задрамаў, потым, як толькі развіднела, падаўся на вакзал і, напэўна, пра ўсё забыўся б, але...

Быў час: лавачку каля нашага пад’езда — і сапраўды ўтульную, абсаджаную дэкаратыўнымі кустамі — аблюбавалі мясцовыя п’яніцы. Мала таго што бабулі днём там прысесці не маглі, дык яшчэ і па вечарах стаяў там сапраўдны гармідар: шум, крык, смех, і нават да мардабою справа даходзіла.

Жыхары дома (а найперш пад’езда) скардзіліся, выклікалі ўчастковага, ваявалі з гэтай навалай і, здаралася, перамагалі, але... Тыдзень-другі — ад сілы месяц — і ўсё пачыналася спачатку.

...У адну з такіх «вясёлых» начэй мне і прыпомніўся начлег у кумы. А далей (паўтараць свой «подзвіг» не раю нікому!) — як устаў, узяў з халадзільніка яек, падышоў да акна — кінуў адно ўніз.

Разбілася яно акурат пад ліхтаром, у цэнтры «тусоўкі». І сказаць, што напалохала, мусіць, мала, бо першы «снарад» кампанія прыняла за пачатак бамбёжкі. Усе разбегліся па баках, пазадзіралі галовы наверх, на вокны дома, а ўрэшце — найсмялейшыя падбеглі да лавачкі, нешта ўхапілі там, і ўсёй кампаніяй рушылі прэч. Больш каля свайго пад’езда мы іх не чулі-не бачылі: канфлікту як не было! А калі ў нейкіх іншых сем’ях ці калектывах варажнеча здараецца — находзіць каса на камень, — згадзіцеся, неяк недарэчна ёю размахваць ды імі кідацца. Не тое цяпер стагоддзе.

Іван Гаральчук,

г. Мінск.


Дарагі падарунак

Хто пра што: босы пра лапці, а я дык пра сваю любімую шкодную звычку...

Некалі даўно, у далёкія ўжо васьмідзясятыя, усе тытунёвыя вырабы (і каб толькі яны!) прадаваліся выключна па талонах. Установа, дзе я працаваў, была пераважна жаночай. Таму нам, курцам, яшчэ нядрэнна жылося: супрацоўніцы-жанчыны (а тады іх з цыгаркамі мала хто бачыў, моды не было), адмаўляліся ад сваіх талонаў на карысць (?) мужчын.

Але ж гэта — да пары, а потым... Сабрала нас старшыня прафкама і патлумачыла, што дома ў нашых жанчын ёсць свае курцы; значыць, талоны трэба дзяліць пароўну, па «норме»... (У мяне, помню, было ўражанне, што яна, тая норма, разлічана хіба на тых, хто з курэннем хацеў «завязаць», а мы ж — нават не збіраліся...)

Іншымі словамі, змрочныя насталі часы — выкручваліся хто як мог: «стралялі» цыгарэты ў такіх жа «стральцоў», шукалі спекулянтаў, здаралася, падымалі «бычкі»...

А тут — водпуск, лета, вёска, ліпы цвітуць... Здавалася б, дыхай ды радуйся! Аж не: смуроду хочацца — ды так… Успомніў, што на нашай вуліцы на лаўцы некалі дзед Рыгор пастаянна сядзеў, што ў яго зубах (дакладней — губах, бо ў 90 зубоў не было) нязменна дыміла люлька. Самасад чалавек курыў... І дакурыўся: памёр, казалі. Значыць, табакай больш не пачастуе. Хіба на тым свеце ўжо?..

На гэтым — можна было б на рэчку пайсці. Але што за рыбалка без цыгарэт?! Ды і чым камароў адганяць, як не дымам?

Думаю так і бачу, што сусед — Вацік — на сваю лаўку масціцца, мяне запрашае. Павіталіся... Я падсеў і давай пра «лапці» яму гаварыць, то-бок пра талоны.

Ён мяне ўважліва слухае ды пасміхаецца (ажно рот да вушэй!). «Я, — кажа, — гэтую праблему вырашыў. Мне ад бацькі насенне перапала, градку тытуню пасадзіў... А "вытворчасць" самакрутак яшчэ малым асвоіў. Вось, паглядзі»...

Першую казіную ножку сусед мне сам з газеты скруціў. Разам засмалілі, пасядзелі, пагаманілі... На развітанне ён папытаўся, колькі тых талонаў на месяц даюць, і, пачуўшы адказ, падарыў мне паўлітровы слоічак табакі, а да яе — цэлы стосік папяровых прамавугольнічкаў.

...Калі добра пашукаць, дык яны, можа, і сёння недзе ляжаць? Як напамін — пра досыць дарагі падарунак.

Мікалай Камароўскі,

г. Орша.


Па шкарпэткі,

альбо Міна — зусім не міна...

Гэта было даўно, у далёкія ўжо пасляваенныя...

Поўным ходам ішло будаўніцтва разбураных гарадоў і спаленых вёсак, аднаўленне народнай гаспадаркі... Нашаму Жыткавіцкаму раёну (і, напэўна ж, не толькі яму?) выпала ганаровая місія пастаўляць мясную прадукцыю ў горад Ленінград.

Па сённяшнім часе дык з гэтым няма ніякіх праблем: ёсць спецыяльныя рэфрыжэратары, дзе трымаюцца нізкія тэмпературы, дзе мяса можна захоўваць і добра, і доўга. 

А тады быў іншы парадак: кароў, бычкоў, цялят збіралі ў статкі, прыганялі на чыгуначную станцыю, «загружалі» ў спецыяльныя вагоны — везлі да станцыі прызначэння... І, вядома ж, пад наглядам адмысловых брыгад. У адной з іх працавалі два сябрукі — Янка і Міна.

Дык вось выбраліся яны ў чарговую камандзіроўку. Тут, у Жыткавічах, загрузілі жывёлу, давезлі да Ленінграда, там — як мае быць — здалі, купілі білеты дамоў. Да адпраўлення цягніка заставалася трохі часу, — пакіравалі ў гандлёвы дом, каб накупляць сабе цёплых шкарпэтак.

Дзе канкрэтна яны прадаюцца (магазін вялізарны), сябрукі не ведалі. А таму, каб хутчэй знайсці, яшчэ на ўваходзе вырашылі раздзяліцца: Міна пайшоў у адзін бок, Янка — у другі...

І трэба ж — непадалёк зусім наткнуўся на патрэбны аддзел: шкарпэтак — хоць заваліся!

— Міна, Міна, давай сюды! — загукаў з той радасці.

...Што вакол пачалося, сцяміў не адразу: людзі стрымгалоў рванулі да выхаду, паверх апусцеў, аднекуль, як з-пад зямлі, выраслі міліцыянты. Міну, які крочыў на покліч сябра, яны рашуча заступілі дарогу:

— Стой! — крычаць. — Туды нельга! Там міна!

— Не, хлопцы, — стаў даводзіць ім паляшук. — Міна — гэта я... Магу вам дакумент паказаць! Вось, трымайце!

Пераканаўшыся, што чалавек не хлусіць, міліцыянты (камень з душы!) так шчыра, так гучна рассмяяліся, што да іх — ледзь не адразу ж — падцягнуўся асмялелы народ, прадавачкі занялі свае месцы за прылаўкамі, і Міна з Янкам змаглі накупляць шкарпэтак — з прыгодамі, але без чаргі.

Васіль Пяшэвіч,

в. Юркавічы, Жыткавіцкі раён.


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж.

Як сведчыць адмысловы слоўнік, некалі раней сярод асабовых уласных імён былі мужчынскія Міна (размоўнае — Мінук, Мінась) і Мінай. Ад іх адпаведна імёны па бацьку — Мінавіч, Мінаўна, Мінаевіч, Мінаеўна... Прыгожа, праўда? 

Аднак наша моладзь (і не толькі яна), хутчэй за ўсё, ніколі не чула, што ёсць такія імёны. І дай бог, каб ніколі не зведала, што ёсць такія снарады...

А таму спадару Васілю Мікітавічу Пяшэвічу, вельмі даўняму і адданаму падпісчыку «Звязды», які пра іх нагадаў, які пра іх нагадаў, асобны дзякуй і асобнае «Добрага здароўя!»

Пішыце! Японская прымаўка: у дом, дзе смяюцца, прыходзіць шчасце.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.