Вы тут

Смех — гэта сонца: яно праганяе зіму з чалавечага твару


Хто б спрачаўся з Вікторам Гюго — мы не будзем, хоць бы таму, што ў адмысловым слоўніку да кароткага «смех» — даўжэзны пералік эпітэтаў. Там — ну вядома ж! — і дружны, і доўгі, і адчайны, і хрыплы... Ціхі, свабодны, шалёны, бязгучны, вар’яцкі, гамерычны, раскацісты... Усяго (ці паверыце?) пад сотню слоў!


На смех можна некага падняць і з яго ж — пакаціцца альбо паехаць!.. Можна яшчэ кіснуць, класціся, лопнуць, нават паміраць...Каб потым (ну згадзіцеся!) нібы ажыць, як пасля добрай лазні — у якую, што важна, ні табе ваду насіць, ні дровы паліць... Аніякіх затрат: нешта ўбачыў, пачуў, прачытаў, часам хвілін не патраціў, а ў памяці засталося — то на гады, то назаўжды... Як асобныя выпадкі з жыцця, як слоўкі нашых дзяцей, як любімыя тосты-анекдоты ці тыя ж (да гонару!) вершаваныя радкі да здымкаў звяздоўца Анатоля Клешчука (светлай памяці!). Першы з іх — з прапановай прыдумаць подпіс — «Звязда» надрукавала гадоў 20 таму. Трохі пазней — аб’явіла конкурс на найлепшы, стварыла журы, на кожным этапе вызначала і ўзнагароджвала пераможцаў, завочна (і нават «вочна») перазнаёміла аўтараў… Дрэнным заставалася адно: здымкі ды ўсе ўдалыя варыянты подпісаў друкаваліся раней, аўтары найлепшых (яшчэ і на думку чытачоў) называліся пазней... І толькі ў навагоддзе «пазлы» сыходзяцца. Такім чынам — выніковы агляд: увага на здымак, потым — на подпісы, а далей — усміхаемся, прыгажэем, маладзеем, здаравеем... Жывём! Не ведаеце, як? Не перажывайце: гэтага ніхто не ведае, а вось на добрае паспадзявацца трэба!

«Бедны Янка: у дом цягае ўсё, што жонка загадае...»

На верандзе ў Сярогі

Усюды рогі, рогі, рогі...

Распыталі, 

дзе ж ты ўзяў?

Гэтак многа!..

Як і ўлезла?

Той з пантамі адказаў:

Жонка з горада прывезла!

Сужэнцы Клімовічы

г. Мядзел


Ясь да бізнесу не здатны:

Абы грошы марнаваць!

Рогі ж можна мець 

бясплатна,

Калі жонцы волю даць!

Аляксандр Матошка

Расонскі раён


На адстрэл

лясных жывёл

Патрабуецца дазвол.

Ясь сказаў:

«А мне пляваць,

Магу і так папаляваць!»

І хадзіў...

Маскіраваўся!..

На рагах —

такі папаўся!

І цяпер больш

не палюе:

Недзе ў Комі лес пілуе.

Соф’я Кусянкова

Рагачоўскі раён


Алкаголь здароўю 

шкодзіць?

Ды як вып’еш, — 

весялей.

Рогі, кажаце, не ў модзе,

Але ж з імі — 

нейк смялей!

Эльяш Банель

г. Мінск


Ў жонкі спраў —

заўжды па вочы

Падмагчы сужэнец хоча:

Каб ёй клопат меншы быў,

Рогі сам сабе купіў.

Аляксей Цімошка

Валожынскі раён


Мой знаёмец барадаты

Нейкі час

хадзіў рагатым,

А затым

за паўлітроўку

Уступіў суседу жонку,

Сам

завёў яму дахаты:

Хай пабудзе й той 

сахатым.

Мікалай Старых

г. Гомель


«Порткі доўга праціраў Пеця ў кабінеце...»

Як настане 

дзень зарплаты, —

Хоць не ідзі ты,

брат, дахаты!

Жонка просіць справаздачу

Потым выявіць нястачу...

Адусюль

і як цыркачка,

Яна выцягне заначку.

Гэтым летам — быў замах:

Адшукала ў трусах.

Іна Алісевіч

Уздзенскі раён


Ані ноччу, ані днём

Не гуляў бы ты з агнём:

Не падлазіў да суседкі,

Бо здадуць бабулі-сведкі.

Любоў Чыгрынава

г. Мінск


Калі жанчына

па характары, —

За шчасце ў лес 

яе звазіць...

А ўжо на ровары 

ці трактары

Не прынцыпова 

можа быць.

Мікалай Камароўскі

г. Орша


Порткі доўга праціраў

Пеця ў кабінеце

Ён канторай кіраваў

У курортным месце.

Вочкі бачылі, што ўзяць

Ручкі заграбалі...

Мог бы 

й далей працаваць

Ды пад с... далі.

Аліна Войцік

г. Гродна


Многім збрыдзела 

спякота...

Ясь — не слухае ныцця:

Менш адзення — 

меней поту,

І ў жонкі менш мыцця.

Віктар Сабалеўскі

г. Узда


«Думаў, шчасце ў руцэ? Глянуў — трактар у рацэ!..»

Жонка клікнула: 

«Абед!»

Напрасткі рвануў Міхед:

У ваду, як чорт панёс!

Хоць паблізу —

добры мост...

Трактар — сеў,

абед — адклаўся.

...Хто б на працу 

так спяшаўся!

Валерый Гаўрыш

г. Чавусы


Галалёдзіца

як фактар:

Павяло

з дарогі трактар —

Напрасткі, па цаліку,

З горкі, 

носам у раку...

Трактарысту б 

век маліцца,

Што там 

мелкая вадзіца!

Аляксандр Матошка

Расонскі раён


Трактарыстам

пасля змены

Часам мора 

па калена:

Што начальства?!

Што ДАІ?!

Узяў на грудзі і гані...

Думаў, шчасце ў руцэ?

Глянуў — трактар у рацэ!

Сужэнцы Астроўскія

г. Мінск


У калгасе «Светлы шлях»

Справы сёння — 

проста швах:

Луг у студзені касілі,

Сп’яну трактар утапілі,

А вясной снягі сышлі, —

І ля берага знайшлі...

Калі добра пашукаць,

Можна і сеялку падняць.

Соф’я Кусянкова

Рагачоўскі раён


Сёння марыў Саша

Апынуцца

ў Дашы:

Прапанову ёй зрабіць,

Каб заўсёды 

разам быць...

Планы зблытала паводка:

«Беларус» жа

не падлодка.

Валянціна Гудачкова

г. Жыткавічы


На Каляды Ясь... 

купаўся,

Значыць, Новы год 

удаўся?

Мікалай Камароўскі

г. Орша

«Вася марыў жыць прыгожа: яхты, мора, падарожжы...»

Можа, нецвярозым

дзядзька сёння быў?

На лясную сцежку

ранічкай «прыплыў»...

Хіба ж выпадае

тут яго кідаць?

Трэба разам з лодкай

На буксір узяць.

Мікалай Старых

г. Гомель


Ну чаму з табою, дзед

Нам заўсёды 

столькі бед?!

Як цябе ў тваёй байдарцы

Перавезці ў іншамарцы?

...Дзед, каб мог, 

дык адказаў,

Але ж лыка не вязаў.

Соф’я Кусянкова

Рагачоўскі раён


Трое... 

Ўкуляцца ў байдарку...

Там, за дрэвамі, 

канал...

Каб да іх яшчэ аўчарку,

Быў бы новы серыял.

Валянціна Гудачкова

г. Жыткавічы


Вася марыў жыць прыгожа:

Яхты, мора, падарожжы

(ды яшчэ зімой — у лета),

Пляж, «музон», 

віно, кабеты...

Ёсць!

Рамантык той у лодцы!

Да вады прывезлі хлопцы:

Патрымаў вясло ў руках...

І адчуў, што справы швах.

Віктар Сабалеўскі

г. Узда


У дзеда — скварка,

У дзеда чарка,

У дзеда — новая байдарка!

Не праплыць, 

дык пасядзець...

Прыязджайце паглядзець!

Аляксандр Матошка

Расонскі раён

«На мастках — раней бывала, каб нырнуць, — чарга стаяла...»

Засмакталі многіх дачы —

Памідоры, агуркі...

Хоць на здымку ды пабачым

Як балдзеюць хлапчукі!

Іван Янкаў

г. Мінск


Што цяпер перажываць

За хрыбет ці шыю?

Можаш голаў адарваць —

З робата прышыюць!

Сужэнцы Астроўскія

г. Мінск


На мастках —

раней бывала,

Каб нырнуць, —

чарга стаяла...

Што ж цяпер?

Спякотны дзень,

А ў чарзе — хіба што цень.

Любоў Чыгрынава

г. Мінск


Юнацтва

бесклапотныя гады

Імклівай птушкай

адляцяць у вырай.

На жаль,

яны не вернуцца сюды,

Дзе сальта спрытна мог

круціць над вірам.

І толькі

фотаздымак у «Звяздзе»

Табе напомніць

пра былыя леты...

Імгненняў многа

прыйдзе ў чарадзе,

Няхай жа

не забудзецца і гэта!

Аляксандр Матошка

Расонскі раён


Трэба нешта дадаць? Тады…

Апошні (сёлета) агляд конкурснай пошты (а разам з ім і чарговы здымак) змешчаны ў нумары за 15 снежня, і першыя дзясяткі подпісаў пошта ўжо прынесла. А значыць, рубрыцы жыць! Паспрабуйце свае сілы. Уважліва паглядзіце на здымак (на сайце — «Калейдаскоп», «Хто каго?»), прыдумайце подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх — не больш за восем радкоў) і дашліце ў рэдакцыю. Шанц на выйгрыш (падпіску на «Звязду») мае кожны.

Ад яе ж тост не тост?

Не, няма ў тым бяды,

Што змяняюцца гады —

Сустракаць іх рады!

Хай сыходзіць год стары!

Хай прыходзіць малады,

Але ж хай... не га́дам!

Валянціна ДОЎНАР

Загаловак у газеце: Ня­хай жа фо­та­здым­кі ў «Звяз­дзе» ўсім на­пом­няць пра бы­лыя ле­ты...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.