Вы тут

Што цікавага ў новым нумары «Маладосці»?


У дзясятым нумары «Маладосці» — проза Ксеніі Зарэцкай, Ксеніі Дзівенка, Алеся Гомана, Віктара Варанца і Андрэя Сідарэйкі. З вершамі выступаюць Міхал Бараноўскі, Максім Крывіч, Дзіяна Траццяк, Васіль Зуёнак, Віктар Ярац і Іван Капыловіч. Рубрыкі «Знакі эпохі», «Інтэрв’ю» і «Літаратурны свет» адпаведна пазнаёмяць з запіснымі кніжкамі Уладзіміра Караткевіча, падрыхтаванымі да друку і пракаментаванымі Пятром Жаўняровічам, творчасцю маладога «кіношніка» Кірыла Халецкага і аглядам кнігі Жанны Міус, які зрабіла Алена Кісель.


Псіхалагічны стан робата, песня Дзеда-барадзеда і дзе чакаюць Тувэ? Ксенія Зарэцкая піша вершы і прозу. Апавяданне «Мяне там чакаюць» закранае шэраг вострых тэм: адносіны чалавека з самім сабой, у сям’і, у грамадстве; роля штучнага інтэлекту ў сучасным свеце, маральна-этычныя і сацыяльныя аспекты ўзаемадзеяння людзей і машын, адвечныя пытанні — любоў, каханне, вера, жыццё і смерць. Пейзаж бачыцца постапакаліптычным, відавочны падзел насельніцтва на прыхільнікаў суіснавання з робатамі і тых, хто вядзе актыўнае супраціўленне. Месца дзеяння — горад у глабалізаваным свеце, які складана ідэнтыфікаваць — «Стары» і «Новы» горад, бадай што, знойдзецца амаль у кожнай еўрапейскай сталіцы, хоць сабе і ў Мінску. Час дзеяння таксама складана вызначыць, аднак адзначаны момант, калі высокатэхналагічныя робаты масава замянілі людзей ва ўсіх сферах дзейнасці (у тэксце ужываецца выраз «Новы свет», верагодна, у дачыненні да наступнага храналагічнага перыяду).

Аднак, пра тое, што ў хранатопе мы не так далёка ад сучаснай Беларусі, можа сведчыць «Песенька Дзеда-барадзеда», якую Тувэ спявае Максу. Галоўная гераіня далучаецца да паўстання, выступаючы супраць панавання робатаў. Твор можна аднесці да так званай сацыяльнай фантастыкі, прыгадаўшы знакамітага на ўвесь свет Айзека Азімава. Аўтарка ўпісвае лёс адной дзяўчынкі ў межы магчымага відазмененага ў будучыні свету, канструюе рэчаіснасць, у якой добрая задума рэалізавалася не па плане. Ці працуюць занатаваныя законы робататэхнікі Азімава? Робаты служаць і дагаджаюць адным людзям, але шкодзяць іншым, калі гэта неабходна. Бракаваны робат, што вымушаны пераследаваць Тувэ, аказваецца надзвычай эмпатычным да яе (хаця праграмай гэта не прадугледжана), Ксенія Зарэцкая надзяляе чалавекападобную машыну пачуццямі да гераіні: «Майк упершыню баяўся будучыні. Быў гэты страх не такім, як у людзей: без сэрца ў трывозе, потных далоняў і згрызеных пазногцяў, але ён упершыню не мог скласці план на дзень. Не разумеў, як гэта зрабіць, калі Тувэ памрэ. Спачатку здавалася, што не будзе чым заняцца. Потым зразумеў, што без яе ўсе заняткі стануць руцінай, а не асалодай».

Гідронімы, жыццё навырост і гаспадар, якому належыць усё і нічога. Паэт, музейшчык, музыкант, знаўца спадчыны Максіма Багдановіча, атлет (шмат чаго добрага можна сказаць пра Міхала Бараноўскага). Міленіял міленіяла адчуе па першых радках... І аддаленае рэха мадэрністаў, і крыху прыглушаны грукат «Тазіка беларускага»... Я знаходжу эпіграф пад трыма зорачкамі — цытату з іспанскай мовы пісьменніка Мігеля дэ Унамуны, спрабую закінуць у перакладчык, той выдае наступнае: «сутнасць нашай мовы, якая не паддаецца перакладу». Чытаю верш-наследаванне, што спрэс да апошніх радкоў — назвы нашых рэк, а напрыканцы:

праз стагоддзі ляціць да нас

рэха забытых слоў

голас ціхне бяжыць вада

будучыні наўздагон

Наколькі неспасцігальна і музычна сёння гучаць старажытныя найменні, паходжанне якіх носіць у сабе па некалькі версій, а вада гэтых рэк — усю гісторыю і паданні роднага краю. 

«Жыццё навырост» — выдатная метафара для супярэчлівай эпохі адкрытых шляхоў і вялікіх магчымасцей, але штосьці пайшло не так. Для мяне Міхал Бараноўскі — паэт горада М — адзін з самых натуральных сучасных паэтаў-урбаністаў, пасажыраў адзінага ў Беларусі метро. 

Пятро Жаўняровіч упершыню публікуе выбраныя дзённікавыя запісы Уладзіміра Караткевіча за 1950–1969 гг. Запісныя кніжкі захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Матэрыял уключае і вершы, і меркаванні Уладзіміра Сямёнавіча пра літартуру і мастацтва, і трапныя выслоўі, пачутыя ад іншых, і з асабістага досведу. Напрыклад, аўтар знакавых «Каласоў» у пэўны момант вызначае, што геній — «гэта геній плюс дваццаць праседжаных нагавіц плюс высяленне з кватэры за нявыплату платы за электрычнасць». Тут шмат і пра важныя падзеі, так 27 сакавіка 1969 г. у Ялце запісвае: «Быў на магіле Багдановіча і ля доміка. Адвёз на магілу кветкі, наняў людзей дагледзець». Артыкул аздоблены копіямі старонак нататнікаў, дзе знойдуцца і малюнкі пісьменніка.

З чаго складаецца «Я». Ксенія Дзівенка ў эсэ разважае пра важныя чыннікі, якія паўплывалі на станаўленне яе як асобы. Вядучай у творы з’яўляецца антытэза дзяцінства і дарослага жыцця, дакладней, антытэза ўсведамлення сябе ў адзначаных перыядах. Першая частка — «Маці» — поўная настальгіі, яна пра любоў да сям’і і пра хрысціянскую веру. У другой — пад тытулам «Сяброўства» — развагі аб непазбежнасці сталення і горычы аддалення ад раней блізкіх людзей. «Вясёлка» — пра непаўторнасць уражанняў і адчуванняў дзяцінства: «Сутыкацца з сабой з мінулага — тое ж самае, што сутыкацца з незнаёмым дзіцем. На яго не накрычыш, яго не ўдарыш і не асудзіш. Таму ўспаміны толькі грэюць душу. Наш мозг ніколі не адважыцца сцерці самыя яркія моманты дзяцінства».

Самая маладая паэзія нумара прадстаўлена вершамі палачаніна Максіма Крывіча, дзе вобразы туманныя, быццам аўтар хоча апісаць пачуццё лексікай не са слоўніка, а падабраць да яго асацыятыўны шэраг. Падчас чытання не адступае трывога, напэўна, толькі на апошнім тэксце сыходзіць насцярожаная напружанасць. Супрацьлегласць — два вершы гарадзенкі Дзіяны Трацяк — якія дэкларуюць няспыннае развіццё асобы, што «жыццё праз учынкі ствараецца». 

Кароткае апавяданне Алеся Гомана «Першае пісьмо» кранальнае, чулае і трагічнае. Эпізод з часоў вайны — своеасаблівы рэквіем па мары, па шчасці, па будучыні. Твор лаканічны, але ёмісты, канцэнтравана эмацыянальны, у ім пульсуе невыноснасць чакання, страх таго, што нельга прадбачыць. Вясковая дзяўчына звыклася са свістам куль і выбухамі навокал настолькі, што перастала іх баяцца (можа падацца, што быць забітым на вайне можна толькі непасрэдна на перадавой, але не). Урэшце Алена атрымала пісьмо ад салдата Міколы Т., і першы ліст стаў апошнім. Толькі для каго?

У дачыненні да публікацыі «Пазнаць сябе самога» Васіля Зуёнка, мяркую, дарэчы даць слова мэтрам айчыннай філалагічнай навукі. Улетку 2020 года літаратуразнаўцы Мікола Мікуліч і Уладзімір Гніламёдаў напісалі пра Васіля Васільевіча: «Вершы В. Зуёнка сведчаць пра важкасць і каштоўнасць яго асабістага жыццёвага вопыту, які дыктуе тэмы — вечныя і заўсёды новыя: вера ў дабро, чалавечнасць, стваральную працу і яе вынікі, здольнасць да маральнага ўдасканалення і сацыякультурнага самасцвярджэння». Гэтае выказванне выдатна характарызуе і прапанаваную ў нумары свежую нізку. Тут тэма ўласнага выбару шляху ў жыцці, значнасці набытку, такога, які не знікае разам з чалавекам у момант, калі ён пакідае свет, тут словы спадзеву на лепшае, ода праўдзівай творчасці, нястомнаці і пошуку ў ёй. Адкрывае нізку верш:

У паэтычных ловах

Вяпрук удачы адсочаны:

Левай рукой не ксціся,

Кульбітаў з ружжом не рабі,—

Калі за кожнае слова

Лёсам уласным не плочана,

Тады за сціло не бярыся

І ў рыфму тады не трубі!

(«Закон палявання»)

Чулі гістрыю амаль няўлоўнага Віктара Люстыга? Чалавека, які прадаў Эйфелеву вежу двойчы (!). «Дэтэктыўны трыпціх» Віктара Варанца — гісторыя злачынстваў у антуражы аднаго з самых прыгожых беларускіх гарадоў — Гродна. Тры буйныя ашуканствы, тры планы, на ажыццяўленне якіх зможа адважыцца толькі той, хто хоча ўсяго і адразу, не гатовы мірыцца са сціплым жыццём і заробкамі. Прыгадваецца і «чатырыста адносна сумленных спосабаў адняць грошы» з вядомага літаратурнага твора. Віктар Варанец называе свайго героя-прайдзісвета «чалавекам вольнай прафесіі». Варта мець шырокі кругагляд і адпаведныя сувязі ў грамадстве, быць надзвычай кемлівым і рызыкоўным, каб намагацца выставіць на аўкцыён гісторыка-культурную каштоўнасць — старасвецкі палац, што належыць дзяржаве, даказаць шкоднасць апраменьвання тэлевежаў і пастарацца здаць некаторыя на металалом, падрабляць дакументы ХVIII ст.

Стварыць адпаведную эмоцыю ў выказванні на пэўную тэму — кахання да жанчыны, любові да маці ці пэўных экзістэнцыйных пытанняў — дапамагае навакольны свет. «Амулет залаты на бярозе» — восеньская нізка вершаў Віктара Яраца, працятая вобразнасцю прыродных стыхій. Адухаўляюцца дрэвы — яліны, ліпы, бярозы, клёны, вятры маюць скрасці дыханне, хмары бінтуюць дзень, сонца круціць турбіну... 

...А зоры ў высознай прасторы

запальваюць успаміны

не памінальнымі свечкамі.

Лісце яшчэ не адной пазалотай

дні, фарбаваныя сонцам, трымае.

(«На старце восені»)

Сацыяльна-сатырычная аповесць ад Андрэя Сідарэйкі цяпер носіць загаловак «Крама-2». Галоўная гераіня, маладая Вікторыя Смолкіна, не змагла паступіць на журфак, таму яе чакалі прыгоды ў чужой для яе сферы гандлю. Аўтар уводзіць у тэкст цікавыя інсайдарскія назіранні, распавядае аб з’явах, пра якія можна даведацца, працуючы ў краме, тыпу шопліфтарства, напрыклад. Можна сустрэць і класіфікацыю спажыўцоў, з якімі сутыкаецца Вікторыя. Сярод іх будуць і «рэкеціры»: «„Хто такія?“ — запытаецеся вы. А вось хто. Наведвальнікі, якія прыходзяць у краму спецыяльна для таго, каб знайсці пратэрмінаваны тавар (ці спярша падкласці такі — здараліся выпадкі). А ўжо потым, калі ў руках будзе запаветны чэк, шантажыраваць супрацоўнікаў крамы санстанцыяй і прапаноўваць свае паслугі за грошы».

Панаванне розуму, мудрасці, гаспадарства чалавека над уласным лёсам, значнасць яго справы на дарозе, якую павінен прайсці кожны, — у вершах падборкі «Загадаю сабе не тужыць» Івана Капыловіча.

«Сапраўднаму рэжысёру ўласціва выразная ўнутраная неабходнасць нешта расказаць людзям» — так разважае аб прафесіі Кірыл Халецкі. Гэтая размова будзе карысная ўсім, хто пачынае ў мастацтве. «Літаратурны свет» прапануе аж «чатыры погляды» на кнігу Жанны Міус «На пытанне ёсць... паданне». Алена Кісель разглядае прапанаванае выданне з некалькіх ракурсаў: з пункту гледжання шараговага чытача, з літаратуразнаўчага, з лінгвістычнага, з літаратурна-крытычнага. 

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.