Вы тут

Мінулае ў рытмах сучаснасці


Шэраг цікавых імпрэзаў Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ладзіць з улікам тых датаў і падзей, якімі жыве краіна сёння


Павел Сапоцька

Гэты будынак па мінскай вуліцы Карла Маркса, 12 многія ведаюць па вялікіх чорных гарматах, што ляжаць пры ўваходзе. Сёлета ў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі — 100‑гадовы юбілей: бо вядзе ж ён гісторыю ад Мінскага абласнога музея — першага беларускага дзяржаўнага музея (1919–1923). Адкрыўся ён у будынку былога Дваранскага сходу, што стаяў на скрыжаванні сучасных вуліц Маркса і Энгельса — той будынак у плыні часу не ацалеў. 

Цяпер у зборах музея — больш за 460 тысяч адзінак захоўвання з улікам збораў філіялаў. Гэта, у прыватнасці, скарбы з розных куткоў Беларусі, каштоўныя дакументы, старадрукі, слуцкія паясы, калекцыя музінструментаў, мэблі, зброі, каштоўнага парцалянавага посуду і шмат чаго яшчэ. У Гістарычнага музея ёсць 5 філіялаў: Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Так сталася, што самы першы дзяржаўны музей узначальвае, пэўна, самы малады кіраўнік падобных устаноў: 26 гадоў было культуролагу Паўлу Сапоцьку, калі на пачатку красавіка 2018‑га ён заступіў на пасаду. І, дарэчы, казаў у адным з першых інтэрв’ю з тае нагоды, што людзі — найважней за любую найбагатую калекцыю. Да таго ж мая калега не прамінула слушна ўспомніць, як творча, крэатыўна праявіў сябе Павел Міхайлавіч, тры гады перад тым ачольваючы Мастацкую галерэю «Універсітэт культуры». Спраг­назавала, што «ад яго можна чакаць нестандартных ідэй, як паяднаць дзень сённяшні з артэфактамі нашай гісторыі». А як тое ўдаецца — вынікае з нашае размовы з Паўлам Сапоцькам.

— Спадар Павел, прайшоў год, як вы ўзначалілі Гістарычны музей. Зразумела ж, даводзіцца на такой пасадзе і ўлічваць досвед папярэднікаў, і прыўносіць нешта новае ў працу. Як дасягаеце гармоніі, балансу мінулага і сучаснасці?

— Ведаеце, па вялікім рахунку кожны чалавек і ёсць такі баланс… Мы памятае свае карані, шануем родную культуру, якой тысячы гадоў — і ў той жа час імнемся развівацца, штодзень асвойваць новыя тэхналогіі, працаваць у рытме сённяшняга часу. Трымаем баланс усё жыццё. І ў музеі так: зберагаем мінуўшчыну — аднак імкнемся ўпісацца ў сучасны кантэкст, быць запатрабаванымі ў грамадстве. Як кажуць, не парасці мохам і павуцінай. Адзін з найбольш лагічных і запатрабаваных выхадаў музея на шырокі кантакт з аўдыторыяй — гэта выставачная дзейнасць. Назбіранае павінна не пыліцца недзе ў сховах, а працаваць на карысць Бацькаўшчыны. Цяпер, мяркую, у нашай дзейнасці ёсць жыццяздольны баланс гісторыі, літаратуры й мастацтва. Дарэчы, калі я прыйшоў у музей, то на першай планёрцы сказаў: нягле­дзячы на тое, што ў нас Нацыянальны гістарычны музей — на гэтай пляцоўцы павінен адбывацца сінтэз і дыялог нацыянальнай гісторыі, айчыннага выяўленчага мастацтва і літаратурнай спадчыны Беларусі. У любым выпадку мы развіваемся ў гістарычным кантэксце, але шукаць новыя формы працы, выхаду ў свет, вібраваць у рыт­мах сённяшняга часу з усімі нашымі каштоўнымі зборамі — вельмі цікава. Тым больш у пару, калі — ну так склался! — юбілей за юбілеем. Мы на іх адгукаемся і робім розныя выставы, у тым ліку і мастацкія. Цяпер у нас задумаў — мора! Нешта здзейснілі: маю на ўвазе выставачныя праекты. На ўскідку: зрабілі выставу «100 гадоў беларускай дыпламатычнай службе». Прыйшло на адкрыццё тае выставы шмат знакамітых людзей, усё было святочна і ўрачыста. Зладзілі выставу да 115‑годдзя опернай спявачкі, рэжысёра, народнай артысткі БССР і СССР Ларысы Александроўскай. Зусім нядаўна адкрылася выстава да 100‑годдзя БССР, цяпер у рабоце праекты да 200‑годдзя кампазітара Станіслава Манюшкі, да 100‑годдзя ЛКСМ Беларусі…

— Акрамя выстаў — якія ў музея ёсць выхады на аўдыторыю?

На адкрыцці выставы «100 гадоў беларускай дыпламатычнай службе» кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей і Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган урачыста загасілі юбілейны паштовы блок

— У нас праходзяць і творчыя сустрэчы, аўтарскія вечарыны, ёсць і выдавецкія праекты. Імкнемся розныя пласты айчыннай гісторыі прыпад­няць, актываваць, калі казаць моваю ІТ-тэхналогій, ды паказаць шырокаму колу суграмадзян, гасцей Беларусі. Нам важна глыбока даследаваць і цікава, сучаснаю моваю расказаць пра нашу вялікую спадчыну — як матэрыяльную, так і духоўную. Розныя формы практыкуем.

— З прэс-рэлізаў, якія музей дасылае ў рэдакцыі СМІ, бачна: у вас цяпер шмат і розных міжнародных праектаў…

— Тут, заўважу, два напрамкі дзейнасці. Першы: рэалізацыя праграм на базе самога Гістарычнага музея, нашых філіялаў. Другі: папулярызацыя гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі за межамі краіны. Скажам, у 2018 годзе мы паказалі цікавыя выставы у Нацыянальным музеі султаната Аман (у горадзе Маскаце). Была выстава ў Нацыянальным музеі Літвы (Вільнюс) — мы там прымалі ўдзел у фотавыставе, прысвечанай Льву Дашкевічу. Гэта быў беларускі фотамастак, навуковец, вынаходнік, публіцыст, педагог. Здымаў сярод іншых вядомых асоб і Янку Купалу. Здымкі, творы Льва Дашкевіча знаходзяцца ў фондах розных музеяў, і ў нашым таксама. Былі ў нас яшчэ сумесныя праекты з Польшчай. Мы паўдзельнічалі ў Днях культуры Беларусі ў Пермскім краі: вазілі ў Расію інфармацыйна-дакументную выставу «Беларусь і беларусы», а таксама «Беларусь сучасная».

— Цікава, ці жывуць там беларусы?

— Так, жывуць! І яны былі запрошаны ў канцэртную залу на святочны канцэрт, які ладзіла Беларуская дзяржфілармонія пры падтрымцы Мінкультуры. Былі ў нас і шматлікія іншыя праекты. У тым ліку мы прымаем розныя выставы ў сябе. Скажам, прадставілі выставу майстроў народных промыслаў В’етнама. Была выстава з фондаў музеяў Татарстана (Расія). Вельмі цікавай атрымалася выстава «Біяграфіі 100 дамоў Пярну» (Эстонія) — прысвячалася 100‑годдзю Эстонскай Рэспублікі. Надзвычай цікавыя выставы ладзім з Інстытутам польскім пры падтрымцы Амбасады Польшчы. Паказалі, напрыклад, праект «Знакі незалежнасці» — выставу польскіх грошай: да 100‑годдзя аднаўлення незалежнасці Польскай Рэспублікі.

— Мы ведаем, што перад рэвалюцыяй вялікая калекцыя старажытнасцяў графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага была з‑пад Мінска вывезена ў Кракаў. Цяпер зберагаецца там у Музеі імя Гутэн-Чапскіх. Ці не прыязджалі таксама і адтуль грошы?

— Не, на вялікі жаль. Хоць, як вядома, у гісторыі беларусаў і палякаў шмат агульных старонак, вядомых асоб, і графы Чапскія — з іх ліку. І, дарэчы, мы пачынаем працу з Кракавам дзякуючы мясцоваму Гістарычна-культурнаму дабрачыннаму фонду «Ляліва», які займаецца зберажэннем, аднаўленнем спадчыны Гутэн-Чапскіх. Дырэктар фонду — Іван Іванавіч Гардзіеўскі, ён жа віцэ-старшыня Мінскага саюза прадпрымальнікаў і працаўдаўцаў. Працуем актыўна і з расійскімі, а таксама кітайскімі калегамі. У прыватнасці, сёлета далучаемся да праектаў, прысвечаных 70‑годдзю стварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. Наша першая міжнародная імпрэза‑2019 была прысвечана Кітаю, дакладней — кітайскай архітэктуры. Наш сябар, прафесар, доктар архітэктуры Армен Сардараў прадставіў вельмі цікавую выставу ўласных фотаздымкаў, на іх — як традыцыйная народная архітэктура, так і сучасныя дасягненні яго калег з Паднябеснай. Паказалі яшчэ экспанаты з калекцыі Кітайскага культурнага цэнтра, які створаны, дзейнічае на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта — у якім выкладае Армен Сяргеевіч. Летась, дарэчы, мы падпісалі некалькі дамоў пра беларуска-кітайскае супрацоўніцтва: з Шанхайскім гістарычным музеем, з Фінансавым музеем правінцыі Шэньянь. І прымалі напрыканцы года, у снежні 2018‑га, дэлегацыю прадстаўнікоў Міжнароднай Шанхайскай культурнай асацыяцыі. Пры той асацыяцыі ёсць вельмі цікавыя калекцыі твораў жывапісу, каліграфіі, графікі. Спа­дзяюся, што сёлета мы іх таксама прадэманструем для беларускай публікі. Для нас цікавыя й сумесны праекты. Скажам, з польскімі калегамі зробім разам выставу, на якой прадставім і беларускіх іканапісцаў, і польскіх.

— Гэта будзе іканапіс прадстаўнікоў розных веравызнанняў?

— Так, розных. З Польшчай бу­дзем працаваць і дзеля папулярызацыі музычнай, літаратурнай спадчыны Станіслава Манюшкі. Мы ганарымся, што сёлета пад гэтую справу атрымалі грант Прэзідэнта Беларусі дзеячам адукацыі, навукі, аховы здароўя й культуры. Праект думаем рэалізаваць у дзвюх частках. Гэта будзе навукова-практычная канферэнцыя, а таксама перасоўная выстава — на базе філіяла «Музей гісторыі тэатральна-музычнай культуры». Выставу плануем паказаць і ў беларускіх рэгіёнах, і ў Дзелавым і культурным комплексе пры Пасольстве Беларусі ў Маскве. Там жа пакажам выставу «Жанчыны Беларусі» ды зробім праект да юбілею знакамітага дыпламата-беларуса Андрэя Грамыкі.

— Як бачна, праца з замежжам разгортваецца ў Гістарычнага музея актыўна…

— Сапраўды, гэта важны кірунак дзейнасці. Вось у красавіку выставу, прысвечаную нашаму слыннаму земляку Напалеону Ордзе, вязем у Абласны гістарычны музей Калінінграда. Дамоўленасць дасягнута раней. Прыязджалі адтуль спецыялісты, зацікавіліся нашай калекцыяй дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. У тым ліку й творчай спадчынай Напалеона Орды. У нас ёсць арыгінальныя працы, мы іх экспануем і ў іншых музеях Беларусі — скажам, у Нацыянальным мастацкім музеі. Летась такім чынам дзяліліся творамі як Язэпа Драздовіча, так і Напалеона Орды. Была выстава ў Магілёве — туды завезлі творы Паўла Васілевіча Масленікава. Як бачым, нашы калекцыі — вельмі жывыя. Хоць перад намі стаіць галоўная задача: вывучыць, захаваць, рэстаўраваць і «нікому не даць» (ёсць такое правіла фандавіка), але тым не менш — і прадэманстра­ваць, і паказаць. Прычым вось гэты момант папулярызацыі ў нашай працы вельмі важны. І мы ганарымся тым, што нашы фонды штогод прыраста­юць на 2–4 тысячы экспанатаў. Сярод іх і творы выяўленчага мастацтва.

Так адкрывалася выстава, прысвечаная кітайскай архітэктуры

— Ці шмат у Гістарычным музеі калекцый?

— Больш за 50 з улікам філіялаў, і кожная пастаянна папаўняецца, яна жывая, цікавая. Цяпер стаіць перад намі задача: не толькі паказаць назбіранае ў музеях, але й на гэтай аснове рэалізаваць розныя выдавецкія праекты. Юры Лаўрык, адзін з навуковых супрацоўнікаў, вядзе калекцыю старадрукаў, рарытэтных выданняў. Ён падрыхтаваў матэрыялы — разглядаем, і можа выдадзім зборнікам артыкулаў. Ці манаграфіяй, альбомам — бо вельмі гэта цікавы ілюстрацыйны матэрыял на тэму «Кніжная культура Беларусі». Частка фондаў Гістарычнага музея, прысвечаных кніжным выданням, цяпер знаходзіцца у Нацыянальнай бібліятэцы: там створаны добрыя ўмовы захоўвання. І там ёсць нашы супрацоўнікі. Мы ганарымся нашымі калекцыямі, да таго ж працуем і з партнёрамі. Гады паўтары таму я сустрэўся з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. І тады ў мяне нара­дзілася думка: зрабіць выставу каталіцкага мастацтва — у Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», дзе тады працаваў. У хуткім часе мяне прызначылі ў Нацыянальны гістарычны музей, але ж ідэя засталася. І 14 лютага ў нас адкрылася цікавая выстава «Сакральная культура Касцёла Беларусі»: яна доўжылася месяц. Прысвячалася артэфактам каталіцкай айчыннай культуры, калі можна так казаць. Выкарыстаны былі творы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнай бібліятэкі, прыватныя калекцыі. Гэта, у прыватнасці, зборы Ігара Сурмачэўскага — цудоўнага мастака й рэстаўратара, калекцыянера. Я быў уражаны ягонай калекцыяй. Прадставілі экспанаты й беларускія касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: далі нам іх на часовае карыстанне. Гэта мінскі Залатагорскі касцёл, Будслаўскі касцёл Божай Маці, касцёлы Стаўбцоўскага і Лагойскага раёнаў, з Гродна экспанаты. Вельмі ўсё цікава: іканапіс, жывапіс, арнаты, куфры, кнігі, падсвечнікі…

— Чым занятыя цяпер?

— У працы шмат праектаў. Адзін са знакавых: напрыканцы сакавіка пройдзе адкрыццё выстава «1919. Беларуская Рэспубліка» — да 100‑годдзя БССР і 95‑годдзя беларусізацыі. Гэта і культурная, і асветніцкая акцыя. Робім яе праз арыгінальную падачу матэрыялаў. Навуковая канцэпцыя — наша, падключыліся архівы, бібліятэкі ды іншыя музеі.

Гутарыў Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.