Вы тут

Навукоўцы падключылі пратэз да нерваў чалавека


Шведскія навукоўцы зрабілі велізарны крок наперад у справе рэабілітацыі чалавека пасля страты часткі цела — яны падключылі пратэз рукі проста да нерваў жанчыны, дазваляючы ёй рухаць пальцамі з дапамогай свайго розуму і нават мець тактыльныя адчуванні. Гэта нашмат зручней у параўнанні з існуючымі пратэзамі, якія часта абапіраюцца на электроды, размешчаныя звонку скуры.


Даследчыкі з Тэхналагічнага ўніверсітэта Чалмерса (Гётэборг, Швецыя) і біятэхналагічнай фірмы Іntеgrum АB стварылі пратэзную руку ў рамках амбіцыйнай еўрапейскай даследчай праграмы па пратэзаванні канечнасцяў DеTОР. Хірургі прымацавалі пратэз да дзвюх костак перадплечча (прамянёвай і локцевай) жанчыны з дапамогай тытанавых імплантатаў і падключылі 16 электродаў непасрэдна да яе нерваў і мышцаў, што дазволіла ёй кантраляваць руку з дапамогай думак і задзейнічаць яе, каб завязваць шнуркі і набіраць тэкст на клавіятуры. Гэта першы клінічна жыццяздольны, спрытны і адчувальны пратэз рукі, прыдатны для выкарыстання ў рэальным жыцці. «Прарыў нашай тэхналогіі заключаецца ў тым, каб даць пацыентам магчымасць выкарыстоўваць імплантаваныя нервова-мышачныя інтэрфейсы для кіравання сваім пратэзам, маючы пры гэтым адчуванні, якія важныя ў паўсядзённым жыцці», — сцвярджае супрацоўнік універсітэта Чалмерса Орціс Каталан.

Электроніка, падключаная да нервовай сістэмы чалавека, дазваляе ствараць новыя спосабы ўзаемадзеяння з тэхналогіяй. На відэароліку, які выпусцілі шведскія навукоўцы, бачна, як жанчына выкарыстоўвае імплантат для маніпулявання віртуальнай рукой на экране камп'ютара, гэта значыць яшчэ да таго, як быў устаноўлены сам фізічны пратэз. Звычайныя пратэзы рук абапіраюцца на электроды, размешчаныя над скурай, для здабывання кантрольных сігналаў з ніжніх мышцаў канечнасці чалавека. Гэтыя павярхоўныя электроды падаюць абмежаваныя і ненадзейныя сігналы, якія дазваляюць кантраляваць толькі пару грубых рухаў, напрыклад, сцісканне далоні ў кулак.

Сучасныя пратэзы рук таксама маюць абмежаваную сэнсарную зваротную сувязь. Яны не забяспечваюць тактыльныя або кінестэтычныя адчуванні, таму чалавек пры выкарыстанні пратэза мог спадзявацца толькі на зрок: напрыклад, іх уладальнікі не могуць сказаць, наколькі моцна яны сціскаюць аб'ект. Калі электроды ўжыўляць у нервы, якія раней былі звязаны са страчанымі біялагічнымі «датчыкамі» рукі, даследчыкі могуць электрычна стымуляваць гэтыя нервы, а гэта прыводзіць да таго, што пацыент успрымае адчуванні, якія ўзнікаюць у пратэзе.

Новае вынаходніцтва стала пэўным прадвеснікам будучыні, у якой рабатызаваныя прылады лёгка ўзаемадзейнічаюць з чалавечым целам. На працягу дзесяцігоддзяў падобныя пратэзы здаваліся магчымымі толькі ў кінасусвеце «Зорных войнаў» і іншых творах навуковай фантастыкі, аднак гэтая распрацоўка паказвае, што такая будучыня ўжо наступае, нягледзячы на тое, што тэхналогіі яшчэ не з'явіліся ў шырокім доступе.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.