Вы тут

Парог небяспекі


Вам не здаецца, што сёлета паведамленні аб бяскрыўдных зімовых забавах нагадваюць зводкі з «гарачай кропкі»? Яшчэ пачатак студзеня, а толькі ў дзвюх рэспубліканскіх бальніцах з «траўмамі рознай ступені цяжкасці», а калі па-простаму — з пабітымі і прабітымі галовамі, паламанымі рэбрамі, рукамі, нагамі — амаль паўтары сотні дзяцей. Здавалася б, пасля калядных выхадных, калі за два дні цяжкія траўмы атрымалі шасцёра малых, а 24-гадовы хлопец загінуў, калі ўжо і Следчы камітэт, і медыкі па ўсіх магчымых каналах пачалі біць трывогу, людзі павінны як мінімум задумацца. Не аб чым-небудзь — аб жыцці і здароўі. І не кагосьці — уласных дзяцей. Нічога падобнага — сёння ў ленце навін зноў паведамленне: «Чацвёртакласнік у Полацку атрымаў траўму галавы, з'язджаючы на цюбінгу з горкі. Ён урэзаўся ў дрэва»... Дай божа, каб падобная навіна была апошняя хоць бы гэтай зімой. Толькі наўрад ці, хутчэй за ўсё, спіс пакалечаных аматараў самадзейнага «слалама» будзе толькі павялічвацца.


У няшчасцях, якія адбыліся (а якое гэта няшчасце для кожнай асобна ўзятай сям'і тых дзяцей, нават уявіць цяжка), вінавацяць у першую чаргу заморскую забаву — цюбінг. Маўляў, гэтыя надзіманыя прыстасаванні для катання з горак вельмі хутка імчацца і кантраляваць іх надзвычай цяжка: калі ўжо цябе разверне спінай, дык так і паедзеш угору нагамі і, адпаведна, зусім не бачачы, куды... Так яно і ёсць на самай справе, але ж менавіта ад гэтай хуткасці і непрадказальнасці і захоплівае дух, і, спусціўшыся, хочацца праехаць яшчэ і яшчэ. (Гэта пішу з уласнага дарослага досведу, што тады казаць пра малых, у якіх пачуццё небяспекі нярэдка адсутнічае ўвогуле.) Але тое самае можна сказаць і пра лыжы, на якіх нясешся са стромай гары, і пра санкі, якімі на хуткасці кіраваць надзвычай цяжка. Я ўжо не кажу пра мяшок са шчыльнага цэлафану (у такія ссыпаюць мінеральныя ўгнаенні), шчыльна набіты сенам — «цюбінг» нашага дзяцінства — ён па некіруемасці і хуткасці слізгання па нахіленай паверхні мог даць фору любой сучаснай «ватрушцы»...

Дык можа, не толькі ў навамодным рыштунку прычына тых няшчасных выпадкаў? Як на маю думку, дык і ўвогуле зусім не ў ім. Бо на тым жа самым цюбінгу можна катацца колькі заўгодна і нічога, акрамя прыемнага адрэналіну, не атрымаць. Калі катацца там, дзе трэба, — дзе няма дрэў, машын, бетонных сцен. Прапісныя ісціны, скажаце? А ці многія гэтымі самымі прапіснымі ісцінамі на практыцы кіруюцца?..

У нашай мясцовасці ўзгоркаў большых і меншых хоць адбаўляй — як-ніяк, самае сэрца Мінскага ўзвышша. Але самым прыцягальным для малечы заўсёды быў Асіннік — надзвычай небяспечная гара за вёскай. Унізе крутога спуску — невялікая рачулка, якая ніколі не замярзае, бо паўсюль б'юць крыніцы, і таўшчэзныя вербы. Карацей, усе шанцы калі не ляснуцца галавой аб дрэва, дык трапіць на марозе ў ледзяную ваду. Вы думаеце, малых аматараў пакатацца гэта калі-небудзь спыняла? Але катацца нам даводзілася нядоўга. Праз некалькі хвілін з-за рэчкі на нас злосна гукаў ужо хтосьці з дарослых вяскоўцаў (і зусім неабавязкова на горцы былі ягоныя дзеці). Калі ж словы да нас не даходзілі (здаралася і такое), дзядзька ці цётка на ўшчуваннях не спыняліся — з пугай ці дзеркачом у руках рашуча накіроўваліся ў бок неслухаў. Нічога не заставалася, як хуценька разам з санкамі і «цюбінгамі» рэціравацца на Маякі — горкі, не ніжэйшыя за Асіннік, але абсалютна бяспечныя, там унізе не было ні вады, ні дрэў — суцэльнае чыстае поле. Там ужо і каталіся колькі хацелі, аж да прыцемкаў, і бацькі нашы былі спакойныя і ўпэўненыя, што дзіця вернецца жывое-здаровае.

Вы што-небудзь падобнае назіралі ў горадзе ці ў той жа вёсцы сёння — каб хтосьці, гледзячы, як дзеці коўзаюцца ў небяспечным месцы (ці ўвогуле — у забароненым, як у парку ў магілёўскім Падніколлі, дзе загінуў згаданы ў пачатку хлопец), паспрабаваў хоць бы зрабіць заўвагу? Дзе там! Хутчэй назіраем адваротнае — мамкі самі клапатліва падсаджваюць дзяцей на санкі ці цюбінгі, а то і садзяцца разам з імі. Здаровыя дзецюкі зусім ужо не школьнага ўзросту коцяцца ўніз на злом галавы... І, калі паглядзець удумліва, гэта гісторыя не толькі пра горкі. Нядаўна на шырокай сталічнай вуліцы давялося назіраць карціну, як вельмі прыстойнага выгляду малады бацька з сынам, якому на выгляд гадоў дзесяць, гэту самую вуліцу перабягаў у зусім не належным месцы. Калі іх авантура паспяхова завяршылася, яны па-змоўніцку адзін на аднаго паглядзелі і задаволена ўсміхнуліся. Два хлапчукі, якія ўлезлі ў шкоду і не папаліся. Два супермены — перабеглі ажыўленую вуліцу, як у кіно ці ў камп'ютарнай гульні, — толькі што не па капотах аўто...

Вось яна, адна з самых значных па наступствах прычын — нашы дзеці гуляюць у суперменаў і іншых несмяротных герояў, у якіх па сто жыццяў, глядзяць фільмы і нават мульцікі пра іх жа, і асацыююць сябе з імі: са мной таксама нічога не здарыцца. Але бяда не ў гэтым, а ў тым, што новае пакаленне дарослых людзей таксама ўжо вырасла на падобных рэчах, і ў іх ужо зніжаны парог пачуцця небяспекі і страху за жыццё — уласнае і блізкіх людзей. А камфортныя побытавыя ўмовы, калі многае робіцца адным націсканнем кнопкі, гэтаму яшчэ больш спрыяюць... Шмат што мяняецца, але пастаяннымі застаюцца (і пра гэта мы чамусьці паспяхова забываем) жыццё і смерць, і вельмі кволы па сутнасці сваёй чалавек, якому ад першага да другога ў любыя часы хопіць аднаго толькі неасцярожнага кроку.

Якраз сёння прачытала ў дзённіку Барыса Акуніна, галоўны герой якога — непараможны і амаль бессмяротны Фандорын, вось гэта: «У літаратуры героі-супермены заўсёды выходзяць сухімі з вады, а ў жыцці — гінуць. Таму што да пары збан ваду носіць, і таму, што Гасподзь Бог не белетрыст, а аўтар сур'ёзны...» Пагадзіцеся, пераканаўча. Можа, варта падобную цытату пісаць замест прывычнага «Небяспечна!» ці «Забаронена!». Глядзіш, да некага і дойдзе...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.