Вы тут

Як рэгістр выкідаў і пераносу забруджвальнікаў захавае прыроду


Сёння 38 краін з'яўляюцца падпісантамі Пратакола Орхускай канвенцыі аб рэгістрах выкідаў і пераносу забруджвальнікаў. Галоўная мэта гэтага міжнароднага дакумента — пашырэнне (праз развіццё рэгістраў) доступу людзей да экалагічнай інфармацыі, каб яны маглі ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў па пытаннях, што датычацца навакольнага асяроддзя, а таксама садзейнічаць прадухіленню і скарачэнню забруджвання наваколля.


Беларусь пакуль не далучылася да пратакола, але, паколькі з'яўляецца бокам Орхускай канвенцыі, плануецца падпісаць гэты дакумент і адпаведна стварыць нацыянальны рэгістр выкідаў і пераносу забруджвальнікаў. Для гэтага ў краіне цяпер рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЮНІТАР/ЮНЭП "Глабальны праект па рэалізацыі Рэгістра выкідаў і пераносу забруджвальнікаў у якасці інструмента для справаздачнасці па стойкіх арганічных забруджвальніках, распаўсюджванні і павышэнні дасведчанасці для Беларусі, Камбоджы, Эквадора, Казахстана, Малдовы і Перу".

У рэгістры выкідаў і пераносу забруджвальнікаў будуць звесткі аб прадпрыемствах, якія падпадаюць пад справаздачнасць РВПЗ, і забруджвальныя рэчывы, якія выкідваюцца гэтымі прадпрыемствамі ў розныя асяроддзі — паветра, ваду, глебу, адходы. Уся гэта інфармацыя будзе размяшчацца на асобным сайце і выводзіцца ў тэкставым, таблічным і графічным выглядзе, а таксама на інтэрактыўнай карце Беларусі. Дзякуючы гэтаму кожны грамадзянін краіны зможа паглядзець, напрыклад, які ўплыў мясцовыя прадпрыемствы аказваюць на тэрыторыю яго населенага пункта. Інфармацыя аб выкідах будзе перадавацца ў рэгістр штогод.

Па словах каардынатара праекта кіраўніка Групы міжнароднага супрацоўніцтва РУП "БелНДЦ "Экалогія" Івана Наркевіча, пакуль не ўсе арганізацыі і прадпрыемствы, даныя якіх плануецца падаваць у рэгістр, гатовыя падзяліцца інфармацыяй з грамадскасцю, некаторыя пакуль ставяцца да гэтай прапановы насцярожана. Акрамя таго, ёсць нюансы ў заканадаўстве, якія не дазваляюць без папярэдняй згоды прадпрыемстваў атрымліваць неабходную інфармацыю. Усе гэтыя пытанні трэба будзе вырашыць.

Эксперт праекта Ганна Коўчур упэўнена: стварэнне рэгістра выкідаў і пераносу забруджвальнікаў прынясе шмат станоўчых момантаў для розных структур краіны, у тым ліку і прадпрыемствам. Так, урад будзе валодаць вычарпальнай інфармацыяй пра патэнцыяльна небяспечныя рэчывы для вырашэння пытанняў аховы навакольнага асяроддзя. Рэспубліканскім органам рэгістр дапаможа кантраляваць, як прамысловыя аб'екты выконваюць прад'яўленыя да іх патрабаванні, а самі прадпрыемствы будуць мець больш выразнае ўяўленне пра рэзультатыўнасць іх гаспадарчай дзейнасці, укараняць больш эфектыўныя і экалагічна бяспечныя тэхналогіі. Даныя РВПЗ дапамогуць павысіць узровень інфармавання грамадскасці, актывізаваць яе ўдзел у працэсе прыняцця рашэнняў па прыродаахоўных пытаннях. Грамадскасць таксама можа аказваць уплыў на кампаніі з нізкімі паказчыкамі прыродаахоўнай дзейнасці, каб яны больш актыўна садзейнічалі скарачэнню забруджвальных рэчываў.

— Па падліках вучоных, у спіс прадпрыемстваў, якія могуць даваць інфармацыю ў рэгістр, уваходзіць каля 880 прадпрыемстваў краіны.

— Выкід (згодна з тэкстам Пратакола аб РВПЗ) — гэта любое ўвядзенне забруджвальнікаў у навакольнае асяроддзе ў выніку любой антрапагеннай дзейнасці.

— Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, якія датычацца навакольнага асяроддзя (Орхуская канвенцыя), была прынятая ў 1998 годзе ў Орхусе (Данія).

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.