Вы тут

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр


Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...      На ўсіх фота, якія захаваліся да нашага часу — ці то з сям'ёй, ці то ў атачэнні таварышаў па барацьбе або калег-пісьменнікаў, — ён выглядае надзвычай інтэлігентным і кранальна безабаронным. Магчыма, гэта з-за круглых акуляраў з вельмі моцнымі дыоптрыямі — ён з маладосці дрэнна бачыў.


Ціш­ка Гарт­ны з сям'­ёй. Жон­ка На­дзея і дач­ка Га­лі­на (ужо сту­дэнт­ка ме­ду­ні­вер­сі­тэ­та) улет­ку 1937-га бы­лі рэ­прэ­са­ва­ны «за не­да­ня­сен­не» і вы­сла­ныя ў Ле­нін­град­скую воб­ласць. Жон­ка там і згі­ну­ла, дач­ка жы­ла ў Мін­ску, бы­ла мо­ва­знаў­цай, са­бра­ла кні­гу ўспа­мі­наў пра баць­ку. Сын Анд­рэй, яко­га баць­ка пе­рад арыш­там па­спеў ад­пра­віць да сва­я­коў у Ле­нін­град, па­мёр у бла­ка­ду.

А можа, на гэтых чорна-белых пабляклых фотаздымках амаль стагадовай даўніны нейкім дзівосным чынам захавалася для тых, хто будзе ведаць яго толькі па яго творах ды па ўспамінах іншых людзей, яго сапраўдная сутнасць — рамантыка, таленавітага пісьменніка, чалавека, які ўсё жыццё шукаў сябе, сваю долю, сваю Беларусь. Які ў гэтых няспынных пошуках прыйшоў у палітыку — справа ва ўсе часы не вельмі простая, а ў калатнечы паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі — і ўвогуле смяротна небяспечная. Зрэшты, у той час гэтаксама небяспечна было быць і паэтам. І пэўна, менавіта таму, што ў адной асобе аб'ядналіся беларускі дзяржаўны дзеяч Зміцер Хведаравіч Жылуновіч і вядомы беларускі пісьменнік Цішка Гартны, гэта асоба выглядае найбольш неадназначна, найбольш ярка і найбольш трагічна ў гісторыі двух першых дзесяцігоддзяў БССР...

"Хіба на свет выйду, долю пашукаю..."

Чым больш даведваешся фактаў з яго біяграфіі — тым больш здзіўляешся: якім чынам у яго так усё атрымалася? Не "дзякуючы", а "насуперак" — як і ў многіх беларусаў, гэткая наша адметная нацыянальная рыса. Нарадзіўся ўвосень 1887 года ў Капылі ў вельмі беднай сям'і — бацька быў землякопам, маці наймалася ў падзёншчыцы. Хведар Жылуновіч навучыў свайго Змітра пачатковай грамаце, якой валодаў сам, а ўзімку адправіў вучыцца да "дарэктара". Аб іншай адукацыі і размовы быць не магло — з ранняй вясны да позняй восені хлопец быў у пастухах.

Пастушка-падлетка захапілі рэвалюцыйныя ідэі, якія на мяжы стагоддзяў луналі ў паветры і якімі падзяліўся з ім крыху старэйшы "калега". Да таго ж ён яшчэ ўліваецца ў шэрагі рухавіка рэвалюцыі — пралетарыяту: асвойвае прафесію гарбара. Тыповая біяграфія барацьбіта за сацыяльную справядлівасць.

Ды толькі тут не ўсё так проста. Бо ў гэтага юнака шмат пытанняў, на якія ён хоча атрымаць адказы. А яшчэ гэтыя нізкі слоў, што праносяцца ў галаве, складваюцца ў рыфмы, не даюць спакою... Ён нават збіраўся дабрацца па адказы на свае пытанні да Льва Талстога, паехаў у Кіеў, дзе безвынікова прапаноўваў свае напісаныя па-руску вершы ў тамтэйшыя газеты. А потым у яго жыцці здарылася "Наша ніва", куды паслаў вершы на роднай мове. І ён, пасля публікацыі першых удалых твораў (першы верш — "Бяздольны", быў прысвечаны Янку Купалу) натхнёны поспехам, прыехаў у 1909 годзе ў Вільню, спадзеючыся, што будзе працаваць у рэдакцыі. У штат яго не прынялі, але ён працягвае пісаць туды не толькі новыя вершы, але і карэспандэнцыі з месцаў.

З чаго жыве? З гарбарскай справы. Працуе ў розных гарадах на заводах, у арцелях. Доўга не затрымліваецца — начальства хутка ўгадвае ў ім "падбухторшчыка". І — піша вершы. Яскрава-класавыя — як жа без іх? (у адказ на купалаўскае "Я — мужык-беларус, пан сахі і касы..." Цішка Гартны піша: "Я — рабочы-гарбар, рыцар працы цяжкой..."), — але ж і пранізліва-лірычныя, тыя, пра якія той жа Купала напіша: "Цішка не "майструе вершаў", а пяе, пяе ўсёй сваёй набалелай душой, усім сваім сэрцам гарачым, кіпучым"...

Менавіта ў той час ён вызначыўся ў сваёй пазіцыі: "Я цяпер шчыры прыхільнік беларускай справы і ўсім сэрцам рвуся і б'юся за яе. Я падумаў так: можна быць і сацыялістам, і нацыяналістам..." Усё ясна і проста: барацьба за беларушчыну і за сацыяльную справядлівасць. Але каб было ўсё так проста ў яго неспакойнай душы, ці пісаў б ён, хлопец з пачатковай адукацыяй, у допісе свайму капыльскаму сябру, які цытуе ў сваёй дакументальнай аповесці "Без эпітафіі" Эрнест Ялугін: "Почему же именно та часть материи, которая вложена в человека, должна розниться от других частей? Значит, если человек умирает и из его тела возникает новая жизнь — растение, значит, и оно разумно и чувством одарено? Ну, а из растения иссохшего и спрахшего, тоже, небось, можно извлечь какой-либо разум?.." Рабочы-гарбар так разважае ці філосаф-экзістэнцыяліст? Не, у Гартнага з самага пачатку ўсё было няпроста.

У дваццаць пяць гадоў ён едзе ў Пецярбург. Тут моцная беларуская суполка, вечары на кватэры Браніслава Эпімах-Шыпілы, дзе ён чытае свае вершы і ўрыўкі з яшчэ не скончанага рамана, які вядомы нам як "Сокі цаліны". Дбаннем таварыства "Загляне сонца і ў наша аконца" выходзіць першая кніга яго вершаў. І пішуцца новыя — пасля цяжкой работы на заводзе, пры кволым святле газніцы. Ён ужо не можа абыходзіцца без акуляраў, але ці ж гэта перашкода? Галоўнае — творчасць.

І канешне, — рэвалюцыя. Беларуская сацыялістычная грамада, да якой далучыўся яшчэ ў 1913-м, — ужо не проста суполка па інтарэсах, а значная палітычная сіла з выразна акрэсленай сацыялістычнай пазіцыяй. А тут яшчэ натоўпы бежанцаў з роднай зямлі, дзе лютуе вайна. Яго не мабілізавалі з-за дрэннага зроку. Але людзям, сарваным з месца, ён можа дапамагчы, даўшы ім надзею і роднае слова — у 1916 годзе ў Пецярбургу пад рэдактарствам Цішкі Гартнага пачынае выходзіць "Дзянніца" — газета на беларускай мове. Праўда, усяго некалькі месяцаў, бо фінансавыя цяжкасці. Лютаўская рэвалюцыя скаланула паветра, але не прынесла палёгкі ні ў справе нацыянальнай, ні ў сацыялістычнай. Ды і ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе было не ўсё так гладка: людзі там былі розных поглядаў, разбіліся на "правых" і "левых" (Жылуновіч падтрымлівае "левых", іх жа і прадстаўляе на І Усебеларускім з'ездзе ў снежні 1917-га). А летам 1917-га Жылуновіч знаёміцца з Аляксандрам Чарвяковым. Што, напэўна, таксама паўплывала ўрэшце на яго выбар на карысць бальшавікоў.

Прэм'ер на месяц

У студзені 1918-га прадстаўнікі розных беларускіх партый, якія падтрымліваюць платформу савецкай улады (Чарвякоў прадстаўляе бальшавікоў, Жылуновіч — "левае" крыло БСГ), прымаюць рашэнне аб стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята. Саўнаркам адабрае гэта рашэнне. Чарвякоў становіцца старшынёй Белнацкама, Жылуновіч — адказным сакратаром. Пад яго кіраўніцтвам аднаўляецца выхад "Дзянніцы". У ёй Зміцер Жылуновіч восенню 1918-га (па партыйнай прыналежнасці ўжо бальшавік, мала таго — ужо і кіраўнік беларускіх камуністычных секцый) заклікае цэнтральную ўладу "вызначыцца нарэшце з лёсам Беларусі".

Што адбывалася далей, як стваралася Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі і яе Часовы ўрад, падрабязна расказвалася ў першай публікацыі нашай рубрыкі (гл. "Звязду" ад 2 кастрычніка). Урад, як вядома, узначаліў Жылуновіч, але асноўная частка партфеляў была не ў "беларусаў", а ў "аблвыканкамзахаўцаў" на чале з Мясніковым, якія спачатку былі супраць якой бы то ні было беларускай дзяржаўнасці. У згаданай публікацыі гісторык Сяргей Траццяк, які займаецца вывучэннем менавіта таго перыяду, прыводзіў кур'ёз: прэм'ерам быў Жылуновіч, а пячатка, якая ставілася на ўрадавыя дакументы, была ў яго апанента Кнорына, які выдаваў яе толькі пад распіску. Мы не можам ведаць, наколькі сур'ёзнае стаўленне было ў такім неаднастайным урадзе да паэта Цішкі Гартнага ў ролі кіраўніка. Можа, як у Максіма Гарэцкага, які з іроніяй пісаў пра яго крыху пазней: "Слабенькі беларускі камуніст і добры, моцны паэт Цішка Гартны..." Зрэшты, часу высветліць адносіны ў членаў урада не было: ужо ў пачатку лютага 1919-га валявым рашэннем Масквы была створана аб'яднаная Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі. З беларусаў у кіраўніцтве на пасадзе намесніка наркама асветы застаўся адзін Чарвякоў. А Жылуновіч (дакладней — Цішка Гартны) купіў новыя акуляры і паехаў у Харкаў рэдагаваць франтавую чырвонаармейскую газету.

Тут яшчэ варта дадаць адзін цікавы важны факт. Аўтарам "Маніхвэста", які ўсяму свету паведаміў аб стварэнні ССРБ 1 студзеня 1919 года, з'яўляецца Зміцер Жылуновіч. У часопісе "Полымя" за 1928 год засталося сведчанне Аляксандра Чарвякова: "Адпаведнасць зместу, формы і палітычнага значэння Маніфеста надае яму вялікую сілу пераканальнасці, не страчаную ім і ў нашы дні. Гэты дакумент быў напісаны Цішкам Гартным".

"Пара пісаць гісторыю"

Былі часы, калі Цішка Гартны на пісьменніцкіх фота быў у цэнтры, а Колас і Купала – па баках…

Пасля лета 1920-га, калі БССР была адноўлена, а на чале рэспублікі стаў сябра і аднадумец Аляксандр Чарвякоў, для Жылуновіча настаў зорны час. Ён ужо не вярнуўся ў палітыку — хапіла працы на грамадска-асветніцкай ніве. Рэдагаваў газету "Савецкая Беларусь" (выходзіла да 1933 года, а яе "цёзка" "Советская Белоруссия" да 1937 года мела назву "Рабочий"). Узначаліў першае дзяржаўнае выдавецтва, фактычна стварыўшы яго. У 1923 годзе паехаў у Берлін, каб аддрукаваць там беларускія кнігі — падручнікі, літаратурныя творы. У тамтэйшых друкароў не знайшлося літар "ё" і "ў", і ён спецыяльна ездзіў у Лейпцыг сам іх заказваць... У выдавецтве, успаміналі пасля пісьменнікі, якія выжылі ў страшных 30-х, прывячаў усіх, стараўся падтрымаць маладых. Андрэю Александровічу не толькі дапамагаў рабіць першыя крокі ў літаратуры, але і падкормліваў яго, шкадуючы. (Таго самага Александровіча, які праз колькі гадоў будзе кляйміць яго апошнімі словамі на пленуме Саюза пісьменнікаў як самага лютага "ворага народа".)

У 1922 годзе стварыў яшчэ адну пляцоўку для літаратараў — часопіс "Полымя". Кінуўшы кліч "Пара пісаць гісторыю рэвалюцыі!", сам напісаў некалькі работ па гісторыі Беларусі. Стаяў каля вытокаў Дзяржаўнага архіва. Плённа працаваў з аднадумцамі ў Інбелкульце, разам з Коласам і Купалам стаў адным з першых акадэмікаў. Пісаў шмат — з рэвалюцыйным запалам, але ўсё ж з тымі пошукамі сэнсу жыцця і ўчынкаў чалавечых. (Пачытайце яго апавяданне "Больш за ўсіх", напісанае ў 1923 годзе.)

Быў вядомы і паважаны. У 1923 годзе мог стаць першым народным паэтам Беларусі — нібыта была адпаведная пастанова ЦК КПБ(б). Чаму пастанова не ажыццявілася? У выпадку з кімсьці іншым шукаў бы адказ, але ў Гартнага-Жылуновіча гэта выглядае проста часткай біяграфіі. Як і выпадак з яго выключэннем з партыі ў 1924 годзе тэрмінам на год — "за адарванасць ад мас і абывацельскую псіхалогію": у ЦК прыслалі данос землякі-зайздроснікі: маўляў, удзельнічаў у пахаванні сваяка паводле царкоўных канонаў ды яшчэ і быў "па-буржуйску" апрануты — асабліва раздражняла аўтараў "сігнала" наяўнасць гальштука.

"Дайце мне ўліцца ў агульны ток жыцця"

Гэта апошнія словы, якія, паводле сведкаў, Жылуновіч паўтараў у турэмнай камеры, а пасля ў магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы. Ці мог чалавек з яго поглядамі, з яго біяграфіяй ацалець у той калатнечы, якая пачалася ўжо ў канцы 20-х гадоў з барацьбы з "правым ухілам"? Ён у канцы 1927-га яшчэ паспеў адзначыць 40-гадовы юбілей і 20-годдзе творчасці — шырока, з вершамі-прысвячэннямі Купалы і Коласа. Але ва ўжо неспакойным 1928-м, сам аб тым не здагадваючыся, нарабіў "памылак": рэдагуючы "Савецкую Беларусь", у дыскусіі аб рэпертуары беларускіх тэатраў стаў на бок аўтараў, якія былі за нацыянальныя п'есы, за што атрымаў спагнанне і пазбавіўся пасады галоўнага рэдактара. Не ўтрымаўся і ў крэсле кіраўніка "Полымя" — адмовіўся публікаваць паэму Александровіча (таго самага), бо ў ёй быў паклёп на сумленнага чалавека. І калі пачалі раскручваць справу "Саюза вызвалення Беларусі" — хто, як не ён, павінен быў адным з першых трапіць у "чыстку"? Прайшло зусім няшмат часу, і ягоная "Савецкая Беларусь", на якую аддаў столькі сіл і імпэту, рэдагаваная (яшчэ адна іронія лёсу) паплечнікам і калегам Міхасём Чаротам, пісала: "З. Жылуновіч быў адным з ідэолагаў нацыянал-дэмакратычнага ўклону" (што роўна было прысуду). Сапраўды, страшныя былі часы.

Яго тады, у пачатку 30-х не выслалі з Беларусі, як Язэпа Лёсіка і Вацлава Ластоўскага, у яго не хапіла духу налажыць на сябе рукі, як спрабаваў зрабіць Купала, як зрабіў Ігнатоўскі. Ён напісаў пакаянны артыкул, як зрабіў Чарвякоў. Але не дапамагло — з партыі яго ў 1930-м "вычысцілі" з фармулёўкай: "...за сувязь з чужымі і варожымі пралетарыяту нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі, і як фактычны рупар варожых сіл, які выкарыстоўвала ў сваіх мэтах нацыяналістычная контррэвалюцыя ў барацьбе з дыктатурай пралетарыяту"...

Зразумела было, што яго арышт — справа часу. Ён "перавыхоўваўся" — ездзіў агітаваць сялян уступаць у калгасы, прысвяціў гэтай тэме цэлую паэму "Зялёны шум". Вярнуўся да гарбарскай справы — пайшоў працаваць на завод "Камунар". А што было рабіць у той час у той краіне? Або не жыць (а як — калі сям'я: жонка, двое дзяцей), або спрабаваць выжыць (пакуль дазваляюць). Дарэчы, пра "выжыць". Верша, прысвечанага Сталіну, ён так ніводнага і не напісаў. На "чыстцы" тлумачыў: не дарос, маўляў, да таго ўзроўню, каб пісаць пра такога вялікага чалавека...

Яму дазвалялі выжыць нядоўга. Арыштавалі на пачатку другой, самай страшнай хвалі рэпрэсій — у лістападзе 1936 года. Рыхтавалі паказальны працэс — Беларусі яго вельмі не хапала, каб асоба такога маштабу на судзе была прызнаная ворагам народа (як у Маскве Зіноўеў і Каменеў). А тут і вядомы паэт, і дзяржаўны дзеяч. Не выйшла. Псіхіка таленавітага паэта не вытрымала фізічных, а больш маральных пакут. "Дайце мне ўліцца ў агульны ток жыцця", — адзінае, што чулі ад яго каты перад тым, як адправіць у магілёўскую псіхіятрычную бальніцу.

Там яго і не стала 11 красавіка 1937 года. Афіцыйная тагачасная версія — памёр ад гангрэны лёгкіх. Версія сучасная — скончыў жыццё самагубствам. У кнізе Эрнеста Ялугіна знаходзім нават, якім жудасным спосабам: ададраў ад падлогі ножку бальнічнага ложка і здолеў паставіць сабе на горла. У духу пісьменнікаў-экзістэнцыялістаў...

***

Зміцер Хведаравіч Жылуновіч (Цішка Гартны) быў пасмяротна рэабілітаваны двойчы — у 1955-м у грамадзянска-прававых адносінах, у 1988-м — поўная палітычная рэабілітацыя. У тым жа годзе яго імя (Жылуновіча) прысвоілі былой сталічнай вуліцы Жданава, што каля метро "Партызанская", а на наступны год яго іменем (Цішкі Гартнага) назвалі яшчэ адну вуліцу ў тым жа Заводскім раёне Мінска. Такая вось двайная пашана, нібы нашчадкі двойчы прасілі прабачэння.

Такая тапанімічная калізія праіснавала ў сталіцы даволі доўга, толькі ў 2004-м вуліцу імя Цішкі Гартнага назвалі інакш. Засталося на карце сталіцы імя дзяржаўнага дзеяча, першага беларускага прэм'ер-міністра Змітра Жылуновіча.

Вось цікава, якое б з гэтых імён, калі б мог, выбраў ён сам?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Каментары

- Маніце ! БССР з'явілася толькі ў 1920г., а зараз мы будзем адзначаць 100-годдзе ССРБ !!
Што адбывалася далей, як стваралася Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі і яе Часовы ўрад, падрабязна расказвалася ў першай публікацыі нашай рубрыкі (гл. "Звязду" ад 2 кастрычніка). Аўтарам "Маніхвэста", які ўсяму свету паведаміў аб стварэнні ССРБ 1 студзеня 1919 года, з'яўляецца Зміцер Жылуновіч. Пасля лета 1920-га, калі БССР была адноўлена, а на чале рэспублікі стаў сябра і аднадумец Аляксандр Чарвякоў, для Жылуновіча настаў зорны час. І дзе тут мана?
- Гаварыць што мы будзем адзначаць 100-годдзе БССР - гэта ўсё роўна што казаць, што Савецкі Саюз існаваў з 1917г., дады як насамрэч ён з'явіўся толькі ў 1922г.! - Але пытанне прынцыповае яшчэ тым, што 1.01.1919г. была абвешчана Савецкая Сацыялістычнай Рэспубліка БЕЛАРУСЬ, а не БССР (Белоруссія) !! - Галоўнае, што ўсе пахавалі галовы ў пясок як стравусы і робяць выгляд, што нічога не разумеюць. Хаця прама на вачах рэалізуецца дыверсія супраць самаго сснавання Беларускай Дзяржаўнасці !!
- Дарэчы, "Дэкларацыя незалежнасці" ЗША з'яўляецца галоўнай сакральнай рэліквіяй Злучаных Штатаў. А дзе наш "Маніхвэст" ? Менавіта ён павінен быць галоўным экспанатам ў "Музеі Беларускай Дзяржаўнасці" !!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.