Вы тут

«Мастацкая літаратура» прадоўжыла праект «Светлыя знакі: паэты Кітая»


Выдавецтва «Мастацкая літаратура» прадоўжыла творчы праект «Светлыя знакі: паэты Кітая». Новы зборнік вершаў — «Подых усходняга схілу» Су Шы.


Кніга выйшла на кітайскай і беларускай мовах. Вершы паэта ХІ стагоддзя на беларускую пераўвасобілі Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Навум Гальпяровіч, Вераніка Жукавец, Юлія Алейчанка, Таццяна Сівец. Пераклады здзейснены па падрадкоўніках з мовы арыгінала. Сёння ў Кітаі паэзію Су Шы любіць вытанчаны, адукаваны чытач, які ўмее разгледзець колеры жыцця. Вопытны чыноўнік, мастак слова ўсё ж меў славу праўдашукальніка, рэаліста, здольнага правільна ацэньваць час і дзеі тых асоб, што кіравалі краінай, асобнымі яе рэгіёнамі. З пасады памочніка першага міністра Ван Аньшы з-за нязгоды з рэалізацыяй так званага новага палітычнага курса Су Шы быў звольнены і перабраўся з Пекіна ў Ханчжоў. Затым паэт служыў у іншых гарадах, правінцыях і за свае палітычныя, грамадскія погляды меў надзвычайнае адабрэнне ад простага люду. Прайшоў творца і выпрабаванне турмой, дзе, абылганы, правёў 103 дні. Пасля атрымаў мянушку «Пустэльнік Дунпо». Калі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» разглядалі пытанне пра выбар новага аўтара серыі, кітайскія калегі (і найперш — доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь з Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў) параілі спыніцца на творчасці Су Шы. Дарэчы, у серыі «Светлыя знакі: Паэты Кітая» існуе міжнародны рэдакцыйны савет, у які ўваходзяць і прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі Кітая — Лю Сулін, Цай Цзяньфэнь,Чжан Хунбо, Лю Мяа, Чжан Хуэйцінь. Да нядаўняга часу актыўна развіццю серыі спрыяў славуты кітайскі перакладчык Гаа Ман. Перакладчык Максіма Танка, Святланы Алексіевіч, Саюзам пісьменнікаў Беларусі ён адзначаны знакам «За вялікі ўклад у літаратуру».

Варта нагадаць, што зборнік вершаў «Подых усходняга схілу» — дванаццатая кніга серыі «Светлыя знакі: Паэты Кітая», якая ўключна да дзясятай кнігі выходзіла ў Выдавецкім доме «Звязда». Аўтары серыі — Ван Вэй, Ай Цін, Ду Фу, Лі Бо, Лі Хэ, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэнь, Мэн Хаажань, Сюй Чжымо, Вэнь Ідо. Асобна ў зборніку «Храм на гары» выйшлі пераклады кітайскай паэзіі, якія ажыццявіў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Сяргей Шычко

Загаловак у газеце: Жыццё праходзіць у вандроўках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.