Вы тут

Патушыць «зялёны пажар» — галоўная задача байцоў палявога «фронту»


Добрая навіна для студэнтаў, чыё лета праходзіць на бабуліных градах, — навыкі праполкі можна «прадаць». Напрыклад, уладкаваўшыся ў сельскагаспадарчы атрад. Адзін з такіх, у складзе якога хлопцы і дзяўчаты з БДУ, якраз цяпер працуе на ўніверсітэцкім вучэбна-вопытным прадпрыемстве «Шчомысліца».


Хлоп­цы ка­жуць, што ра­бо­та не скла­да­ная. Тым больш у кам­па­ніі не сум­на.

У гадавальніку дэкаратыўных раслін разводзяць дрэвы, кусты, хвойнікі і кветкі. Амаль усё гэта прадаецца сталічным службам азелянення. Студэнты сюды прыходзяць на практыку часта. Хлопцы і дзяўчаты з біялагічнага факультэта ставяць доследы над раслінамі: бяруць тут узоры і вырошчваюць у лабараторыі ў прабірках. Ці вывучаюць паразітычныя грыбы. А студэнты геаграфічнага факультэта бяруць пробы грунту.

Тыя ж, хто трапіў летам на працу ў атрад, шчыруюць у асноўным на праполцы.

— Мы прасілі на чэрвень людзей паболей, бо ўсе сілы ідуць на тое, каб патушыць «зялёны пажар». Выратаваць пасевы ад пустазелля — галоўная задача. Дзесьці дапамагаюць гербіцыды, але не ўсё можна даверыць «хіміі», — тлумачыць першы намеснік дырэктара прадпрыемства Дзмітрый КАЛБАНАЎ. — У ліпені стане крыху лягчэй з праполкай, можа, будзем прыцягваць моладзь да чаранкавання.

Барацьба з пустазеллем у студэнтаў пачынаецца з васьмі раніцы. Пакуль іх аднакурснікі адсыпаюцца, байцы атрада ўжо на палявых «пазіцыях» — з матыкамі, тачкамі і працоўным настроем.

Адседзецца ўбаку не атрымаецца — плацяць за колькасць выкананай работы. Расцэнкі такія: за квадратны метр — дзевяць капеек. Студэнты кажуць, што за дзень паспяваеш прапалоць каля 50 метраў, а значыць, зарабіць чатыры рублі. Усяго за змену (два тыдні) атрымліваецца рублёў 50. Плюс самым старанным паабяцалі прэмію.

Камісар атрада Таццяна СЛІНЧАК вучыцца на трэцім курсе эканамічнага факультэта. Яна — будучы спецыяліст па фінансах і крэдытах.

— Я стараюся актыўна ўдзельнічаць у жыцці ўніверсітэта. Ужо не першы год уступаю ў студэнцкі атрад. Прычын некалькі. Так у актывістаў больш шанцаў атрымаць пакой у інтэрнаце, а таксама гэта новыя вопыт, знаёмствы, невялікі, але заробак.

Летась дзяўчына ездзіла ў лагер важатай. На гэты год вырашыла паспрабаваць сябе ў іншай дзейнасці. Да працоўнага месца не вельмі далёка дабірацца, таму застаецца больш вольнага часу.

На по­ле — з ма­ты­кай і ба­дзё­рым на­стро­ем.

Цікавімся: колькі сёння студэнту трэба грошай на месяц? Таццяна задумваецца. «Мінімум — рублёў 150: на ежу, праязны, інтэрнэт... Расходаў хапае». Пакрываць іх дзяўчыне дапамагаюць бацькі — падпрацоўкі ў яе няма. Тлумачыць, што складана сумяшчаць дзённае навучанне і работу, бо наймальнікі звычайна шукаюць спецыялістаў на поўную стаўку.

На што патраціць студатрадаўскі заробак, будучы эканаміст пакуль не вырашыла. «Можа, куплю абанемент у басейн ці трэнажорную залу. Заўсёды трэба быць у форме», — усміхаецца.

Трэцякурснік мехмата Дзмітрый МАЧАЛАЎ грузіць пустазелле на тачку.

— Працаваць не асабліва складана — толькі калі спякотна бывае. Да таго ж прыемны калектыў, шмат прыгожых дзяўчат, — дзеліцца хлопец.

За мінулыя гады ён паспеў паспрабаваць сябе ў будаўнічым і сэрвісным атрадах. У апошнім працаваў афіцыянтам у пяцізоркавымі гатэлі. Успамінае, што менавіта ў сэрвіс-атрадзе атрымліваў больш за ўсё. «За месяц можна было спакойна зарабіць рублёў 500. На гэтыя грошы рэальна жыць».

Дзмітрый, дарэчы, ужо год працуе ў той гасцініцы — яго аформілі па дагаворы падраду. Спачатку быў афіцыянтам, цяпер правярае пакоі. Пары ў хлопца ў другую змену, таму работу бярэ на раніцу.

— Гэтая часовая падпрацоўка, — папярэджвае. — Пазней я планую пайсці на курсы ў ІТ-кампанію і ў далейшым там працаваць.

На заробленае Дзмітрыю ўдалося купіць новы тэлефон, схадзіць з дзяўчынай у кавярню. Жартуе, што другі пункт расходаў вельмі дарагі.

На гадзінніку поўдзень — час паабедаць. Атрадаўцы бягуць у бытоўку па «ссабойкі». А мы працягваем гутарыць з імі.

Па­пра­ца­ва­лі — мож­на і па­ес­ці.

Дзіяна БЯЗЗУБЕНКА, трэцякурсніца філфака, у студатрадзе першы раз.

— Жыццёвы вопыт, набыты ў бабулі на агародзе, вельмі спатрэбіўся, — усміхаецца. — Цяпер не так хутка стамляюся і магу зрабіць работы нават крыху больш за іншых. Не шкадую, што запісалася ў атрад, мне падабаецца. Тут адпачываеш на свежым паветры.

Адзіная складанасць — паралельна трэба рыхтавацца да сесіі. А паколькі байцы вучацца на розных спецыяльнасцях, экзамены ва ўсіх розныя — канспект на полі разам не пачытаеш.

Будучы філолаг Ілона ЖАЎТОК заканчвае чацвёрты курс. Расказвае, што ў ліпені таксама будзе працаваць у студатрадзе: можа, на сельскагаспадарчым прадпрыемстве, а можа, у «Мінсктрансе» — кантралёрам. Але і падчас навучальнага года дзяўчына без работы не сядзела. Часам па выхадных, калі прыязджала на радзіму ў Астравец, спявала на вяселлях. Заробленае адкладала на адпачынак. «Планую паехаць у жніўні, яшчэ не вырашыла куды».

Па падліках Ілоны, мінімальны пражытковы мінімум для студэнта — 200 рублёў. Гэта калі траціцца толькі на ежу. А калі хочаш набываць што-небудзь з адзення і ў кіно хадзіць, то на месяц рублёў 400 спатрэбіцца.

Але шопінг і забавы — пазней. Пакуль чакаюць грады. «На два тыдні забыліся на манікюр. Нічога, пасля змены будзем аднаўляцца, — смяецца дзяўчына. — Нам тут не сумна».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Патушыць «зялёны пажар»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.