Вы тут

Збіраюць мікраскопы, куюць жалеза. Беларускі ў нетыповых прафесіях


«Выбіраць прафесію трэба не па прэстыжнасці і даходнасці. Задайце сабе пытанне: ці застанецца гэта справа вам цікавая, калі за яе не будуць плаціць і калі вы будзеце жыць на ненаселеным востраве? Калі двойчы адказваеце «так», гэта ваша», — раіць каваль Аксана КІРЫЛЮК. Яна ведае, пра што кажа: сама некалі вучылася на эканаміста-міжнародніка, але на нелюбімай рабоце доўга не затрымалася.

Паводле статыстыкі, большасць беларусак заняты ў сферы аховы здароўя, сацыяльных паслуг, адукацыі, гандлю, фінансаў. Але гэта не адзіныя прафесійныя шляхі для жанчыны.


«Баялася, што мяне чакаюць брудныя цэхі»

Галіна КУРАЧКІНА працуе электразваршчыкам ручной зваркі на Гомельскім хімічным заводзе. У прафесію яна прыйшла 38 гадоў таму — выпадкова.

— Калі я паступала ў вучылішча, збіралася быць апаратчыкам. Але дзяўчына ў прыёмнай камісіі прапанавала: «Не хочаш пайсці на зваршчыка?» Яна сама ім працавала і лічыла прафесію перспектыўнай.

Спачатку не ўсё лёгка давалася. Канструкцыі пасля зваркі развальваліся, даводзілася перарабляць. Галіна складанасцяў не баялася: праца падабалася, таму нават думак не было яе кінуць.

На сваім заводзе яна адзіная жанчына-зваршчык. «У мужчынскім калектыве адчуваю сябе выдатна», — усміхаецца. І дадае: калі па святах прыходзіць на работу ў сукенцы, калегі, якія прывыклі бачыць яе ў спецадзенні, не пазнаюць.

Дочкі Галіны дынастыю зваршчыц не працягнулі. Жанчына ставіцца да гэтага з разуменнем: да работы павінна ляжаць душа.

Оптык-механік Галіна ЧУГАЕВА таксама трапіла ў прафесію воляй лёсу. Пасля школы не паступіла адразу ва ўніверсітэт і, каб не губляць час, пайшла на 10-месячныя курсы. Хвалявалася, што на рабоце яе чакаюць брудныя шумныя цэхі, але ўсё аказалася не так страшна.

На прадпрыемстве «Пеленг» Галіна збірае метэаралагічнае абсталяванне, касмічныя датчыкі, мікраскопы. «Мне цікавы сам працэс», — тлумачыць.

Веданне механікі, якое дзяўчына атрымала на працы, карыснае і ў паўсядзённым жыцці. «Дома магу адрамантаваць усё», — кажа Галіна.

У цэнтры — каваль Аксана КІРЫЛЮК.

Калі жанчын дапусцяць у вадалазы?

Кіроўца-выпрабавальнік, токар, фрэзероўшчык, ляснічы... Гісторыі беларусак з нетыповымі для жанчын прафесіямі расказвае фотавыстаўка «Яе справа», якая адкрылася ў сталічным культурным цэнтры «Корпус». Яна стала часткай праекта «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

— Мы хочам паказаць моладзі, якія кар'ерныя шляхі існуюць, бо межы паміж традыцыйна мужчынскімі і жаночымі прафесіямі сціраюцца, — адзначае кіраўнік праекта Леа ОРА.

Летась Міністэрства працы і сацабароны склала прагноз патрэб рынку працы на найбліжэйшыя пяць гадоў. Чакаецца, што попытам з боку наймальнікаў будуць карыстацца рабочыя прафесіі ў сферы прамысловасці і будаўніцтва. У топе таксама акажуцца інжынеры розных кірункаў.

Аднак у Беларусі не ўсе спецыяльнасці даступныя спадарыням. 181 прафесія (сярод іх шахцёр, вадалаз, кіроўца міжнароднага аўтобуса) — у спісе забароненых для жанчын. Каб штосьці з яго выключыць, павінны палепшыцца ўмовы працы.

— Узровень бяспекі на вытворчасці павышаецца, таму пералік паступова становіцца меншым: не так даўно ў ім было больш за 250 прафесій, — заўважае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН. — Спіс рыхтуе наша міністэрства, але ініцыятыва па выключэнні пэўнай спецыяльнасці можа ісці і ад прадпрыемстваў.

Выстаўка «Яе справа» адкрыта да 10 красавіка. У аб'ектыве фатографа Яўгена Ацецкага аказаліся работніцы прадпрыемстваў Мінска, Салігорска, Наваполацка, Гомеля і іншых гарадоў.

Кампетэнтна

Партрэт спецыяліста будучыні

Ці паспявае сістэма падрыхтоўкі кадраў рэагаваць на новыя выклікі? Рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый ГАЛУБОЎСКІ ўпэўнены, што для гэтага ёсць усё неабходнае:

— Па-першае, мы наладзілі ў сферах прамысловасці і будаўніцтва шчыльную працу пры міністэрствах, стварылі сектаральныя саветы, куды ўвайшлі прадстаўнікі найбольш устойлівых прадпрыемстваў. Задача гэтых саветаў — фарміраваць прафесійны партрэт спецыяліста для будучай эканомікі, бо толькі кампаніі могуць сказаць, якія функцыі з'явяцца ў работніка з прыходам новых тэхналогій. Па-другое, на падставе гэтых патрабаванняў мы ўносім змены ў змест адукацыйных праграм і ствараем па краіне сетку рэсурсных цэнтраў, аснашчаных высокатэхналагічным абсталяваннем. Напрыклад, па профілі машынабудавання ёсць рэсурсныя цэнтры ў Мінску, Барысаве, Гомелі, ствараецца ў Оршы. Мы пайшлі такім шляхам, бо разумеем, што ў кожную навучальную ўстанову купіць сучаснае абсталяванне не паспеем — пакуль у дзясятую будзем набываць, у першай ужо састарэе.

Ёсць гнуткі механізм абнаўлення адукацыйных праграм. Па меры таго як з'яўляецца новая тэхналогія, мы карэктуем асобныя раздзелы ў аператыўным рэжыме. Сёлета даведаліся пра штосьці — ужо з наступнага года гэта будзе вывучацца. Калі на нашай пляцоўцы няма патрэбнага абсталявання, студэнт можа прайсці практыку на прадпрыемстве. Нарматыўная база дазваляе гэта зрабіць. Мы можам ва ўнісон развівацца з рэальным сектарам эканомікі ці нават апярэджваць яго, а не даганяць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.