Вы тут

Пуцяводны голас вакзала. Хто на ім працуе дыктарам


Ці задумваліся вы, хто просіць Пецю падысці да мамы, якая чакае яго каля кас, і папярэджвае, што цягнік на Брэст затрымліваецца? Алена СТРЭЖ — адна з васьмі дыктараў станцыі Мінск-Пасажырскі. Мы распыталі яе, каго бяруць на такую работу, колькі аб'яў за дзень даводзіцца чытаць і ці можна рабіць у мікрафон заўвагі пасажырам.


Дыктарская — гэта невялікі кабінет на другім паверсе вакзала. Сцены абшыты гукаізаляцыйнымі панэлямі — каб не было рэха і не фаніла.

На стале перад Аленай — камп'ютар з раскладам цягнікоў, пульт з мікрафонам і чатыры тэлефоны. Адзін — унутрыстанцыйны, другі — гарадскі, па трэцім паведамляюць, на якія пуці прыедуць цягнікі.

— А гэты, — паказвае суразмоўніца на чацвёрты тэлефон — для сувязі са станцыяй Інстытут культуры. Бачыце ноўтбук? Мы ўключаем аб'явы і для іх.

Бацькі Алены таксама працавалі на чыгунцы. Мама — прыёмаздатчыкам, тата — спачатку начальнікам станцыі, потым дзяжурным па аддзяленні. Чаму дачка пайшла па іх слядах?

— Мне падабаецца працаваць у вялікай арганізацыі, тут стабільнасць, — тлумачыць яна.

Калі Алена паступала ў профільнае вучылішча (цяперашні Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту імя Юшкевіча), думала падацца ў праваднікі. Але не прайшла камісію па зроку, таму абрала спецыяльнасць білетнага касіра. Пасля заканчэння вучобы працавала ў даведачным бюро, а гадоў сем таму стала дыктарам.

— Адмысловых курсаў у нас няма — усё асвойваем на месцы. Я пачынала падменнай — выходзіла на работу за тых, хто ў водпуску, хварэе. Добра памятаю сваю першую аб'яву. Я забылася, як правільна казаць, войкнула і адключылася, — усміхаецца дыктар. — Самым складаным аказалася пераадолець сарамлівасць.

Сёння большасць аб'яў чытае электронны голас (ён належыць Русі, салістцы гурта Shumа). А раней усё рабілася «ўручную». Колькі разоў за змену дыктар выходзіў у эфір, Алена ўжо і не памятае — вельмі шмат. Прыводзіць прыклад: кожны рэйс (за гадзіну іх можа быць дзесяць) патрабуе мінімум тры аб'явы.

— Тады і цягнікоў было больш, тых жа паўднёвых — у Феадосію, Еўпаторыю, Сімферопаль. Цяпер засталіся, лічы, толькі на Запарожжа і Мінеральныя Воды, — кажа суразмоўніца. — Аб'явы мы чыталі па-руску і па-беларуску, а калі рэйс міжнародны — яшчэ і па-англійску. У 2014-м, калі ў Мінску праходзіў чэмпіянат свету па хакеі, аб'яўлялі цягнікі на трох мовах. Не ўсе, вядома, — наўрад ці ў Асіповічы ездзіла шмат замежнікаў.

Алена прызнаецца: тады пасля змены дома зрэдку размаўляла. «Стамлялася горла, язык заплятаўся. Хоць я балбатушка па жыцці».

Гадоў пяць таму працэс стаў больш аўтаматызаваны. На камп'ютары дыктара ўстаноўлена праграма, у якой ён закладвае расклад, прастаўляе пуці, куды будуць прыязджаць цягнікі. Праграма сама ўключае аб'явы. Але работніку трэба сачыць за часам, каб нічога не прапусціць, упэўніцца, што цягнік на месцы, перш чым запрасіць пасажыраў на пасадку.

Сваім голасам дыктары папярэджваюць, што хтосьці згубіўся, забыў дакументы ці білеты на касе, паведамляюць пра пазаштатныя сітуацыі.

— Патрэбна ўважлівасць, бо адначасова даводзіцца апрацоўваць шмат інфармацыі. Змена доўжыцца 12 гадзін, і, каб не страціць канцэнтрацыю ў канцы рабочага дня, робіш гімнастыку. Стрэсавыя сітуацыі бываюць, вядома. Калі нешта спазняецца, ламаецца, ты павінен выбачыцца перад пасажырамі і спакойна ўсё растлумачыць.

...Алена націскае кнопку на пульце. «Тум-тум-тум», — гучыць знаёмая музыка. «Паважаныя пасажыры...», — зачытвае дыктар чарговае паведамленне.

— На старым пульце пасля аб'явы трэба было яшчэ раз націснуць на кнопку. І ведаю, што часам на гэта забываліся — рэцэпт піражкоў чулі ўсе, — жартуе жанчына.

Агаворкі? Бывалі, смяецца суразмоўніца: то «Вічэбск» скажаш, то «Магалёў».

— Я не пакутую ад праблем з горлам, у мяне рэдка знікае голас — можа, музычнае мінулае дае аб сабе знаць: у школе я спявала ў народным хоры. Калі нос закладзены, ты ахрып, пажадана ісці на бальнічны, бо аб'явы гугнявым голасам будуць гучаць незразумела і непрыемна. Але мы стараемся адразу лячыцца: падключаем чаі, пшыкалкі, ледзянцы.

Цікава, што не ўсе знаёмыя Алены пазнаюць яе голас на вакзале — мікрафон скажае.

Якія патрабаванні пры адборы дыктараў?

— Добрае вымаўленне, прыемны тэмбр: не надта высокі і не надта нізкі. Галасы з хрыпатцой не падыходзяць, — пералічвае жанчына. — З радыё і тэлебачання да нас не прыходзілі. Усе, каго памятаю, — з чыгункі.

З дыктарскай, дарэчы, з дапамогай джойсціка можна кіраваць відэакамерамі на некаторых платформах.

— Часам наводзім на пасажыраў, бачым, як тыя кураць у неналежным месцы.

— Заўвагу робіце?

— Калі заўважаю штосьці падазронае, паведамляю дзяжурнаму памочніку начальніка вакзала.

У вольны час Алена займаецца рукадзеллем, пяць гадоў таму захапілася вышыўкай. А нядаўна ёй падарылі ткацкі міні-станок, праўда, пакуль не было магчымасці яго апрабаваць. Кажа: «Я чалавек уседлівы, таму, напэўна, мне і працуецца тут добра».

Спяваць дыктар па-ранейшаму любіць. Прызнаецца: калі б запрасілі паўдзельнічаць у якім творчым конкурсе, з задавальненнем пагадзілася б.

Алене падабаецца падарожнічаць чыгункай. У дзяцінстве, напрыклад, кожнае лета выпраўлялася да бабулі ў Архангельскую вобласць. Ездзіла на цягніку таксама ў Львоў, Кіеў, Пецярбург — работнікам раз на год даюць бясплатныя білеты на міжнародны напрамак.

— Вядома, у іншых гарадах звяртаю ўвагу на работу дыктараў: як складаюць аб'явы, як часта іх даюць. Заўсёды думаю: вось бы схадзіць у госці, паглядзець, як у іх там.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.