Добрая навіна для студэнтаў, чыё лета праходзіць на бабуліных градах, — навыкі праполкі можна «прадаць». Напрыклад, уладкаваўшыся ў сельскагаспадарчы атрад. Адзін з такіх, у складзе якога хлопцы і дзяўчаты з БДУ, якраз цяпер працуе на ўніверсітэцкім вучэбна-вопытным прадпрыемстве «Шчомысліца».
У гадавальніку дэкаратыўных раслін разводзяць дрэвы, кусты, хвойнікі і кветкі. Амаль усё гэта прадаецца сталічным службам азелянення. Студэнты сюды прыходзяць на практыку часта. Хлопцы і дзяўчаты з біялагічнага факультэта ставяць доследы над раслінамі: бяруць тут узоры і вырошчваюць у лабараторыі ў прабірках. Ці вывучаюць паразітычныя грыбы. А студэнты геаграфічнага факультэта бяруць пробы грунту.
Тыя ж, хто трапіў летам на працу ў атрад, шчыруюць у асноўным на праполцы.
— Мы прасілі на чэрвень людзей паболей, бо ўсе сілы ідуць на тое, каб патушыць «зялёны пажар». Выратаваць пасевы ад пустазелля — галоўная задача. Дзесьці дапамагаюць гербіцыды, але не ўсё можна даверыць «хіміі», — тлумачыць першы намеснік дырэктара прадпрыемства Дзмітрый КАЛБАНАЎ. — У ліпені стане крыху лягчэй з праполкай, можа, будзем прыцягваць моладзь да чаранкавання.
Барацьба з пустазеллем у студэнтаў пачынаецца з васьмі раніцы. Пакуль іх аднакурснікі адсыпаюцца, байцы атрада ўжо на палявых «пазіцыях» — з матыкамі, тачкамі і працоўным настроем.
Адседзецца ўбаку не атрымаецца — плацяць за колькасць выкананай работы. Расцэнкі такія: за квадратны метр — дзевяць капеек. Студэнты кажуць, што за дзень паспяваеш прапалоць каля 50 метраў, а значыць, зарабіць чатыры рублі. Усяго за змену (два тыдні) атрымліваецца рублёў 50. Плюс самым старанным паабяцалі прэмію.
Камісар атрада Таццяна СЛІНЧАК вучыцца на трэцім курсе эканамічнага факультэта. Яна — будучы спецыяліст па фінансах і крэдытах.
— Я стараюся актыўна ўдзельнічаць у жыцці ўніверсітэта. Ужо не першы год уступаю ў студэнцкі атрад. Прычын некалькі. Так у актывістаў больш шанцаў атрымаць пакой у інтэрнаце, а таксама гэта новыя вопыт, знаёмствы, невялікі, але заробак.
Летась дзяўчына ездзіла ў лагер важатай. На гэты год вырашыла паспрабаваць сябе ў іншай дзейнасці. Да працоўнага месца не вельмі далёка дабірацца, таму застаецца больш вольнага часу.
Цікавімся: колькі сёння студэнту трэба грошай на месяц? Таццяна задумваецца. «Мінімум — рублёў 150: на ежу, праязны, інтэрнэт... Расходаў хапае». Пакрываць іх дзяўчыне дапамагаюць бацькі — падпрацоўкі ў яе няма. Тлумачыць, што складана сумяшчаць дзённае навучанне і работу, бо наймальнікі звычайна шукаюць спецыялістаў на поўную стаўку.
На што патраціць студатрадаўскі заробак, будучы эканаміст пакуль не вырашыла. «Можа, куплю абанемент у басейн ці трэнажорную залу. Заўсёды трэба быць у форме», — усміхаецца.
Трэцякурснік мехмата Дзмітрый МАЧАЛАЎ грузіць пустазелле на тачку.
— Працаваць не асабліва складана — толькі калі спякотна бывае. Да таго ж прыемны калектыў, шмат прыгожых дзяўчат, — дзеліцца хлопец.
За мінулыя гады ён паспеў паспрабаваць сябе ў будаўнічым і сэрвісным атрадах. У апошнім працаваў афіцыянтам у пяцізоркавымі гатэлі. Успамінае, што менавіта ў сэрвіс-атрадзе атрымліваў больш за ўсё. «За месяц можна было спакойна зарабіць рублёў 500. На гэтыя грошы рэальна жыць».
Дзмітрый, дарэчы, ужо год працуе ў той гасцініцы — яго аформілі па дагаворы падраду. Спачатку быў афіцыянтам, цяпер правярае пакоі. Пары ў хлопца ў другую змену, таму работу бярэ на раніцу.
— Гэтая часовая падпрацоўка, — папярэджвае. — Пазней я планую пайсці на курсы ў ІТ-кампанію і ў далейшым там працаваць.
На заробленае Дзмітрыю ўдалося купіць новы тэлефон, схадзіць з дзяўчынай у кавярню. Жартуе, што другі пункт расходаў вельмі дарагі.
На гадзінніку поўдзень — час паабедаць. Атрадаўцы бягуць у бытоўку па «ссабойкі». А мы працягваем гутарыць з імі.
Дзіяна БЯЗЗУБЕНКА, трэцякурсніца філфака, у студатрадзе першы раз.
— Жыццёвы вопыт, набыты ў бабулі на агародзе, вельмі спатрэбіўся, — усміхаецца. — Цяпер не так хутка стамляюся і магу зрабіць работы нават крыху больш за іншых. Не шкадую, што запісалася ў атрад, мне падабаецца. Тут адпачываеш на свежым паветры.
Адзіная складанасць — паралельна трэба рыхтавацца да сесіі. А паколькі байцы вучацца на розных спецыяльнасцях, экзамены ва ўсіх розныя — канспект на полі разам не пачытаеш.
Будучы філолаг Ілона ЖАЎТОК заканчвае чацвёрты курс. Расказвае, што ў ліпені таксама будзе працаваць у студатрадзе: можа, на сельскагаспадарчым прадпрыемстве, а можа, у «Мінсктрансе» — кантралёрам. Але і падчас навучальнага года дзяўчына без работы не сядзела. Часам па выхадных, калі прыязджала на радзіму ў Астравец, спявала на вяселлях. Заробленае адкладала на адпачынак. «Планую паехаць у жніўні, яшчэ не вырашыла куды».
Па падліках Ілоны, мінімальны пражытковы мінімум для студэнта — 200 рублёў. Гэта калі траціцца толькі на ежу. А калі хочаш набываць што-небудзь з адзення і ў кіно хадзіць, то на месяц рублёў 400 спатрэбіцца.
Але шопінг і забавы — пазней. Пакуль чакаюць грады. «На два тыдні забыліся на манікюр. Нічога, пасля змены будзем аднаўляцца, — смяецца дзяўчына. — Нам тут не сумна».
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/selskagaspadarchy-atrad
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[6] https://zviazda.by/be/tags/shchomyslica