Вы тут

Амаль 2700 перасяленцаў з Украіны атрымалі дапамогу ад Чырвонага Крыжа


Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа пачало аказваць падтрымку перасяленцам з Данецкай і Луганскай абласцей яшчэ з пачатку ваеннага канфлікту. За гэты час яе атрымалі каля 60 тысяч чалавек. Адзін з відаў дапамогі — ваўчары на суму 100 рублёў у месяц. Летась іх выдалі амаль 2700 чалавекам.


Дзмітрый РУСАКОЎ, начальнік аддзела па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі і вышуку таварыства, растлумачыў, што ваўчары прадугледжаны для пяці груп перасяленцаў: цяжарных, кормячых жанчын, шматдзетных і няпоўных сем'яў (з двума і больш малымі), пенсіянераў. Улічваецца таксама даход. Калі ён меншы за 200 рублёў на чалавека, то гэта падстава для аказання грашовай падтрымкі. Тым, хто мае патрэбу, аказваецца медыцынская дапамога. Яе сума можа даходзіць да некалькіх тысяч долараў.

Усяго Беларускі Чырвоны Крыж рэалізуе больш за 20 праектаў у розных кірунках. Напрыклад, навучаюць навыкам першай дапамогі: летась такі трэнінг прайшлі 22,4 тысячы жыхароў Беларусі. Арганізуюць таксама курсы па доглядзе дома для сваякоў хворых, сацыяльных работнікаў, медперсаналу. Дапамогу тых, хто знаходзіцца ў цяжкіх сітуацыях, аказвае Служба сясцёр міласэрнасці, якую плануюць развіваць і ў рэгіёнах. Летась на дзейнасць службы было затрачана 846 тысяч рублёў. 40 % гэтай сумы — сродкі дзяржзаказу, 33 % — членскія ўзносы і ахвяраванні беларусаў, 27 % — грошы спонсараў (напрыклад Беларускай чыгункі).

Міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ лічыць, што грамадства варта больш інфармаваць пра праекты, якія рэалізуе таварыства, каб прапагандаваць гуманістычныя ідэалы. Менавіта таму ў красавіку паміж ведамствам і Беларускім Чырвоным Крыжам было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. З 8 мая да 1 верасня праводзіцца рэспубліканскі конкурс для СМІ на найлепшае асвятленне гуманітарнай дзейнасці Чырвонага Крыжа ў краіне і свеце. Конкурс прысвечаны 70-й гадавіне прыняцця Жэнеўскіх канвенцый.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: У цэнтры ўвагі — уразлівыя слаі насельніцтва

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.