Вы тут

На Гомельшчыне валанцёры Чырвонага Крыжа дапамагаюць ляжачым хворым з ВІЧ інфекцыяй


Сёння, у Сусветны дзень хоспіснай і паліятыўнай дапамогі, на Гомельшчыне хворыя, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, шчыра дзякуюць медсёстрам, малодшым сёстрам міласэрнасці, валанцёрам Беларускага Чырвонага Крыжа. У Гомельскай абласной арганізацыі БЧК ужо шосты год аказваюць паліятыўную надомную дапамогу ляжачым хворым з ВІЧ інфекцыяй. Для іх гэта спосаб палегчыць боль, імкнуцца вырашыць псіхалагічныя, сацыяльныя і духоўныя праблемы, дзякуючы такой падтрымцы, — сваімі гісторыямі падзяліліся адрасаты дапамогі.


— Жыла звычайным жыццём, працавала сацыяльным педагогам у школе. У мяне заўсёды былі праблемы са зрокам, але потым пачала рэзка яго страчваць, кружылася галава, я губляла прытомнасць. Аднойчы мяне з падазрэннем на інсульт забрала «хуткая». У бальніцы высветліўся мой страшны дыягназ. Праляжала там каля чатырох месяцаў, выпісалі са страшнымі пролежнямі. У мяне не працавалі ні рукі, ні ногі, – аб сваёй жыццёвай сітуацыі распавяла інвалід першай групы, 43-гадовая Аксана з Рэчыцы.

Жанчына ўжо больш за пяць гадоў жыве з ВІЧ. Медыцынская сястра Беларускага Чырвонага Крыжа аказвае падапечнай надомную дапамогу тры разы на тыдзень.

— З’явіўся шанец на годнае жыццё. У мяне ўжо няма гэтых мокрых пролежняў — яна усё загаіла, і гімнастыкай са мной стараецца займацца, вучыць, як мне даглядаць сябе, і маму маю шмат чаму навучыла ў доглядзе, і маіх знаёмых, — шчыра дзякуе медсястры за дапамогу Аксана.

Па словах жанчыны, вельмі важна, што яна можа разлічваць на дапамогу медыка ў атрыманні тэрапіі.

— Нават не ведаю, хто б дапамагаў, бо нямногія ведаюць мой дыягназ. Увогуле, калі б не догляд і добрае сэрца супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа, не ведаю, што было б са мной. Таму хачу сказаць дзякуй за вялікую дапамогу, асабліва людзям з маім дыягназам, — перадае адрасат паліятыўнай дапамогі Беларускага Чырвонага Крыжа з Рэчыцы.

Сваё гісторыяй падзяліўся і падапечны Пётр са Жлобіна. Ляжачаму мужчыне з ВІЧ забяспечваюць не толькі медыцынскі догляд, яму таксама дапамаглі вырашыць шмат сацыяльных пытанняў, з якімі доўгі час хворы не мог разабрацца самастойна.

— Пра сваё захворванне даведаўся падчас шпіталізацыі ў неўралагічнае аддзяленне з мікраінсультам у 2018 годзе. У адно імгненне для мяне абрынуўся ўвесь свет… Мой стан увесь час пагаршаецца: дрэнна працуючы левы бок цела, невыразная гаворка і моцныя болі не даюць магчымасці даглядаць сябе. Жыву ў прыватным доме з мамай, якая пакутуе ад цяжкай формы цукровага дыябету. Ёй вельмі цяжка было спраўляцца з хатнімі справамі, пакупкамі і дапамогай мне, — распавёў Пётр.

Валанцёры дапамаглі падапечнаму аднавіць згублены даўно пашпарт, прайсці абследаванне. Зараз для мужчыны рыхтуюцца дакументы на атрыманне групы інваліднасці.

— Наша сястра міласэрнасці рэгулярна прыходзіць. І ціск памерае, і прынясе прадукты і лекі, і дапаможа пераслаць пасцель, і прынясе падгузнікі, і прыгатуе, і прыбярэцца ў хаце. Дапамога проста неацэнная! — перадае словы падзякі адрасат паліятыўнай дапамогі са Жлобіна.

Догляд за хворымі, якія знаходзяцца на позніх стадыях ВІЧ-інфекцыі, страцілі цалкам або часткова здольнасць самастойна клапаціцца аб сабе, маюць патрэбу па стане здароўя ў старонняй дапамозе — надзвычай важны кірунак паліятыўнай дапамогі.

— У Гомельскай вобласці гэты праект рэалізуецца з 2018 года ў рамках выканання дзяржаўнай сацыяльнай замовы Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама ў галіне прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, — адзначыла галоўная медыцынская сястра Гомельскай абласной арганізацыі БЧК Марына Кундас.

На Гомельшчыне медыка-сацыяльная і паліятыўная надомная дапамога асобам з ВІЧ аказваецца ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне.

— Сёння ў Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа на абслугоўванні знаходзяцца 36 чалавек, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе. З пачатку года супрацоўнікамі Чырвонага Крыжа аказана звыш пяці тысяч паслуг і звыш сямісот наведванняў, — дадала Марына Кундас.

Між тым на Гомельшчыне з 2010 года ў Светлагорску працуе мультыдысцыплінарная каманда па аказанні паліятыўнай дапамогі у хатніх умовах ВІЧ-інфіцыраваным людзям. Падапечныя ў райцэнтры атрымліваюць комплексную дапамогу ад псіхолагаў, медыцынскіх сясцёр, малодшых сясцёр міласэрнасці, валанцёраў.

У цэлым у рэгіёне каля 20 чалавек аказваюць дапамогу такому віду падапечных Чырвонага Крыжа ў якасці валанцёраў. Дапамагаюць з дастаўкай прадуктаў, хатняй уборкай, прыгатаваннем ежы, а тым, хто жыве ў прыватных дамах, – у догляде прысядзібнай тэрыторыі, чыстцы снега ў халодны сезон.

— Валанцёрамі паліятыўнай дапамогі, як правіла, становяцца людзі з вельмі вялікім пачуццём міласэрнасці, у каго ёсць вялікае жаданне дапамагчы. У тым ліку гэта людзі, якія ведаюць пра ВІЧ-інфекцыю і гатовы працаваць з такімі падапечнымі, — падзялілася галоўная медыцынская сястра Гомельскай абласной арганізацыі БЧК.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскай абласной арганізацыі БЧК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.