Вы тут

Ці прыжываецца традыцыйная культура на сучаснай глебе?


Усё часцей мы бачым рэплікі (ад французскага replіque — копія), якія адсылаюць нас да традыцыйнай культуры. Элементы арнаменту выкарыстоўваюцца ў рэкламе. Біркі з заклікам «Купляйце беларускае!» — на гандлёвых паліцах. Раённыя фестывалі сёння прапануюць гасцям разнастайную аздобу для адпачынку — ад прысмакаў па мясцовых рэцэптах да жартаў на любы густ.

Аднак сумясціць аўтэнтыку і сучаснасць не так проста. Напрыклад, у Лепелі рэалізавана цудоўная ідэя са скульптурай Лепельскага цмока. І ўсё было б добра, але побач з міфалагічнай пачварай прымасціўся яшчэ адзін фальклорны персанаж. Неабазнанаму турысту, можа, і ўсё роўна, ці ёсць у бронзавай русалкі хвост, але чалавек дасведчаны адчуе, скажам так, няёмкасць, бо ў беларускім фальклоры азёрныя дзяўчаты ніякіх хвастоў не мелі.

Ці важна перадаваць дакладнасць у традыцыйных сімвалах і якім чынам старыя звычаі могуць стаць бліжэй да сучаснага чалавека? Пра гэта на старонках «Звязды» паразважалі кандыдат філалагічных навук этнограф Янка Крук і дырэктар музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Лазука.


Расфарбаваны для сцэны

Слова «фальклор» аб'ядноўвае ў сабе агромністы пласт культуры — гэта абрады, звычаі, спеўнае мастацтва, танец, прыкметы і многае іншае. Прыблізна ў 70-я гады пачаўся магутны працэс урбанізацыі, людзі з вёсак імкнуліся ў гарады, але іншы рытм жыцця вымагаў іншых звычак. Спеўная традыцыя пачала губляцца. У 90-я гады пачаўся так званы працэс нацыянальнага духоўнага адраджэння, дзеці былых вяскоўцаў захацелі захаваць традыцыі бабуль і дзядуль. Вясковае насельніцтва ў асобных мясцінах зменшылася настолькі, што жыхары не маглі «выцягваць» на сабе ўсю абрадавую спадчыну, так фальклор паціху пачаў перамяшчацца на сцэну. Пад уплывам канцэртных патрабаванняў аўтэнтычны строй паступова замяняўся больш каляровым аналагам, так што цяпер большасць народных калектываў выходзяць да гледача ў касцюмах, распрацаваных дызайнерамі па матывах, але без дачынення да традыцыйнага ўбрання жыхароў пэўнай мясцовасці.

— Я б сказаў, што ў нас сёння існуе два фальклоры: спрадвечны вясковы і сцэнічны, распаўсюджаны больш шырока, — разважае Янка Крук. — Гадоў 20 назад я быў катэгарычна супраць таго, каб перад публікай выконваліся абрадавыя песні. Фрагменты вяселляў, радзін, жніво, Каляды — ва ўсім гэтым прысутнічае аспект сакральнасці, важнага этапу жыцця чалавека, і яго немагчыма было ўявіць як забаўку. Але рэаліі змяніліся, і цяпер трэба прыняць і, як ні парадаксальна гучыць, падтрымліваць такія выступленні, бо гэта адзіная магчымасць захаваць традыцыйную песню і танец.

Ва ўсім свеце, лічыць даследчык, і ў нас таксама ідзе працэс самаідэнтыфікацыі моладзі. Хлопцы і дзяўчаты шукаюць адказы на пытанні «Хто я?» і «Адкуль я?». Іншая справа, што працэс гэты не існуе без цяжкасцяў.

— Звычайнага закліку «Будзьце патрыётамі!» недастаткова. Перад тым як нешта падтрымліваць, чалавек павінен гэта прыняць і палюбіць, — разважае Янка Крук. — І так атрымалася, што людзі ахвотней усяго аб'ядноўваюцца агульнай мінуўшчынай. Мы давяраем і паважаем тых, хто мае багатыя традыцыі. І было б дзіўна выглядаць на фоне суседзяў народам «без памяці і ўласнага твару».

Этнограф прызнаецца, што яму блізкі вобраз матрошкі, калі самая маленькая дэталь захоўвае ў сабе вобраз вялікага. Арнаментны сімвал на гадзінніку, татуіроўка, якую «набівае» сабе моладзь, пры ўмове, што чалавек знайшоў свае карані, становіцца не проста знакам, а эмблемай асобнага роду. Аднак з гэтым існуе праблема.

— Вельмі часта за сімвалам няма сэнсавага напаўнення. А без яго сімвалам можа стаць наогул любы прадмет, нават нетыповы для беларускай культуры. Возьмем, для прыкладу, ежу. Праводзяцца кулінарныя шоу па старажытных рэцэптах, існуюць цэлыя фестывалі накшталт «Мотальскіх прысмакаў». Але там перад наведвальнікам адкрываецца толькі эстэтычны аспект ежы: прыгожа і смачна. Тое самае можна сказаць пра любую добра прыгатаваную страву. На жаль, мала хто расказвае, навошта яна гатавалася. Губляецца з-пад увагі найбагацейшы матэрыял, праз які можна даведацца пра менталітэт продкаў. Так, напрыклад, цеста для вясельнага каравая нельга было мясіць кулакамі, каб у маладой сям'і ніхто не падымаў руку на блізкага. Здаецца, маленечкая дэталь, аднак разам з кавалкам каравая чалавек мог бы атрымаць і кавалак сваёй гісторыі.

Апрацоўка словам і кувалдай

Фестывалі і часта прымацаваныя да іх Гарады майстроў дазваляюць паглядзець на багацце рэгіянальных культур Беларусі. Чалавек «уключаецца» ў дзеянне — водзіць карагод, скача цераз вогнішча, разам з ганчаром вырабляе збанок і разам з ткачыхай сядзіць за кроснамі. Гэтым фестывалі адрозніваюцца ад канцэрта, дзе паміж публікай і выступоўцамі існуе бар'ер.

Яшчэ адна цікавая з'ява культурнага асяродку апошніх часоў — папулярызацыя рыцарскіх фэстаў. Хлопцы шчыра жывуць сваім захапленнем — куюць латы, вывучаюць узоры зброі і прыёмы бою старажытных воінаў, шукаюць звесткі па музеях і па інтэрнэт-рэсурсах. Энтузіясты ўласным прыкладам і эмацыянальнасцю захопліваюць наведвальнікаў. Бывае, што цікаўнасць гледача можа перарасці ў нешта большае.

— Хочацца верыць, што з часам у нас стане больш фестываляў на традыцыйных святах, а ў выступленнях сучасных рыцараў з'явіцца яшчэ і выхаваўчы аспект акрамя прыгожага шоу. Не трэба доўга і нудна вучыць гасцей, дастаткова расказаць, навошта гэта робіцца, — лічыць Янка Крук. — Няхай адны займаюцца адраджэннем танцаў, другія — воінскіх звычаяў, трэція — абрадавай дзейнасці — і ўсе разам аб'ядноўваюцца, скажам, агульнай нацыянальнай праграмай па аднаўленні культурнай спадчыны.

Пакуль такіх маштабных праектаў не прадбачыцца. Тым не менш навукоўцы могуць па ўласным пачынанні падштурхнуць працэс самаідэнтыфікацыі суграмадзян.

— Тыповая сітуацыя, што фундаментальныя даследаванні застаюцца ў вузкім коле навукоўцаў і да грамадскасці даходзяць у абмежаваным выглядзе. Між тым сёння мы маем цудоўныя ўмовы для распаўсюджвання інфармацыі. Няхай напачатку гэта будуць якасныя ілюстраваныя выданні. Потым — выхад на радыё, тэлебачанне і, безумоўна, у інтэрнэт. Трэба яго выкарыстоўваць як мага шырэй, задзейнічаць абмеркаванні ў сацыяльных сетках і на форумах. Дарэчы, цяпер мы з камандай маладых людзей распачынаем праект па стварэнні канала, дзе я паспрабую расказваць пра традыцыйную культуру, — дзеліцца Янка Крук планамі. — Так з'явіцца адна крыніца інфармацыі для гледача. Іншы даследчык створыць свой канал, і такім чынам адбудзецца абмен меркаваннямі. На мой погляд, навука сёння павінна быць менавіта такой — прагматычнай і нацэленай на вынік.

Новыя жыцці слуцкага пояса

— Не кожную доктарскую працу ўдасца адразу прымяніць да жыцця, — тлумачыць уласную пазіцыю Барыс Лазука. — Часам працэс адаптацыі адбываецца ў некалькі этапаў. Фундаментальныя даследаванні неабходныя, каб на іх грунце выбудоўваліся практыка-арыентаваныя работы.

У сваю чаргу навуковец выдзяляе іншую праблему, з якой сутыкаюцца вучоныя.

— На жаль, не ўсе ў нашым грамадстве разумеюць важнасць навуковых даследаванняў у практычнай дзейнасці. Напэўна, сказваецца агульны недахоп комплекснасці ведаў. У грамадстве найперш цэняцца спецыялісты ў пэўнай прафесіі, і таму не кожны будучы інжынер або тэхнолаг разумее, навошта выкладчыкі чытаюць яму курс па філасофіі або гісторыі мастацтваў. Аднак «неабавязковыя» прадметы накшталт сацыялогіі, культуралогіі і іншых дысцыплін выхоўваюць адметны светапогляд і пашыраюць кругагляд. Без іх той жа інжынер будзе працаваць толькі па пратаптанай папярэднікамі сістэме: «як было ўчора, так будзе і заўтра».

Безумоўна, абуджэнне асобы немагчыма ўявіць яшчэ і без культурна-традыцыйнага падмурка. Калі нематэрыяльныя аб'екты і сімвалы можна неяк пераасэнсаваць, то што рабіць з рэчыўнымі прадметамі побыту? Той жа ручнік або пояс неслі на сабе не толькі практычную, але і сэнсавую нагрузку, аднак у сучасным жыцці яны выглядаюць архаічна. Адказ, на першы погляд, падаецца простым: выкарыстоўваць прадметы ў якасці сувеніраў. Барыс Лазука прапануе разгледзець праблему на прыкладзе слуцкіх паясоў.

— У нашай краіне знаходзіцца не надта вялікая колькасць сапраўдных, аўтэнтычных слуцкіх паясоў. І таму перад сувенірнай вытворчасцю паўстае два шляхі. Першы — рабіць поўныя копіі з арыгіналаў і тыражаваць іх. Другі — узяць за аснову матывы і колькі заўгодна кампанаваць з іх «навадзелы», захоўваючы пры гэтым стылістыку аўтэнтычнага слуцкага пояса.

Фактычна, другі варыянт прапануе тое, чым якраз займаліся майстры Маджарскія на слуцкай фабрыцы ў другой палове XVІІІ стагоддзя. Іншая справа, з'яўляецца такі скампанаваны з асобных элементаў пояс гістарычнай рэплікай ці сучаснай падробкай пад яе.

— Часта бачу легкадумнае стаўленне да сувенірнай вытворчасці. Вытворца бярэ першую-лепшую выяву, як ён лічыць, старажытнага вырабу, і на яе аснове стварае свой выраб. Пры гэтым не пацікавіўшыся нават, ці сапраўды рэч на малюнку мае адносіны да традыцыйнай культуры, кім зроблена візуальная падборка — вучоным-даследчыкам ці аматарам без патрэбных ведаў. У выпадку з гліняным збанком мы проста дэзынфарміруем пакупніка. З каштоўнымі рэчамі ўсё не так. На іх стварэнне выдаткоўваюцца значныя грошы, адпаведна, яны выкарыстоўваюцца дзеля праўдзівага адлюстравання народных традыцый.

Галінкі на бандане

— Мяркую, сфера выкарыстання слуцкіх паясоў, іншых культурна-гістарычных аб'ектаў куды больш шырокая, чым сувенірная прадукцыя. Мне давялося сустрэцца з Наталляй Дакучаевай, гаспадыняй адной з прыватных майстэрняў, якая займаецца вырабам керамікі. Жанчына прыдумала афармляць сервізы, выкарыстоўваючы элементы з матывамі аздобы пояса Вітаўта, прычым роспіс быў не звычайнай калькай з арыгінальнага ўзору, а па-мастацку пераасэнсаваны. Майстрыха марыла ў будучыні прыўнесці на кубкі і талеркі матывы ўзораў слуцкага пояса, — успамінае Барыс Андрэевіч. — Чамусьці людзі ўспрымаюць арнаменты як нейкі блок ведаў, што не паддаецца сістэматызацыі. Адсюль узнікаюць пытанні накшталт: «А ці можна выкарыстоўваць вось гэты ўзор на кубку/кашулі/ручніку?» Такія пытанні могуць узнікнуць з-за няведання асноўных матываў арнаменту. Напрыклад, афармленне «галаўных» частак слуцкага пояса можна раздзяліць на матывы з кветкамі, букетамі, медальёнамі, вазонамі, расцвіўшымі галінкамі, хвалістымі воблачкамі... Усе даследаванні даўно апісаны і выкладзены ў ілюстраваных выданнях. Дастаткова толькі не паленавацца і схадзіць у бібліятэку. Дарэчы, падчас лекцый у Акадэміі мастацтваў я прапаную студэнтам прыкласці да сучасных патрэб нейкі аб'ект старажытнасці. Трапляліся прапановы выкарыстоўваць узоры разьбы ХVІІІ стагоддзя ў аздабленні сучаснай мэблі, карнізаў, упрыгожванні фасадаў дамоў. Дзяўчына з аддзялення дызайну архітэктурна-будаўнічага каледжа прыдумала выкарыстоўваць фрагменты аздаблення слуцкага пояса для афармлення палатняных сумак, якія цяпер становяцца папулярнымі ў моладзі. Другая вучаніца ўбачыла магчымасці рэплік пры вытворчасці біжутэрыі — пярсцёнкаў, караляў, завушніц, бранзалетаў. А яшчэ адзін іх калега па навучанні прыдумаў выкарыстоўваць матывы слуцкага пояса для пашыву... адзення для байкераў! Напачатку ідэя падалася мне наогул нежыццяздольнай, аднак хлопец прынёс эскізы, і стала зразумела, што гэта можа атрымацца вельмі цікавым рашэннем. Ён выбраў фрагмент з прарослымі галінкамі на чорным фоне як асноўны матыў для банданы.

Як бачна, традыцыйны арнамент існуе не толькі на вышымайках. Рэплікамі да старажытнасці карыстаецца, напрыклад, адна з беларускіх швейных майстэрняў. Майстры ствараюць дзелавыя касцюмы з фрагментамі арнаментацыі і нават — вышэйшы пілатаж — элементамі традыцыйнага крою.

— Зрэшты, не маю нічога супраць вышымаек, — удакладняе Барыс Лазука. — Хутчэй наадварот, я шчыры прыхільнік гэтай тэндэнцыі і шчаслівы, што яна ў нас з'явілася. Не трэба разглядаць вучоных як нейкіх «цэрбераў», што з радасцю пачнуць крытыкаваць кожную недакладнасць. Наша задача не ў забаронах. «Ганенні» і абмежаванні прывядуць толькі да згубы першых спроб з'яднаць культурныя здабыткі продкаў з нашым сучасным жыццём. Кваліфікаваны даследчык адкрыты для размовы, гатовы тлумачыць і паказваць. Мы ведаем матэрыял, а вось у вас ёсць ідэі, якім чынам яго пераасэнсаваць і прымяніць, кіруючыся сучаснымі інтарэсамі. Адзінае — і творцы, і вытворцы не заўсёды гатовыя прыслухоўвацца да даследчыкаў. Адсюль зашыфраваны ў вобразнай форме пасыл гучыць на некаторых рэчах няправільна і недарэчна. Задача вучоных якраз і складаецца ў тым, каб выпраўляць хібы, скіроўваць да асэнсаванага выкарыстання сімволікі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Рэчаіснасць і русалчыны хвасты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.