Вы тут

Прафсаюз лічыць неабходным змяніць сістэму аплаты ў бюджэтнай сферы


Суадносіны заробку бюджэтнікаў і заробку ў цэлым па краіне складаюць 76 працэнтаў. Па норме ж, прапісанай у генеральным пагадненні, гэты паказчык павінен быць не ніжэйшым за 80 працэнтаў.


— Сярэдні заробак у работнікаў бюджэтных арганізацый у студзені — сакавіку склаў 686,6 рубля. Але гэта «сярэдняя тэмпература па бальніцы». Такія лічбы атрымаліся ў выніку сярэдняга арыфметычнага ўсіх супрацоўнікаў — і высокааплатных, і нізкааплатных, — а таксама з улікам каэфіцыента сумяшчальніцтва. На наш погляд, толькі аптымізацыяй функцый і колькасці занятых праблемы заробку не вырашыць. Трэба ў корані змяняць сістэму аплаты ў бюджэтнай сферы, — уздымае пытанне старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна ФІЛІМОНАВА.

Міністэрствам працы і сацабароны ўжо падрыхтаваны нарматыўныя прававыя акты з канкрэтнымі прапановамі. У іх прадугледжваецца ўстанавіць базавую стаўку (замест тарыфнай стаўкі першага разраду) на ўзроўні бюджэту пражытковага мінімуму, перайсці ад цэнтралізаванага да змешанага рэгулявання аплаты працы, пашырыць правы кіраўнікоў бюджэтных арганізацый у стымуляванні падначаленых за ініцыятыву і паспяховасць.

Яшчэ адна прапанова прафсаюзаў — замацаваць заканадаўча норму аб працягненні ці перазаключэнні кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі.

— Такая норма сёння ўключана ў якасці рэкамендацыйнай у генеральнае пагадненне. Таксама яна перанесена ў тарыфныя пагадненні паміж Міністэрствамі культуры, інфармацыі, спорту і турызму і Цэнтральным камітэтам галіновага прафсаюза на 2016—2018 гады і многія калектыўныя дагаворы. Але для таго, каб норма прымянялася паўсюдна, каб выключыць суб'ектывізм пры прыняцці рашэння аб працягненні працоўных адносін з работнікамі, лічым неабходным замацаваць яе ў Працоўным кодэксе, — кажа Таццяна Філімонава.

За мінулы год колькасць Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму павялічылася на 257 чалавек. Пярвічных прафсаюзных арганізацый стала больш на 73.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Прэмія за ініцыятыву і добрыя вынікі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.