Вы тут

Філімонава: Можна казаць прыгожыя словы, але гучней кажуць рэальныя справы


Спорт, турызм, культура і сродкі масавай інфармацыі — тое, з чым кожны сутыкаецца амаль штодзень. Сферы добра вядомыя і зразумелыя амаль кожнаму. І гэта іх аб’ядноўвае. Але ў кожнай з гэтых галін безліч асаблівасцяў, нюансаў і задач. 

І часам яны настолькі розныя, што нават цяжка ўявіць, як усе гэтыя сферы можна спалучыць. Але практыка паказвае, што гэта цалкам магчыма.

«Культура сёння закранае ўсе сферы нашага жыцця. Гэта не проста пафасныя словы. Культура — гэта душа народа. Спартсмены прадстаўляюць нашу краіну на міжнароднай арэне, ствараюць яе пазітыўны імідж і праслаўляюць перамогамі. Спартсмены і дзеячы культуры — сапраўдныя лідары думкі. А прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі транслююць гэтыя меркаванні, перадаюць важную для грамадства інфармацыю, абараняюць сваю краіну ў вайне, якая сёння разгортваецца на інфармацыйным полі», — сцвярджае Таццяна Філімонава, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. У інтэрв’ю «Звяздзе» яна расказала, як аб’яднаць тры вялікія галіны і чым прафсаюз карысны спартсменам, людзям культуры і СМІ.


З кіраўніцтвам ГА «Ветэраны фізічнай культуры і спорту»

— Таццяна Васільеўна, тры вялікія галіны, якія ўваходзяць у ваш прафсаюз, на першы погляд, зусім розныя, але насамрэч вельмі блізкія. Як удаецца іх аб’яднаць і працаваць у трох кірунках?

— Не буду хлусіць і казаць, што ўсё лёгка і проста. У нашага прафесійнага саюза тры сацыяльныя партнёры, тры Тарыфныя пагадненні (галоўны дакумент, які заключаецца прафсаюзам з міністэрствам і распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў). Звычайная дзейнасць прафсаюза ў нас памножана на тры. Акрамя таго, і галіны ў нас зусім розныя, і гэтым выкліканы пэўныя складанасці. Але разам з тым магчымасць работы адразу з трыма галінамі садзейнічае ўзбагачэнню. Узаемаадносіны з галінамі прыводзяць да таго, што я, мае калегі ў абласцях, супрацоўнікі апарату змушаны быць разнапланавымі, валодаць і ведаць спецыфіку кожнай галіны, абменьвацца досведам. Ніхто не забараняе некаторыя аспекты з культуры прымяняць у медыясферы. Гэта таксама прагрэс. Я сама часта задумвалася, калі б у нас быў прафсаюз, напрыклад, толькі работнікаў культуры, мы працавалі б, гэта цікавая галіна. Але мы не бачылі б спецыфічных момантаў са спорту ці з інфармацыі і не маглі б дапаўняць іншыя сферы. Прывяду просты прыклад. Мы штогод ладзім галіновыя спартакіяды. У праграме адныя і тыя ж віды спорту, адна і тая ж пляцоўка — комплекс «Стайкі». Але кожная спартакіяда праходзіць абсалютна па-рознаму. 

І кожная галіна прыўносіць нешта сваё. Мінспорту прапанавала уключыць у праграму спартакіяды кулявую стральбу, усім спадабалася. Мінкультуры прапанавала ўключыць летні біятлон на лыжаролерах — найскладанейшы, траўманебяспечны від спорту, але яны выдатна з ім справіліся. І ўжо спартсмены захацелі ў праграму сваёй спартакіяды ўключыць гэты від. Атрымліваецца, здаровая канкурэнцыя карысная ўсім. У нашым прафсаюзе лёгка не бывае, але ў нас дакладна не сумна, гэта сто працэнтаў.

І я разумею, што ўся наша няпростая работа не праходзіць дарма, калі бачу зацікаўленыя вочы маладых людзей. Мы цяпер праводзім акцыю — прымаем студэнтаў у члены прафсаюзаў. 

У мяне радуецца сэрца, калі я назіраю маладых зацікаўленых людзей. Яны бачаць у прафсаюзах магчымасць рэалізацыі сваіх ідэй, праектаў, ім гэта цікава. І гэта іх аб’ядноўвае. Але яны ўсе розныя. Адзін дзень я выступаю ва ўніверсітэце культуры, на другі дзень — ва ўніверсітэце фізічнай культуры. І гэта абсалютна розныя людзі, хоць яны і равеснікі. Але я бачу, што ўсе яны нераўнадушныя, актыўныя, таленавітыя.

— Дзеячы культуры сёння запатрабаваны на шматлікіх рэспубліканскіх, абласных і іншых мерапрыемствах, журналісты знаходзяць новыя формы работы, развіваюцца. А вось спорт перажывае глыбокі крызіс, звязаны з адхіленнем нашых атлетаў ад міжнародных стартаў. Як прафсаюз падтрымлівае іх у гэтай складанай сітуацыі?

— Можна казаць прыгожыя словы, але гучней кажуць рэальныя справы. Як толькі ў 2020 годзе пачалася пандэмія каранавіруса і адно за адным сталі адмяняцца шматлікія спаборніцтвы, мы зразумелі, што нашым спартсменам патрэбна падтрымка. Усё ж такі для спартсменаў, як і для дзеячаў культуры, вельмі важна прызнанне іх заслуг, — што ўтойваць, гэта некалькі ганарыстыя людзі ў добрым сэнсе гэтага слова. І ў 2020 годзе мы заснавалі сваю прэмію ў галіне фізічнай культуры і спорту ў пяці намінацыях «Спартсмен года», «Спартсменка года», «Трэнер года», «Каманда года» і «За волю да перамогі». Прэмія ўручаецца раз на два гады, і сёлета нам адправілі заяўкі сем алімпійскіх чэмпіёнаў. Гэта сведчыць аб тым, што наша прэмія для спартсменаў вельмі важная. Прафсаюзная прэмія — гэта прызнанне народа, яна паказвае, што чалавек зрабіў для краіны і для народа. 

І мне вельмі прыемна, што з кожным годам статус прэміі расце. І мы са свайго боку імкнёмся павышаць яе прэстыж. І ўжо першакурснікі задаюць мне пытанне, што трэба зрабіць, каб стаць лаўрэатам прэміі. Яны толькі пачалі вучыцца, а ўжо разумеюць, якіх мэт у жыцці ім трэба дасягнуць.

— Пераможцай у намінацыі «За волю да перамогі» стала прызёр чэмпіянату свету па фехтаванні на інвалідных калясках Крысціна Фяклістава. Гэта намінацыя была прыдумана спецыяльна для паралімпійцаў?

— Не зусім так. Намінацыя «За волю да перамогі» прысуджаецца людзям, якія пераступілі праз шматлікія цяжкасці і перамаглі. На адным з турніраў Крысціне спалілі яе касцюм, а яна выйшла і перамагла. 

У 2021 годзе пераможцай у гэтай намінацыі стала Аксана Петрушэнка, чэмпіёнка дэфалімпійскіх гульняў. Паралімпійцы — унікальныя людзі, яны змагаюцца ўсё сваё жыццё і пры гэтым умеюць радавацца кожнаму дню. Гэта людзі, якія, як ніхто іншы, умеюць цаніць дабро і быць удзячнымі. На шматлікіх сустрэчах са студэнтамі, з працоўнымі калектывамі я прыводжу паралімпійцаў у прыклад як людзей, якія цэняць кожную хвіліну жыцця і стараюцца пражыць яе годна. Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфалімпійскіх відах спорту вельмі малады, адкрыты толькі ў 2016 годзе. І сёння гэта адзіны РЦАП, у якім усе супрацоўнікі з першага дня стварэння пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі на 100 працэнтаў — члены прафсаюза. Гэта вельмі красамоўна характарызуе іх. Заўсёды, якім бы насычаным ні быў мой графік, я прыйду да паралімпійцаў, калі яны запрашаюць, усё адмяню, а да іх прыйду.

— Як правіла, спартсмен запатрабаваны, калі прыносіць медалі. Ветэраны спорту, на жаль, часта застаюцца ў цені. Вядома, што ваш прафсаюз шчыльна супрацоўнічае з грамадскім аб’яднаннем «Ветэраны фізічнай культуры і спорту». Як склалася гэта супрацоўніцтва?

— Я назвала бы гэта не супрацоўніцтвам, а хутчэй сяброўствам. Я добра ведаю Антаніну Уладзіміраўну Кошаль, старшыню гэтага грамадскага аб’яднання. Мы з ёй землякі — родам са Смалявічаў. І я памятаю, як у дзяцінстве глядзела на яе як на куміра. Нашы ветэраны спорту — унікальныя людзі. Яны дасягнулі алімпійскіх вяршынь, яны першыя праславілі нашу краіну. Гэтыя людзі — сапраўдная энцыклапедыя спартыўнага досведу і жыццёвай мудрасці. І вельмі прыемна, што яны не замкнуліся ў сабе, гатовы сустракацца з моладдзю, перадаваць свой досвед. Мы павінны ведаць сваю гісторыю, у тым ліку спартыўную. Не будзе вялікага спорту, калі мы не будзем ведаць яго гісторыю, не будзем ведаць, як дасягала сваіх перамог папярэдняе пакаленне. Я прыйшла працаваць у прафсаюз 1 верасня 2005 года, і шмат з нашых ветэранаў яшчэ працавалі ў спартыўнай сістэме. Гэта людзі, з якімі даўно знаёмыя, і я жалезна ўпэўнена, што, калі спатрэбіцца, яны прыйдуць на дапамогу. Разам з грамадскім аб’яднаннем «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» мы праводзім спартакіяду сярод ветэранаў. І бачу, што ў спаборніцтвах удзельнічаюць маладыя людзі, ад якіх зыходзіць шалёная энергія. І, што важна, усе з іх — члены прафсаюза. Так, многія спынілі сваю працоўную дзейнасць, але былых членаў прафсаюза не бывае, таму мы ўспрымаем іх як старэйшае пакаленне членаў нашай вялікай сям’і.

— У склад зборнай Беларусі на ІІ Гульнях краін СНД, што прайшлі ў жніўні, было ўключана 75 выхаванцаў прафсаюзных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. 57 з іх сталі медалістамі Гульняў. Таццяна Васільеўна, у чым сакрэт поспеху прафсаюзных ДЮСШ?

— Прафсаюзныя школы ў большасці дзейнічаюць пры прафкамах буйных прадпрыемстваў. І займаюцца ў іх пераважна дзеці супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства. У нашых школах шмат гадоў запар працуюць дасведчаныя трэнеры, яны выдатна ведаюць сваіх дзяцей і іх бацькоў. Прафсаюзныя школы, магчыма, не такія вялікія, але яны ўсе матываваныя і нацэленыя на высокія вынікі, бо ўсе адзін аднаго ведаюць. І я думаю, што сакрэт поспеху ў гэтым — у скрупулёзнай рабоце з дзецьмі. Заўважу, што выхаванцы прафсаюзных школ паказваюць добрыя вынікі ў традыцыйных відах спорту — плаванні, лёгкай атлетыцы, барацьбе, веславанні, у якіх назапашаны вялізны досвед.

— Таццяна Васільеўна, зразумела, што пакуль рана падводзіць вынікі года. Але за 10 месяцаў працы ў 2023 годзе што ўжо можна вылучыць?

— Мы кожны год ставім сабе амбіцыйныя мэты і задачы. І адна з іх, яна ж і наша вечная праблема, — зарплата ў работнікаў культуры і мастацтва. Сёлета спецыялісты нашага прафсаюза праехалі ўсе раёны і паглядзелі, з чаго складаюцца заробкі культработнікаў, каб разумець, як вырашаць гэту праблему. Сярэдні заробак культработнікаў сёння складае каля 60 працэнтаў да ўзроўню сярэдняга заробку па краіне. Існуе такі складнік заробку, як «надбаўка па кантракце». Гэта норма рэгламентуецца Працоўным кодэксам, дзе дакладна прапісана, што яна павінна складацца да 50 працэнтаў ад зарплаты. 

А нашы спецыялісты, прааналізаваўшы сітуацыю, убачылі, што ў многіх выпадках гэта надбаўка складае 3–5 працэнтаў, 10 — у лепшым выпадку. А ў той жа час у тарыфным пагадненні з Мінкультам прапісана, што яна павінна складаць не менш як 30 працэнтаў. І мы пачалі кропкава працаваць з усімі арганізацыямі, дзе надбаўка меншая за 30 працэнтаў. І практычна ў 100 працэнтах нашы рэкамендацыі па павелічэнні надбаўкі па кантракце не менш як да 30 працэнтаў наймальнікі пачулі. Другое пытанне, якое мы сур’ёзна ўзнялі, — прыцягненне работнікаў культуры да працы ў выхадныя дні. Усе разумеюць, што культработнік працуе, калі ўсе адпачываюць, гэта нармальна. Але Працоўны кодэкс у нас адзіны для ўсіх. І ў ім сказана, што, калі чалавек у свой выхадны дзень прыцягваецца да працы, гэта павінна быць афіцыйна аформлена і ён павінен атрымаць або дадатковы выхадны, або даплату. Але, на жаль, часта гэта вырашаецца па званку ў асабістай размове. Таму ў тарыфным пагадненні мы прапісалі вельмі важную норму — незалежна ад таго, на колькі гадзін супрацоўнік прыцягваўся да працы ў выхадны дзень, наймальнік павінен даць яму адзін дзень адпачынку. Гэта пакуль самыя відавочныя вынікі нашай работы за гэты год. Падрабязней пра іх варта пагаварыць пазней.

— А што наконт планаў на будучыню?

— Безумоўна, мы будзем працягваць прытрымлівацца намечанага курсу. І прыадкрыю заслону таямніцы: у 2024 годзе мы плануем заснаваць сваю прэмію для работнікаў сродкаў масавай інфармацыі. У культуры такая прэмія ёсць, у спорце ёсць. Гэта як у сям’і, дзе трое дзяцей — нельга заахвочваць дваіх і абдзяляць трэцяга.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.