Вы тут

Свет, расфарбаваны беларусамі


Ён стракаты, але ўсё ж па-нашаму збалансаваны. Як можа быць, калі яго паказвае заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”». Нават калі артысты выконваюць танцы розных народаў свету, у тым, як яны гэта робяць, адчуваецца наш характар. Ужо 30 гадоў.


Зрэшты, дзякуючы гэтай круглай даце Беларусь зможа пабачыць праграму «Фарбы свету» — падчас юбілейнага тура па краіне. Сталічныя гледачы ўжо бачылі на сцэне Палаца Рэспублікі ансамбль «Белыя росы», які пастаянна прапісаны ў Гродне. Але рэальна жыве ў дарозе, прычым ездзіць па свеце, паказвае праз музыку, песні і танцы Беларусь. Каб яе можна было адчуць нават на адлегласці.

Здавалася б, спакуса сучасных танцавальных шоу адцягнула ўвагу ад таго спрадвечнага, што можна ўжо пазначыць статусам культурнай каштоўнасці. Але калі гучыць «Лявоніха», калі яе танцуюць з імпэтам, міжволі пачынаеш прытупваць, не думаючы, што сядзіш у глядзельнай зале, а яны — артысты — далёка на сцэне. Ці вось яшчэ «Рэпка» — так бы і дапамог выцягнуць. А калыханку падпяваць хочацца ці не хорам — усёй залай…

Ансамбль мае свой пазнавальны стыль, а танцы з беларускім каларытам у яго выкананні прыцягваюць увагу замежнікаў. Прычым міжнародная слава прыйшла хутка пасля заснавання. Напрыклад, у 1991 годзе ансамбль «Белыя росы» выступаў у Давосе на эканамічным форуме. І нездарма гэты калектыў прадстаўляе нашу дзяржаву падчас дзён культуры ў розных краінах: ад Кітая да Іспаніі. Іспанскія крытыкі прызнавалі ансамбль з Беларусі найлепшым калектывам, які гастраляваў у гэтай краіне ў 1998 годзе.

Што праўда, большую частку свайго часу ён праводзіць на канцэртных пляцоўках Еўропы, паказвае аблічча Беларусі, у прыватнасці заходняй яе часткі: бабуліны песні і танцы, фальклор гэтага асаблівага рэгіёна (ствараюцца яго сучасныя пералажэнні дзеля прыцягнення моладзі) падкрэсліваюць адметнасць культуры памежнай тэрыторыі.

Мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар — заслужаная артыстка Беларусі Вера Войнава працуе ў «Белых росах» з 1987 года. У 2003 годзе яна ўзначаліла калектыў, з’явіліся праграмы «Аповесць былога сучасным пяром», «Славянскі праект», «Чым багаты», «Аконца на ўсход сонца». Пашырылася геаграфія гастрольных тураў. У 2005 годзе «Белыя росы» адзначаныя дзяржаўнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі ў намінацыі «Харэаграфічнае мастацтва».

А яшчэ праз пару гадоў ансамбль аддзяліўся ад Гродзенскай філармоніі, стаў самастойнай установай культуры. Цяпер гэта даволі вялікі калектыў, які аб’яднаў каля 100 супрацоўнікаў, сярод якіх не толькі артысты, але і тэхнічныя ды адміністратыўныя работнікі. Вялікае памяшканне, уласная студыя гуказапісу, музычныя інструменты, каля трохсот сцэнічных касцюмаў, якія таксама з’яўляюцца адметнымі творамі, якія нясуць каларыт нашай краіны, што знаходзіцца паміж Усходам і Захадам. А гродзенскі рэгіён увабраў ці не ўсе самыя адметныя рысы, што адлюстравана ў яго фальклоры. Менавіта ён становіцца асноўнай крыніцай для стварэння новых кампазіцый і праграм, якія рыхтуе калектыў разам з Верай Войнавай.

Але ж такая праграма, як «Фарбы свету», патрабавала адмысловага падыходу: на пастаноўку танцаў народаў свету запрашалі майстроў, якія ведаюць каларыт сваіх краін. Таму што «іспанец танчыць не так, як швейцарац… рускі — не так, як француз… Нават у правінцыях адной і той жа дзяржавы мяняецца танец. Паўночны рус не так танчыць, як славянін паўднёвы, як паляк, як фін: у аднаго танец “гаворыць”, у другога ён беспачуццёвы, у аднаго — шалёны, разгульны, у другога — спокойны... Адкуль нарадзілася такая разнастайнасць танцаў? Яна нарадзілася з характару народа, яго жыцця, ладу заняткаў», — разважаюць у ансамблі. Каб перадаць гэта — сыграць ды станцаваць — трэба быць прафесіяналамі.

І даказваць гэта новымі творамі. Як падарунак да юбілею — сабе і гледачам — можна разглядаць праграму «Сямён дзень», якой таксама наканавана пайсці ў народ: ансамбль з Гродна штогод дае каля 150 канцэртаў у Беларусі і за межамі: нас хочуць бачыць не падобнымі да іншых, менавіта з тымі фарбамі і нотамі, што існуюць на нашай зямлі.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.