Вы тут

Што ў талерцы вучня?


З пачатку навучальнага года ў Гродзенскай вобласці за парушэнні ў сферы школьнага харчавання санітарнымі службамі складзена 246 пратаколаў. Выяўлены факты пратэрмінаваных прадуктаў, заніжанага выхаду гатовых страў, парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму. Вострую праблему абмеркавалі на калегіі Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.


Захоўванне тавараў пры тэмпературы 18 градусаў цяпла.

З пачатку навучальнага года праверана большасць сярэдніх навучальных устаноў вобласці. Сярод небяспечных фактараў у школьным харчаванні санітарныя службы называюць прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці, якіх было канфіскавана агульнай вагой каля 80 кг. У гэты спіс трапілі агуркі, немаркіраваныя каўбаса і сыр, сухары паніровачныя, яблыкі, памідоры, крупы. Па словах галоўнага ўрача Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мікалая Кендыша, недабраякасных прадуктаў адбіраецца менш, чым раней. Але сам факт іх наяўнасці наводзіць на думку, што гэта праблема застаецца даволі вострай. Таму і меры прымаюцца жорсткія. За дадзеныя парушэнні складзена 19 прадпісанняў з адміністрацыйным спагнаннем.

Далёка не ўсюды выконваецца санітарна-эпідэміялагічны рэжым — з ім звязана палова парушэнняў. Гэта і мыццё посуду, і прыборка памяшканняў, і асабістая гігіена. Начальнік упраўлення КДК Наталля Жур прыводзіць такія абуральныя факты праверкі: мутныя шклянкі, мокры посуд, талеркі з адбітымі краямі. На сцелажах побач з чыстым посудам стаіць і брудны, які пасля прыёму стравы не спяшаліся мыць. Калі б унутраны кантроль праводзіўся па-сапраўднаму, а не фармальна, такіх парушэнняў магло і не быць, канстатуе рэвізор. Як і наяўнасці бактэрыі кішачнай палачкі, якая выяўлена ў 13 пробах гатовай прадукцыі.

Брудныя і мокрыя шклянкі ва ўстанове адукацыі ў пасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёна.

Таксама Наталля Жур звярнула ўвагу на бедны асартымент некаторых школьных буфетаў — далёка не ўсюды можна набыць садавіну, бутэрброды, гарачую гарбату. У адной са школ прысутнічаў на вітрыне шакалад з алкаголем у складзе, іншыя пачастункі, продаж якіх у школе забаронены. Зафіксаваны праверкай і факт крадзяжу ў адной са школ Ваўкавыскага раёна, калі прадукты былі падрыхтаваны на вынас. У адной з лідскіх школ на момант праверкі на харчаблоку стаяла лужа, якая ўтварылася з-за прарыву водаправоднай трубы.

Яшчэ не ўсюды выкаранена практыка закупкі прадуктаў праз пасярэднікаў. У выніку кошт агародніны абыходзіўся камбінату школьнага харчавання амаль удвая даражэй. Гэта датычыцца і паставак цукру. У некаторых выпадках надбаўка дасягала 230%, што вяло да падаражання гатовых страў. А порцыі, у сваю чаргу, памяншаліся. Напрыклад, замест 100 г мяса клалася толькі 50. Часткова такая сітуацыя звязана з выкананнем грашовых нормаў. Але нельга скідаць з разліку і чалавечы фактар, зазначылі спецыялісты дзяржкантролю.

Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

— Галоўнай фігурай у арганізацыі харчавання школьнікаў з'яўляецца дырэктар навучальнай установы. Менавіта ён кантралюе і якасць прадуктаў, і парцыённыя нормы, і парадак на харчаблоку. У школе можа не быць еўрарамонту, але там павінна быць чыста і бяспечна. Праведзена значная работа па падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года, вышукваліся сродкі на новае абсталяванне кухань і сталовых. Пытанне харчавання школьнікаў было канструктыўна разгледжана на міжведамасным савеце, распрацаваны алгарытм дзеяння для ўсіх катэгорый работнікаў. У большасці выпадкаў не патрэбны фінансавыя затраты, каб выправіць сітуацыю.

Аляксандр Сангін, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:

— Тыя, хто корміць дзяцей, павінны перагледзець сваё стаўленне да працы. Толькі падчас узаемных праверак паміж раёнамі каля 600 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Тут у першую чаргу спрацоўвае чалавечы фактар, таму што ўсіх рэгламентуючых дакументаў хапае. Мы пачалі ратацыю кадраў. За неналежнае выкананне сваіх абавязкаў у сферы арганізацыі харчавання шэраг службовых асоб прыцягнуты да адказнасці, адзін з кіраўнікоў школ Лідскага раёна зняты са сваёй пасады.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.