15 Жнівень, серада

Вы тут

З успамінаў


Фота: findself.ru

Памятаю бацьку, калі мы яшчэ былі вельмі малыя і з Глыбокай вуліцы перабраліся на даўнюю Крыжову, 12 (цяпер Патоцкага). На Глыбокай бацька выдаваў газету «Грамадскі голас». Мы з радасцю наклейвалі маркі. Часам налеплівалі па дзве. Гэта было вельмі непрыемна, бо злосная пошта вяртала газеты, і іх трэба было яшчэ раз пасылаць. Ужо тады бацька меў дужа багата кніжак дый працаваў вельмі рупліва. Тая неверагодная працавітасць — гэта адна з прыкмет бацькі, якую я запомніў з самай ранняй маладосці. Узімку мы нярэдка бавіліся каля печы, пяклі ў млынку для кавы каштаны. Я або сястра сядалі ў таты на каленях (мы, дзеці, гаварылі заўсёды тату «ты», а маці — «вы»), і тата чытаў нам казкі. Тата, чытаючы плаўна, перакладаў з нямецкай мовы казкі братоў Грым, якія пакінулі ў нас незабыўныя ўражанні. Пасля тых казак я баяўся спаць адзін і ўначы ішоў да маці або да таты. Тата, калі быў у добрым настроі, любіў спяваць і напяваў часам мелодыі без слоў. Вельмі часта прыходзілі да нас сяляне, якія, бывала, заставаліся і нанач. ...Памяшканне на вул. Крыжовай, 12 было значна шырэйшае. Там было чатыры пакоі. Кутні пакой з балконам — гэта быў працоўны кабінет бацькі. Бацька любіў працаваць да позняе ночы, затое позна ўставаў. Бацька працаваў да 1—2 гадзіны ночы, а ўставаў а дзявятай.

...Бацька з задавальненнем апранаўся ў шэрае адзенне. Амаль заўсёды насіў вышываную сарочку. Любіў насіць нешнураваныя чаравікі з гумавымі бакамі. На ўрачыстыя прыёмы апранаў чорны «шлюсрок», рэдка фрак.

...У ядзе быў бацька надзвычай непераборлівы. Маці гатавала проста, але вельмі добра. На снеданне бацька піў каву з булкай (часта дамашняй), на абед былі: булён, вітамінавы суп з дадаткам шчаўя, крапівы, грыбоў, летам і восенню гародніна ды супы з гародніны, мяса і прысмакі. Бацька ніколі не курыў. У піцці быў вельмі стрыманы. Рэдка мог выпіць чарку віна «Злата Рыца» або якога іншага далмацінскага.

...Колькі памятаю, бацька ў размове быў стрыманы і не любіў шмат гаварыць, хоць заўсёды быў вясёлы і ветлівы. Заняты цяжкай працай, нам часу ўдзяляў мала. Са мной толькі раз ці два перарабіў урок па латыні.

...Бацька не быў ворагам спорту. Усіх чацвёра дзяцей выхаваў аматарамі фізічнай культуры і спартсменамі. Два сыны сталі настаўнікамі фізічнага выхавання. Усе былі заўзятымі вандроўнікамі, рыбаловамі і грыбнікамі. Сам да позняй старасці займаўся практыкаваннямі з вагой, затое не любіў празмернасці і не вельмі добра глядзеў, калі дзеці занадта шмат часу прысвячалі фізкультуры. Не быў спартсменам у сучасным значэнні гэтага слова. ...З актыўных відаў адпачынку бацька незвычайна любіў падарожніцтва і ў юнацтве пешшу абышоў большую частку Галіччыны. Бацька наогул вельмі любіў хадзіць і вандраваць. Ездзіў у Кіеў, Адэсу, на Рыўеру і г. д. Бацька не толькі сам хадзіў, але і заахвочваў іншых. Без сумневу, бацьку можна лічыць заснавальнікам украінскага турызму. Доўгі час марыў пра набыццё колаў (ровара); далей, зусім не любіў палявання, але затое захапляўся рыбалоўствам. ...Значна болей за вуду, якой амаль не карыстаўся, любіў бацька сачок і нерат.

...Калі мне было пяць ці шэсць гадоў, са мною здарылася вось якая прыгода.

Летам перад нашым домам працякала невялікая рэчка «вераб'ю па калена», але пасля дажджоў гэта была паважная рака, глыбінёй метры са два. Не паспелі скончыцца дажджы, як мы з сястрой Ганнай выйшлі паглядзець на рэчку. Вада дасягала кладкі. Я сеў на беразе, сястра таксама, і мы боўталі нагамі ў вадзе. Вада была мутная. А бераг быў гліністы. Не паспеў я крыкнуць, як сястра ўпала ў раку. Я гучна закрычаў, але Ганна знікла пад вадой. Тут жа з хаты выбег бацька і мігам як быў апрануты, не думаючы ані хвілі, скокнуў у ваду. Толькі з цяжкасцю вылавіў Ганну і вынес яе на бераг, у тую хвіліну я таксама зваліўся ў ваду. Зусім спакойна, — прымаючы гэта, відаць, за які-небудзь спорт, — пайшоў я на дно, падскочыў, вынырнуў, крыкнуў і зноў схаваўся ў вадзе. Бацька выцягнуў і мяне. У першую хвілю я не чуў страху. Нас неадкладна перанеслі і паклалі ў ложак. Бацька шкадаваў, што пры скачку ў ваду не было часу скінуць блузу і камізэльку, у якой на ланцужку насіў сярэбраны гадзіннік. Гадзіннік намок, але, пачышчаны, хадзіў далей. Значна-значна пазней бацька абмяняў яго на іншы ў Драгобычы, мабыць, з адвакатам доктарам Кобрыным, з нагоды аднаго судовага працэсу.

Калі я быў старэйшы і мы былі ў Даўгаполі, дзе жылі ў айца Попеля, бацька зноў праявіў незвычайную адвагу, калі ратаваў старэйшага брата Андрэя.

Ратаванне брата Андрэя адбылося вось як: у Даўгаполі плыве рака Белы Чарамош, якая там па велічыні раўняецца з Чорным Чарамошам у Жаб'ім. Па абодвух Чарамошах ідзе сплаў дрэва. Два разы, у засуху раз на тыдзень, адкрываюць дамбы ў Байтагулі, на Шыбеным, і пры тым узровень вады падымаецца на 0,5—1 м. Мы ўсе разам гулялі на бярвеннях і плытах, якія ляжалі на вадзе. Вада была вельмі празрыстая і чыстая. Яна яшчэ не падымалася. Уздым вады надыходзіў заўсёды даволі хутка і не заўсёды ў тую самую пару. Калі брат стаяў на адным плыце, прывязаным да берага, і заўзята веславаў стырном, пераадольваючы плынь, каб як мага далей адагнаць плыт на сярэдзіну ракі, вада паднялася. І пайшоў накатам мутны жоўты струмень. Брат загледзеўся на ваду, і ў тое самае імгненне пругкае стырно дало яму ў грудзі, і ён нібы грушка паляцеў у ваду. Мы скамянелі, але бацька мігам кінуўся за братам і выратаваў яго ў апошнюю хвіліну...

Пераклаў Юры КУР'ЯНОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі. 

Грамадства

Не багі гаршкі абпальваюць...

Не багі гаршкі абпальваюць...

...а ўдзельнікі шостага міжнароднага пленэру ганчароў, які нядаўна прайшоў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна.