Вы тут

Як рыхтавалі супрацоўнікаў міліцыі ў даваенныя гады


У гісторыі міліцэйскай адукацыі Беларусі ёсць знакавая падзея, якая да сённяшняга часу застаецца малавядомая. Менавіта ад яе пачаўся адлік прафесійнага міліцэйскага навучання ў нашай краіне. У 1921 годзе былі арганізаваны першыя курсы для падрыхтоўкі супрацоўнікаў міліцыі — «для каманднага складу Міліцэйскай службы пры Галоўным упраўленні рабоча-сялянскай міліцыі ССРБ».


Штамп Міліцэйскай школы пры Упраўленні міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР.

Арганізацыя міліцыі ў Беларусі як пастаяннага штатнага дзяржаўнага органа, пабудаванага на прафесіянальнай аснове, фактычна пачалася з восені 1920-га, пасля пераходу рэспублікі да мірнага будаўніцтва са стварэннем паўнавартаснай сістэмы бальшавіцкіх органаў улады і кіравання. Бо, як вядома, у 1917—1920 гадах на тэрыторыі Беларусі не сціхалі ваенныя дзеянні. Таму відавочна, што арганізацыя міліцыі ў Беларусі ў гэты час мела непастаянны характар і адбывалася на тэрыторыях, дзе часова ўсталёўвалася савецкая ўлада.

Стварэнне штатнага прафесіянальнага апарату савецкай міліцыі, якое разгарнулася ў 1921 годзе, безумоўна, патрабавала высокапрафесійных кадраў. Пытанне іх падрыхтоўкі разглядалася 13 сакавіка 1921 года на пасяджэнні калегіі Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС) ССРБ. (Як вядома, Галоўнае ўпраўленне рабоча-сялянскай міліцыі (Галоўміліцыя) ССРБ на правах самастойнай структурнай адзінкі ўваходзіла ў склад рэспубліканскага НКУС.) Калегія прымае рашэнне аб адкрыцці курсаў па перападрыхтоўцы міліцыянераў.

27 ліпеня 1921 года з'яўляецца гістарычны загад № 83с, падпісаны выконваючым абавязкі начальніка Галоўміліцыі ССРБ Філіпам Варганавым і начальнікам палітсакратарыята Галоўміліцыіі Леанідам Лявонавым і зацверджаны наркамам унутраных спраў Язэпам Адамовічам. Ён быў прысвечаны арганізацыі пастаянных «курсаў каманднага складу Міліцэйскай службы пры Галоўным упраўленні рабоча-сялянскай міліцыі ССРБ». У дадатках да загада былі зацверджаны: Палажэнне аб курсах, план і праграма, расклад заняткаў і штаты. Іх планавалася адкрыць не пазней 15 жніўня 1921 года, але фактычна яны пачалі працаваць у кастрычніку. Як вынікае са справаздачных дакументаў аб дзейнасці міліцыі Беларусі за 1921 год, набор курсантаў пачаўся 15 верасня.

Курсы былі чатырохмесячныя, але «ў сілу распараджэння начгалоўміліцыі з прычыны крайняга недахопу камскладу міліцыі» першы датэрміновы выпуск курсантаў адбыўся ўжо ў студзені 1922-га. У гэтым жа годзе на базе курсаў ствараецца першая адукацыйная ўстанова для прафесійнай падрыхтоўкі кадраў міліцыі — школа міліцыянераў пры Галоўміліцыі ССРБ, якой у 1925 годзе прысвоілі імя першага начальніка Мінскай народнай міліцыі М. В. Фрунзэ (далей — школа). Школа дзейнічала ў 1920—1930-х гадах. У другой палове 1920-х яна афіцыйна называлася «міліцэйская школа пры Упраўленні міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР», або «школа міліцыі імя Фрунзэ» (назвы засведчаныя на афіцыйных штампах гэтай установы). З 1923 па 1930 год школа выпусціла больш за 500 супрацоўнікаў малодшага каманднага складу міліцыі. З 1931 года перайшла на падрыхтоўку сярэдняга начальніцкага складу.

Сёння ў Мінску захаваўся будынак, у якім месцілася першая міліцэйская школа Беларусі. Ён знаходзіцца на праспекце Машэрава, якраз насупраць Акадэміі МУС, якая ў навучальным аспекце фактычна з'яўляецца пераемніцай згаданай школы. Пры гэтым варта заўважыць, што афіцыйная дата, з якой вядзе свой пачатак Акадэмія: 16 мая 1958 года — дзень стварэння Мінскага аддзялення завочнага навучання Вышэйшай школы МУС СССР, не ў поўнай меры адпавядае гістарычным рэаліям. Дата 27 ліпеня 1921 года ў большай ступені заслугоўвае быць сапраўднай датай нараджэння Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, паколькі менавіта з яе пачалося сапраўднае прафесійнае навучанне асабовага складу беларускай міліцыі.

Юры КУР'ЯНОВІЧ

Загаловак у газеце: Першыя міліцэйскія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».