Вы тут

Іван Франко зблізку


Сёлета наша краіна адзначае юбілей нацыянальных геніяў, Песняроў зямлі беларускай — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Шануючы памяць народных паэтаў, варта ўспомніць і тых славутых грамадскіх і культурных дзеячаў, пісьменнікаў, якія паўплывалі на іх творчае станаўленне. Сярод гэтых выдатных прадстаўнікоў сусветнай літаратуры імя вялікага ўкраінскага Каменяра — Івана Франко.


27 жніўня 1856 года ў вёсцы Нагуевічы Драгобыцкага павета на Львоўшчыне нарадзіўся адзін з найвядомых у свеце пісьменнікаў, публіцыст, перакладчык, філосаф, грамадскі дзеяч Іван Франко. Яго імем названы вуліцы і плошчы, паркі, універсітэты і тэатры, і нават цэлая вобласць — Івана-Франкоўская. Яго партрэт на ўкраінскай нацыянальнай валюце — 20-грыўневай купюры. Па прыблізных ацэнках спецыялістаў, творчы набытак Івана Франко налічвае некалькі тысяч твораў агульным аб'ёмам больш за 100 тамоў. На сёння найбольш поўны збор яго твораў складае 54 тамы (57 кніг).

Творы Івана Франко неаднаразова перакладаліся на беларускую мову. У гэтым кантэксце варта адзначыць, што сёлетні юбілейны год беларускага кнігадрукавання азнаменаваны таксама і 90-годдзем выхаду першай кнігі па-беларуску Івана Франко — казкі «Вароны і совы», што пабачыла свет у 1927 годзе ў выдавецтве «Чырвоная змена» (г. Мінск).

А 80 гадоў таму ў Львове выйшаў з друку біяграфічны нарыс малодшага сына вялікага Каменяра Пятра Франко «Іван Франко зблізу», урыўкі з перакладу якога я прапаноўваю нашым чытачам. Гэты твор з'яўляецца каштоўным мастацка-дакументальным партрэтам сямейнага жыцця славутага пісьменніка і раскрывае яго асобу з розных бакоў, асабліва ў адносінах да дзяцей. На гэты конт айцец Аляксій Валянскі, настаяцель царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў карпацкім сяле Крыварыўня, улюблёным месцы адпачынку сям'і Франко, у сваіх успамінах пісаў: «Да дзяцей, не толькі сваіх, але да ўсіх дзяцей, быў незвычайна ласкавы, а ў любові і пяшчоце да іх магла яму не адна жанчына і маці пазайздросціць».

Але напачатку колькі слоў пра аўтара ўспамінаў, выдатнага прадстаўніка галіцкай інтэлігенцыі Пятра Франко. Ён навуковец-хімік, педагог, пісьменнік, адзін з першых украінскіх авіятараў, першы дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Івана Франко ў Львове (сёння — Львоўскі нацыянальны літаратурна-мемарыяльны музей Івана Франко), і адзіны з дзяцей Івана Франко, хто нарадзіўся там, дзе іх бацька, — у вёсцы Нагуевічы.

У творчым набытку Пятра Франко, акрамя навуковых прац, падручнікаў і некалькіх дзясяткаў запатэнтаваных вынаходніцтваў у галіне хіміі, большасць з якіх звязаны з перапрацоўкай малака пры дапамозе электрычнасці, камедыі «Зайздросныя», «Марка Спатыкайла», аповесці «Ад Стрыпы да Дамаска», «Іван Франко зблізку» і «Іван Франко» (засталася незавершанай), а таксама шмат апавяданняў, частка якіх увайшла ў зборнік прозы «Дзядзька шкіпер».

Неабходна адзначыць, што Паўло Франко шмат зрабіў для папулярызацыі спадчыны свайго знакамітага бацькі. Перарабіў на драмы аповесці Івана Франко «Барыслаў смяецца», «Захар Беркут», казку «Без працы». Пераклаў на польскую мову яго паэмы «Майсей» і «Іван Вішанскі». Прымаў удзел у падрыхтоўцы 30-томнага выдання твораў Іван Франко, якое пабачыла свет у 1924—1929 гадах у Харкаўскім выдавецтве.

Юры КУР'ЯНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.