Вы тут

Бібліятэка ў Любенскім мікрараёне Гомеля памяняла прозвішча


У гонар Максіма Горкага яна называлася шмат гадоў, а цяпер стала насіць імя сусветна вядомага асветніка, які жыў на землях паўднёвага Палесся, — Кірылы Тураўскага. Гэта падзея была прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Дарэчы, нічога не бывае выпадкова. Больш за дваццаць гадоў ва ўстанове займаюцца духоўна-асветніцкай работай — у супрацоўніцтве з Гомельскай епархіяй.


Некалі, у канцы 90-х, мяне паклікалі ў гомельскую бібліятэку №11 (цяпер гэта філіял №8) для таго, каб параіцца, як ствараць невялічкую праваслаўную газету пад назвай «Лампада». Менавіта такім чынам у культурна-духоўным цэнтры, тут створаным, пачыналася выдавецкая дзейнасць адноўленай Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Суполка зацікаўленых людзей, якая рабіла першае аматарскае выданне, з таго часу не распалася. Больш за тое, вырасла і разгалінавалася.

Адсюль пачыналася абшчына царквы ў гонар Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць». Газета «Лампада» потым ператварылася ў прыгожы праваслаўны часопіс «Сретение». У самой бібліятэцы абсталявалі тым разам праваслаўны пакой, які называюць «келля».

Святар Вадзім Качан стаў адным з першых, хто збіраў вакол сябе зацікаўленых людзей. Сустрэчы праводзіліся кожны тыдзень. Тыя, хто спачатку, магчыма, баяўся пераступіць парог храма, тут лягчэй ішлі на кантакт, задавалі свае складаныя пытанні і атрымлівалі нешта карыснае для душы. Гэта потым яны сталі знаходзіць дарогу да храмаў. Ці ствараць іх. Спачатку ў раёне была пабудавана Іверская царква, потым з'явілася Міхайлаўская, Іаана Кармянскага...

Тады ж, спачатку непасрэдна ў бібліятэцы, адкрылі нядзельную школу для дарослых. Яна працавала каля пяці гадоў, пакуль на вуліцы Якубава не адкрылася царква іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць». Яшчэ ў 90-я гады XX стагоддзя тут пачалі мэтанакіравана збіраць літаратуру, якая можа зацікавіць людзей на шляху веры. Вось так, намаганнямі нязменнага кіраўніка Антаніны Уваравай, звычайная гарадская бібліятэка ператварылася ў сапраўдны культурна-духоўны цэнтр.

— У сярэдзіне 90-х людзі актыўна шукалі свой шлях да веры, але ў Гомелі тады было мала праваслаўных храмаў, — успамінае Антаніна Васілеўна. — Затое, хапала разнастайных аб'яднанняў сектанцкага кшталту. У той час, калі мы заявілі пра свой кірунак дзейнасці, яшчэ не было так многа праваслаўнай літаратуры. Мы яе збіралі па крупінках. Нейкія кнігі нам дарылі, нейкія мы заказвалі наўмысна. Так ствараўся ўнікальны фонд праваслаўнай літаратуры. Тады мы пачалі збіраць і інфармацыю пра беларускіх святых, у тым ліку нашага знакамітага Кірылу Тураўскага.

Спачатку гэта былі газетныя выразкі пра святога Кірылу, сабраныя ў адну папку, — для зачыну гэтага хапіла. Сёння ў бібліятэчнай «келлі» — камень з храма ХІІ стагоддзя, у якім маліўся легендарны прапаведнік і многа сучасных царкоўных выданняў — больш за дзве тысячы тамоў праваслаўнай літаратуры. У тым ліку — вялізная Біблія ў скураной вокладцы, якую падараваў епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан. Ён, дарэчы, ахвяраваў установе і нядаўна надрукаваны фотаальбом «Любімы Гомель. Залатыя купалы», на старонках якога можна ўбачыць храмы нашага горада, у тым ліку страчаныя ў мінулым стагоддзі. Ён жа блаславіў супрацоўнікаў бібліятэкі на далейшую працу на ніве асветы і паабяцаў ім сваю падтрымку:

— Тут жыве народ, які глядзіць у будучыню і не забывае мінулае. Народ, які памятае сваіх продкаў, паважае іх работы і на іх падмурку будуе сваю духоўнасць, маральнасць.

У бібліятэцы, якая сёння ўжо носіць імя Кірылы Тураўскага, некалі нарадзілася сястрынская служба. Загадчык Антаніна Уварава разам з аматарамі-паплечнікамі ўзялі пад сваю апеку старых людзей, якія пражываюць у Любенскім мікрараёне. Сёстры міласэрнасці наведвалі інвалідаў, куплялі ім лекі, рыхтавалі абеды, вырашалі розныя бытавыя пытанні. Гэтыя і іншыя традыцыі жывуць дагэтуль. Напрыклад, у бібліятэцы праходзяць турніры па шахматах і шашках для інвалідаў-спінальнікаў. Тут арганізоўваюць групы ў паломніцкія паездкі па святых месцах Беларусі, Украіны і Расіі. Новыя ідэі, якімі жывуць супрацоўнікі бібліятэкі, датычацца яшчэ і правядзення навуковых канферэнцый на тэмы, звязаныя з асобай святога Кірылы Тураўскага.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Пастаянная падпісчыца «Звязды», пісьменніца Ганна Атрошчанка ў «келлі» бібліятэкі імя Кірылы Тураўскага.

Загаловак у газеце: Келля ў бібліятэцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.