Дзевяць чалавек звярнуліся па дапамогу да старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі падчас асабістага прыёму ў Валожынскім раёне. Людзей хвалявалі самыя розныя тэмы: льготнага крэдытавання жылля, уладкавання вуліц, водаправода, атрымання кампенсацыі за згарэлы жылы дом. Два фермеры паскардзіліся, што сельгаспрадпрыемствы не разлічыліся з імі за пастаўленую прадукцыю. Наконт апошняга ў Анатоля Ісачанкі сваё меркаванне: суб'ектам гаспадарання неабходна самім дамаўляцца, улада не павінна ўмешвацца ў іх узаемаадносіны.
Іосіф Іванавіч узначальвае сялянска-фермерскую гаспадарку. Ён звярнуўся да губернатара з просьбай пасадзейнічаць у атрыманні дадатковых зямельных плошчаў.
— У мяне 690 гектараў ворыўных зямель, але іх недастаткова для захавання севазвароту, — абгрунтаваў ён сваю просьбу. — Сёлета невялікімі плошчамі са згоды райвыканкама абмяняўся з сельгаспрадпрыемствам «Пяршаі-2003». Свой участак, дзе вырошчваў бульбу, аддаў пад збожжавыя. А на калгасным полі пасадзіў бульбу.
Фермер хацеў бы ўзяць дадатковыя гектары ў ААТ «Тарасава», якія мяжуюць з яго гаспадаркай і прыдатныя для вырошчвання гародніны. У «Пяршаях», дзе яму прапаноўваюць надзел, камяністая глеба, што патрабуе на яе апрацоўку дадатковых выдаткаў.
Генеральны дырэктар ААТ «Тарасава» растлумачыў, што не можа задаволіць просьбу фермера. У гаспадарцы 8 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 24 тыс. свіней. Іх неабходна забяспечваць якаснымі кармамі, фуражным зернем.
«Паступім наступным чынам: даручу спецыялістам вывучыць сітуацыю наконт шчыльнасці жывёлы. Калі гэтай зямлі дастаткова, ёсць лішкі, то будзем думаць, як дапамагчы фермерскай гаспадарцы. Вядома, з улікам меркавання ўладальнікаў», — канстатаваў губернатар.
Абмен зямлі з улікам севазвароту кіраўнік цэнтральнага рэгіёна лічыць нармальным варыянтам, які павінен задаволіць абодва бакі. «Галоўнае, каб была агульная дамоўленасць і былі аформлены дагаворныя абавязацельствы», — падкрэсліў Анатоль Ісачанка.
Сяргей Дзмітрыевіч наракаў на тое, што нельга напрамкі выехаць на кальцавую дарогу Мінск — Гродна: члены садаводчага таварыства «Аір» загарадзілі выезд шлагбаумамі. Даводзіцца рабіць крук у дзевяць кіламетраў.
Дачнікі з «Аіра» лічаць, што гэтая дарога знаходзіцца на іх тэрыторыі і яны маюць права ёй распараджацца. У той жа час суседзі сцвярджаюць адваротнае: гадоў дваццаць ёй карысталіся ўсе таварыствы. Але, як аказалася, пытанне мае падводныя камяні. У 2016 годзе, калі ўвялі другое кальцо аб'язной трасы, на агульным сходзе члены таварыства «Аір» прапанавалі сваім суседзям скінуцца і за асабістыя грошы, талакой, уладкаваць дарогу, якая вядзе на шашу. Але ўсе адмовіліся. І тады «аіраўцы» ўзялі дазвол у Валожынскім райвыканкаме для ўсталявання шлагбауму.
Анатоль Ісачанка даручыў спецыялістам высветліць, па чыёй тэрыторыі пралягае шлях, і ўстанавіць мяжу. «Калі дарога належыць «Аіру», дамаўляецеся з ім. Калі не, то, зноў жа, трэба дамаўляцца і ўдзельнічаць ва ўладкаванні праезду», — параіў губернатар.
Былі і іншыя пытанні, якія разглядаліся з удзелам старшыні Мінаблвыканкама.
Напрыканцы прыёму Анатоль Ісачанка, адказваючы на пытанні журналістаў, канстатаваў: «Пытанні, якія сёння ўзніклі, часткова павінна вырашаць мясцовая ўлада. Гэта іх кампетэнцыя. Сістэма выбудавана, яна працуе. Права чалавека звяртацца ў органы ўлады — натуральны працэс. У кожнага заяўніка часам узнікаюць праблемы, добра, калі ён у стане справіцца з імі самастойна. Калі гэта не пад сілу, то ён звяртаецца да ўлады. І мы імкнёмся дапамагчы. Самае непрыемнае, калі пытанне, што ў кампетэнцыі таго ці іншага дзяржаўнага служачага, не знаходзіць рэагавання. На мой погляд, такія людзі не павінны тут працаваць».
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?