Вы тут

З якімі пытаннямі падчас прыёму грамадзян звярталіся да Наталлі Качанавай


Вялікая ўвага да праблем людзей і рэальная дапамога ў вырашэнні розных жыццёвых сітуацый — брэнд Савета Рэспублікі. Толькі летась членамі верхняй палаты парламента было разгледжана каля 7,5 тысячы зваротаў. Праведзены 716 асабістых прыёмаў грамадзян, 361 прамая тэлефонная лінія, 2114 сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства.


Сустрэчы з людзьмі займаюць істотную долю ў працоўным графіку Старшыні Савета Рэспублікі. Традыцыйна шмат жадаючых запісацца на асабісты прыём да спікера: людзі ведаюць, што тут іх абавязкова выслухаюць і дапамогуць. Як правіла, Савет Рэспублікі — гэта апошняя інстанцыя, куды яны звяртаюцца: да гэтага іх нярэдка падштурхоўвае бяздзейнасць мясцовых органаў улады. У чарговы раз гэта пацвердзілі грамадзяне, якія прыехалі ў верхнюю палату парламента з рэгіёнаў. 

Сярод пытанняў, якія хвалююць людзей, — будаўніцтва жылля, паляпшэнне жыллёвых умоў, добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў, працаўладкаванне. Грамадзяне незадаволены работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, просяць дапамогі ў пытаннях здароўя. Іншыя не могуць самастойна вырашыць канфліктую сітуацыю з суседзямі і мясцовымі органамі ўлады, а таму шукаюць выйсце на больш высокім узроўні. 

«На рынку Беларусі трэба працаваць якасна» 

Падчас чарговага прыёму грамадзян спікерам верхняй палаты парламента найчасцей гучала жыллёвая тэма. У прыватнасці, мінчанка Анастасія Міхайлаўна паскардзілася на праблемы з будаўніцтвам кватэры ў жыллёвым комплексе «Мінск-Мір». Жанчына паведаміла, што, згодна з Указам Прэзідэнта № 326, кампанія «Дана Астра», якая з’яўляецца забудоўшчыкам жылога дома, не можа адчужаць нерухомасць без уплаты збору, бо з’яўляецца замежным забудоўшчыкам. Заяўніца хвалюецца, што гэты збор можа быць ускладзены на пакупнікоў кватэр. Мінчанка звярнула ўвагу і на няякасную работу будаўнікоў. 

«Вокны паабяцалі памяняць, але нічога дагэтуль не робяць, — удакладніла яна. — Не працуюць ліфты. Шмат пытанняў па ацяпленні. Тэмпература не падымаецца вышэй 15 градусаў. Плюс шчыліны ў вокнах — не ведаю, як там можна жыць». Акрамя таго, паводле умоў дагавора, на дадзеным этапе ўласнікі не могуць зарэгістравацца ў кватэры, а таму вымушаны плаціць немалыя сумы за камунальныя паслугі, хоць яшчэ пакуль і не карыстаюцца імі.

Наталля Качанава запэўніла, што ў бліжэйшы час гэтае пытанне будзе вырашана: ідзе работа над адпаведным указам. «Урад падрыхтуе дакумент, каб у наступны раз людзі не сутыкнуліся з такім пытаннем, з якім сутыкнуліся вы,— адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Усё будзе ўрэгулявана ў найкароткія тэрміны».

Пры гэтым спікер звярнула ўвагу, што ўжо неаднаразова ў грамадзян узнікаюць пытанні, якія датычацца якасці будаўніцтва жылля дадзеным забудоўшчыкам. «Гэта недапушчальна, — падкрэсліла Наталля Іванаўна. — Людзі павінны атрымаць якаснае жыллё і тэрміны павінны быць выкананы. Прымайце ўсе меры! На рынку Беларусі трэба працаваць якасна. Яшчэ будуюцца 42 дамы. Мы павінны быць упэўнены, што ў людзей больш не будзе да вас пытанняў. Абяцанні трэба выконваць».

Дырэктар будаўнічай кампаніі, якая прысутнічала на прыёме, адзначыла, што з усімі нядобранадзейнымі партнёрамі, якія пастаўлялі няякасную прадукцыю, кампанія скасоўвае дагаворы. Забудоўшчык разумее скаргі людзей, а таму распрацаваў дакумент, які дазволіць заключыць з уласнікамі тэрміновы або бестэрміновы дагавор, дзякуючы якой грамадзяне змогуць зарэгістравацца ў сваіх кватэрах. Акрамя таго, у кампаніі паабяцалі, што тыя сумы, якія былі аплачаны людзьмі за камунальныя паслугі да рэгістрацыі, ім кампенсуюць. 

Спікер верхняй палаты парламента агучыла, што замена вокнаў у Анастасіі Міхайлаўны будзе знаходзіцца на кантролі Савета Рэспублікі, і парэкамендавала кампаніі супрацоўнічаць з тымі арганізацыямі, якія сябе добра зарэкамендавалі. «Людзі ідуць да вас, будуюць жыллё і павінны атрымаць за свае грошы якасны тавар, — рэзюмавала Наталля Качанава. — Якасць, тэрміны ўводу жылля ў эксплуатацыю найжорсткім чынам павінны выконвацца!»

Пасля прыёму ў размове з журналістамі Анастасія Міхайлаўна падзялілася, што задаволена, як вырашылася яе пытанне. «Наталля Іванаўна ўважліва выслухала, паабяцала, што ўсё будзе вырашана», — сказала заяўніца. 

«Вы знайшлі гэтую падтрымку»

Сваю праблему Наталлі Качанавай агучыла Марыя Уладзіміраўна. Жанчына з’яўляецца інвалідам 3-й групы, але яна лічыць, што ёсць усе падставы для ўстанаўлення ёй 2-й групы інваліднасці. Грамадзянка падрабязна расказала спікеру аб сваіх дыягназах. «Чакаю падтрымкі», — дадала яна. 

«Вы знайшлі гэтую падтрымку, — падкрэсліла Наталля Іванаўна і распарадзілася аб правядзенні паўторнай камісіі МРЭК. — Будзе дадзена заключэнне, і мы паглядзім, які будзе вынік».

Акрамя таго, спікер пацікавілася ў заяўніцы, ці патрэбна ёй медыцынская дапамога. «Мы возьмем на кантроль ваша лячэнне, рэабілітацыю, — удакладніла Наталля Іванаўна. — Камісіія паглядзіць яшчэ раз і ўстановіць тую групу інваліднасці, якая вам належыць. Толькі не хвалюйцеся!»

Старшыня Савета Рэспублікі ўдакладніла ў Марыі Уладзіміраўны, ці ёсць да яе яшчэ пытанні. Жанчына паведаміла, што яе кватэра даўно патрабуе рамонту. Жанчына жыве адна, блізкіх сваякоў не мае, а таму дапамагчы ёй няма каму.

«Зоймемся вашай кватэрай, — заўважыла Наталля Качанава. — Для нас гэта прынцыпова важна. Вы ведаеце, як наш Прэзідэнт удзяляе ўвагу сістэме аховы здароўя і людзям».

«Асноватворнае ў нашай рабоце — справядлівае стаўленне да людзей»

Адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што ў нашай краіне дзяржаўныя органы, у прыватнасці, Савет Рэспублікі, працуюць у адпаведнасці з заканадаўствам па рабоце са зваротамі грамадзян. «Гэта асноватворнае ў нашай рабоце, — падкрэсліла яна. — Зыходзячы з тых пытанняў, з якімі да нас звяртаюцца людзі, мы працуем у далейшым над тымі праблемамі, якія неабходна ўрэгуляваць».

Пры гэтым спікер заўважыла, што пытанні, з якімі людзі звяртаюцца ў Савет Рэспублікі, датычацца не толькі дзеючага заканадаўства. Па яе словах, пытанні рознага кшталту і характару, але сенатары падключаюцца да рашэння кожнага з іх. «Савет Рэспублікі — орган, які кантралюе і каардынуе работу ўсяго дэпутацкага корпуса ў краіне, таму для нас гэта работа вельмі важная, — патлумачыла Наталля Качанава і звярнула ўвагу, што ў 2023 годзе ў верхнюю палату парламента паступіла каля 7,5 тысячы зваротаў. — Мы адсочваем іх да канчатковага вырашэння звароту, пры гэтым імкнемся зрабіць так, каб аператыўна вырашаліся тыя пытанні, якія патрабуюць маментальнага вырашэння: як правіла, яны датычацца здароўя нашых грамадзян, звязаныя з забеспячэннем жыццядзейнасці рэгіёнаў нашай краіны».

Кажучы аб Годзе якасці, аб’яўленым сёлета ў нашай краіне, Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу, што размова ідзе не толькі аб прадукцыі, якая выпускаецца айчыннымі прадпрыемствамі. Па яе словах, для ўсіх дзяржаўных органаў, для кожнага дэпутата і члена Савета Рэспублікі — перш за ўсё, гэта якасная работа з насельніцтвам. «Людзі павінны разумець, што мы разглядаем гэтыя звароты, але, як правіла, накіроўваем іх у тыя інстанцыі, якія павінны займацца рашэннем такіх пытанняў, — удакладніла Наталля Качанава. — Часам атрымліваем з месцаў недакладную, непраўдзівую інфармацыю. Таму нам даводзіцца часам браць вырашэнне таго ці іншага пытання на кантроль, выязджаць на месцы, асабіста адсочваць вырашэнне праблемы. Разглядаць звароты грамадзян якасна і ў тэрміны, вызначаныя законам, — наш святы абавязак. Таму гэтую працу мы будзем працягваць. Падумаем, якія новыя формы ў гэтай рабоце яшчэ можна выкарыстаць».

Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на сістэмнай рабоце са зваротамі грамадзян. «Асноватворным у нашай рабоце, у рабоце ўсіх дзяржаўных органаў і службовых асоб павінна быць справядлівае стаўленне да людзей, — рэзюмавала яна. — Аб гэтым заўсёды гаворыць Прэзідэнт нашай краіны: самы вялікі запыт у жыхароў не толькі нашай краіны, але і ў цэлым у свеце, — на справядлівасць. Калі мы ўсе будзем па справядлівасці ставіцца да тых пытанняў і праблем, з якімі звяртаюцца да нас людзі, і зваротаў будзе менш, і людзі будуць з разуменнем ставіцца да гэтай работы».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


Больш падрабязна пра іншыя пытанні, з якімі людзі звярталіся да Наталлі Качанавай падчас прыёму грамадзян, раскажам у бліжэйшым выпуску «Мясцовага самакіравання».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.