Вы тут

Панна музыка


Ва ўсе часы музыка была вытокам любой справы: ад вяселля і да жніва. Песня суправаджала чалавека па жыцці, ніколі не крыўдзілася, нават калі на яе забываліся, заўсёды знаходзілася побач, круцілася ў галаве, станавілася мелодыяй, якую насвістваюць мінакі, гучала галасамі сяброў. У наш час магчымасцяў пачуць якасныя музычныя творы значна пабольшала, і гэтым займаюцца прафесіяналы. Ад сярэдзіны верасня сустрэч з музыкай у сталіцы стане значна больш: Беларуская дзяржаўная філармонія адкрые юбілейны, 80-ы, сезон.


 канцэртмайстар Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі Алег Подаў з дачкой Вікторыяй

Сёлета аматараў музычнага жыцця чакаюць не толькі канцэрты: у святочным сезоне створаць канцэртную пляцоўку на вольным паветры побач з філармоніяй, адкрыюць Алею зорак, а таксама плануюць выдаць кнігу пра філарманічнае жыццё за апошнія 15 гадоў. У справе музыкі нават у такія асаблівыя даты, як уласны юбілей, Белдзяржфілармонія застаецца на варце інтарэсаў слухача і ўласных традыцый: ад класікі не адступае. Да таго ж ёсць нагода: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі святкуе сваё 90-годдзе канцэртам, які і адкрые новы сезон. Запланаваны і лёгкі адыход ад класічнага ўяўлення пра філармонію: у пачатку мінулага сезона ў беларускім музычным жыцці з’явілася новая для нас форма сутворчасці паміж калектывам і кампазітарамсучаснікам — composer-in-residence. У выніку атрымалася абсалютна неардынарная містэрыя «Кросны Макошы», над якой з Камерным аркестрам працаваў малады беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў.

Кажуць, усё новае — даўно забытае старое, але ў музыцы гэта называюць класікай. Для філармоніі класіка — гэта не толькі літаральны сэнс слова, але і творчасць, якая ўжо палюбілася аўдыторыі і стала неад’емнай часткай беларускага музычнага жыцця. Напрыклад, Мінск зноў ператворыцца ў джазавую сталіцу. Аднайменных вечароў у філармоніі ў новым сезоне пабольшае. Таксама на сцэну вернецца «Беларуская музычная восень», якая пачнецца святкаваннем юбілею дырыжора сімфанічнага аркестра Аляксандра Анісімава. Няварта забывацца на гонар філармоніі — адмыслова створаны для яе арган, які загучыць па-новаму: арганныя канцэрты пачнуцца выступленнем Ігара Алоўнікава, а працягнуцца ігрой польскіх, іспанскіх і нямецкіх музыкантаў.

У філармоніі неаднаразова адзначалі, што асаблівы напрамак працы — народная музыка, якая так падабаецца не толькі беларускім, але і замежным слухачам. Таму ў юбілейным сезоне яе будзе даволі: фальклорныя праграмы рыхтуюць як ужо дасведчаныя калектывы «Купалінка», «Свята», «Харошкі», народны аркестр імя І. Жыновіча, так і маладыя салісты. Рыхтаюцца праграмы беларускіх кампазітараў і паэтаў.

Вось і на святочную імпрэзу, прысвечаную юбілею Белдзяржфілармоніі, паэтычны тэатр «Зніч» рыхтуе прэм’еру монаспектакля «Мама» паводле Р. Барадуліна і К. Чапэка. У другім аддзяленні ў гэты вечар будзе панаваць музыка. Таму што ў філармоніі ёсць гукі на любы густ.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.