Вы тут

Студэнты БДУІР справілі напярэдадні свята горада наваселле


Новы, ужо восьмы па ліку вучэбна-лабараторны корпус, які размясціўся па вуліцы Казлова, 28, уяўляе сабой будынак плошчай у тры тысячы квадратных метраў з адмыслова створаным безбар'ерным асяроддзем.


— Калісьці нам давялося паўдзельнічаць у сур’ёзнай схватцы за гэты ўчастак у цэнтры сталіцы: на яго прэтэндавалі многія структуры і суб’екты гаспадарання. Але пры падтрымцы кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і тагачаснага мэра горада Міхаіла Паўлава, ён дастаўся усё ж такі нам, і мы пачалі яго асвойваць, — расказаў журналістам падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця новабудоўлі рэктар БДУІР Міхаіл БАТУРА. — Аб’ект быў уключаны у дзяржаўную інвестыцыйную праграму і пачынаў узводзіцца за бюджэтныя сродкі, але ў 2014 годзе фінансаванне па эканамічных прычынах спынілася і дабудоўвалі мы яго ўжо за кошт уласных сродкаў.

Чым унікальны новы корпус? Тут сканцэнтраваныя самыя сучасныя інавацыйныя  адукацыйныя тэхналогіі: ёсць цэнтр відэаканферэнц-сувязі і анлайн-заняткаў для слухачоў факультэта інавацыйнай і бесперапыннай адукацыі, якія навучаюцца дыстанцыйна. У корпусе ўжо пачалі работу структурныя падраздзяленні Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі і навукова-даследчая частка. У будынку ёсць 13 лекцыйных залаў і аўдыторый, 3 навучальныя лабараторыі, сем камп'ютарных класаў. Пераехаў сюды і студэнцкі бізнес-інкубатар, пад які адвялі пяты паверх: для крэатыўнай моладзі арганізавалі 10 пляцовак, якія ўяўляюць сабой сучасныя кабінеты з мэбляй і аргтэхнікай.

Конкурсны адбор ужо прайшлі шэсць рэальных праектаў, кожны з якіх курыруецца ментарам — супрацоўнікам кампаніі-рэзідэнта ПВТ, прадстаўніком кафедры ўніверсітэта альбо спецыялістам Акадэміі навук.

— IT-галіна развіваецца вельмі імкліва і фарміруе попыт на высакакласных інжынераў і  праграмістаў. Калі мы хочам, каб Беларусь стала IT-краінай, неабходна павялічваць колькасць спецыялістаў, здольных генерыраваць новыя ідэі і канкурыраваць на міжнародных рынках, — падкрэсліў Міхаіл Батура. — А БДУІР мае велізарны вопыт у падрыхтоўцы такіх кадраў…

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага корпусу БДУІР узялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Уладзімір Здановіч, генеральны дырэктар будтрэста № 7 Барыс Шэрман і яго намеснік Аляксандр Каваротны.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.