Вы тут

Наталля Качанава: «У Полацку я дома»


Напярэдадні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 1155-годдзя Полацка часопіс «Алеся», які выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда», узяў інтэрв'ю ў вядомай палачанкі, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай. Значная частка інтэрв'ю была прысвечана роднаму гораду Наталлі Іванаўны. Гэтыя фрагменты — аб Полацку і палачанах, мы і публікуем сёння, калі найстаражытнейшы горад краіны прымае Дзень беларускага пісьменства.


— Наталля Іванаўна, яшчэ гадоў 25 таму Полацк быў звычайным, нічым не прыкметным беларускім горадам. І якраз у той час, калі Вы працавалі ў мясцовай уладзе, пачало змяняцца стаўленне да яго...

— Сапраўды, яшчэ нядаўна да Полацка ставіліся як да глыбока правінцыйнага горада. Я памятаю ў паўразбураным стане Крыжаўзвіжанскі сабор, размешчаны на тэрыторыі жаночага манастыра, непрывабныя карпусы былога езуіцкага калегіума, Свята-Багаяўленскі кафедральны сабор, закрыты ў савецкія гады, які не дзейнічаў доўгі час. А між тым гэта ўсе духоўныя святыні Полацкай зямлі! І толькі калі мы сталі незалежнай дзяржавай, з прыходам да кіраўніцтва краінай Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, нашай культурнай спадчыне стала ўдзяляцца ўвага. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў таксама і развіццё старажытнага Полацка — як гісторык і як неабыякавы чалавек, які трапятліва ставіцца да сваёй роднай зямлі: былі накіраваны сродкі на рэканструкцыю карпусоў езуіцкага калегіума, дзе зараз размешчаны найбуйнейшая ў Беларусі мастацкая галерэя і факультэты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, зацверджана праграма развіцця Полацка.

У 2002-м Полацк быў вызначаны месцам правядзення Рэспубліканскага фестывалю «Дажынкі». Гэта дало моцны імпульс развіццю горада. У наступным годзе ў Полацку праводзілі Дзень беларускага пісьменства, затым быў Рэспубліканскі экалагічны форум. Усе гэтыя мерапрыемствы суправаджаліся актыўным добраўпарадкаваннем гарадскіх тэрыторый. У парадак прывялі набярэжную, аднавілі будынкі кадэцкага корпуса (раней — Полацкая езуіцкая акадэмія, першая вышэйшая навучальная ўстанова ў нашай краіне). Там цяпер размяшчаецца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У адрэстаўраваным будынку ХVІІІ стагоддзя створаны выдатныя мультымедыйныя аўдыторыі, шырока выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

У сябе на радзіме я прайшла ўсе ступені ў органах мясцовай улады, ад спецыяліста аддзела да старшыні гарвыканкама. Але асабліва адказным быў перыяд падрыхтоўкі да «Дажынак-2002»: апынулася ў самым цэнтры падзей, выконваючы абавязкі намесніка старшыні гарвыканкама па капітальным будаўніцтве.

— Рэспубліканскае свята прайшло ўдала, і Вы, пазбавіўшыся прыстаўкі в. а., сталі намеснікам старшыні па ЖКГ і будаўніцтве. Адзіная жанчына ў вобласці на такой пасадзе...

— Сем гадоў прапрацавала на ёй. Мне вельмі хацелася, каб наш горад быў іншым. Калі я вучылася ў школе, не раз чула, калі гаворка заходзіла пра Полацк, што гэта, маўляў, правінцыя. Наваполацк — гэта так, там былі НПЗ, камсамольская будоўля, сучасны горад, куды з'ехалася моладзь з усяго Саюза.

Але ж Францыск Скарына — палачанін, Ефрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі — гэта асобы еўрапейскага маштабу, яны ўславілі нашу зямлю, зрабіўшы яе месцам прыцягнення для інтэлектуалаў і духоўных людзей з розных краін...

У Полацку наогул людзі асаблівыя. Гэта праўда. Горад накладвае адбітак на людзей, і людзі — на горад. Я бязмерна люблю Полацк. І гэта маё асабістае. Для тысяч іншых людзей гэты горад — калыска беларускай дзяржаўнасці, культуры, гісторыі. Але для мяне гэта месца, якое падсілкоўвае энергіяй. Разумею, што я дома, не калі пераступаю парог кватэры, а як толькі заязджаю ў горад. Полацк — гэта маё дзяцінства, юнацтва, станаўленне, гэта мая любоў, мая сям'я. Я, увогуле, усё жыццё пражыла тут, за выключэннем некалькіх апошніх гадоў, калі працавала ў Наваполацку. Мне прыемна, што часцінка маёй працы ёсць у тым, якім стаў мой родны горад.

Я сёлета два тыдні была ў адпачынку ў Полацку і з задавальненнем выходзіла ў горад, гуляла з унучкай, хадзіла ў крамы і на рынак. Вядома, мяне пазнавалі, падыходзілі. Бывала, нават прасілі проста перадаць прывітанне Прэзідэнту! Мяне гэтыя размовы аб ахове здароўя, працы мясцовых прадпрыемстваў, пра ўсё, што хвалюе гараджан, не напружвалі. Бо, самае галоўнае, у гэтых размовах не было агрэсіі, усе былі з добрым пасылам.

— Што б Вы пажадалі Полацку і палачанам?

Гораду — захаваць тую духоўнасць і маральнасць, якія пануюць у Полацку спрадвеку. Каб гэта давала падсілкоўванне кожнаму чалавеку. Каб усе, хто прыязджае сюды, маглі адчуць энергію горада — гэтую эмацыйную сувязь з духоўнай гісторыяй нашага горада.

Трэба, каб Полацк і далей не губляў свайго гістарычнага аблічча, ён зусім асаблівы, нельга загубіць тое, што створана стагоддзямі. Бо тут што ні крок — то гісторыя.

Але захоўваць тое, што стваралася пакаленнямі да нас, не азначае кансервацыю, застой. Жадаю Полацку расці і развівацца для таго, каб людзі мелі добрую працу, каб сам горад квітнеў і мяняўся. Каб, прырастаючы ў гадах, застаючыся калыскай нашай духоўнасці, горад, з аднаго боку, станавіўся мудрэйшым і старэйшым, а з другога — заставаўся вечна маладым.

Ну, а кожнаму палачаніну — цяпла ў душы і дабрабыту.

Гутарыла Ларыса РАКОЎСКАЯ

Фота Паўла ЧУЙКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.