Вы тут

Зубр як сімвал адраджэння


Некаторыя палітыкі называлі калісьці стварэнне СНД «цывілізаваным разводам». Але «развод без раз'езду» вымагае пошук таго агульнага, што набліжае адзін да аднаго, аб'ядноўвае. Фактараў, здольных выконваць такую пачэсную ролю, нямала — гэта наша памяць, агульнае мінулае, мова, ментальнасць, культурныя і гуманітарныя стасункі. Але далёка не ўсе ведаюць яшчэ пра адну «агульнасць» для краін Садружнасці. Між тым «нашым усім» амаль для ўсёй СНД з'яўляюцца... зубры.

1382609938910_24-26

Сёння на тэрыторыі Садружнасці зубры жывуць у Беларусі, Украіне, у розных рэгіёнах Расіі (уключаючы Паўночны Каўказ), у Малдове, Кыргызстане і Азербайджане.

ХХ век — страты і выратаванне

Зубр, якога ў мінулым стагоддзі мы амаль не згубілі, сёння лічыцца адноўленым відам фаўны, і яму ўжо не пагражае выміранне.

Падчас Першай сусветнай вайны ў Белавежскай пушчы зубры былі амаль знішчаны. На Каўказе ў 1910 годзе налічвалася 500 — 600 зуброў. Да 1924 года, калі стваралі Каўказскі запаведнік, захавалася толькі 5-10 жывёл. Сваім выратаваннем зубр абавязаны таму, што ў заалагічных садах і прыродных парках некалькіх краін да 1927 года ацалела 48 жывёлін — ніжняя крытычная мяжа іх колькасці.

Увесь ХХ век для краін СНД, можна сказаць, прайшоў пад знакам «быка» — спачатку зубра з-за войнаў, неабдуманасці амаль што страцілі, потым карпатліва працавалі над тым, каб выратаваць ацалелых. Трэба было ратаваць новыя пакаленні ад браканьераў, хвароб, ад выраджэння...

З 1996 года ў Расіі рэалізуецца міжнародная праграма па стварэнні папуляцыі зуброў, якая вольна жыве ў лясах еўрапейскай часткі Расіі. За апошні час іх колькасць у Арлоўскай, Бранскай, Калужскай, Уладзімірскай абласцях дзякуючы праекту перавысіла 150 асобін. Гэтага дастаткова, каб папуляцыя магла самастойна развівацца і расці.

Аднаўленне папуляцыі зубра на Каўказе і захаванне прыроды рэгіёна сталі галоўным клопатам фонду ІDEA, заснаваным дачкой прэзідэнта Азербайджана Лейлай Аліевай. Фонд супрацоўнічае са спецыялістамі па праблемах зуброў усяго СНД.

Малдова пакуль што рэалізуе праекты па ўзнаўленні папуляцыі зубра з бліжэйшымі суседзямі — Польшчай і Румыніяй. Дзяржава не без падстаў спадзяецца, што гэты горды звер, як і стагоддзі таму, будзе жыць у лясах і перадгор'ях малдаўскіх Карпат. Але надалей, лічаць малдаўскія спецыялісты, ім трэба будзе шчыльна працаваць з калегамі па СНД.

Гістарычны арэал зубра — зона шыракалістых і змяшаных лясоў Заходняй, Цэнтральнай, Паўднёва-Усходняй Еўропы, Каўказа і Закаўказзя, Паўночнага Ірана. Гэтая жывёліна з'яўляецца неад'емнай часткай экасістэм ліставых лясоў і лесастэпаў. Таму аднаўленне яго прыродных папуляцый з'яўляецца адной з неабходных умоў аднаўлення натуральных лясных масіваў. А гэта сёння — адна з самых актуальных задач, якая стаіць перад усімі краінамі СНД.

Дарожная карта

Сёння зубры і іх існаванне — гэта шматлікія міжнародныя і трансгранічныя сумесныя праекты, у якіх актыўна ўдзельнічаюць краіны Садружнасці. Па словах дырэктара праграм Фонду дзікай прыроды Расіі Вікторыі Эліяс, сёння ідзе работа над стварэннем міжнароднай працоўнай групы для каардынацыі дзеянняў па аднаўленні і захаванні зуброў.

Ёсць некалькі праграм, якія прадугледжваюць развіццё прыгранічнага супрацоўніцтва ў СНД па ўзнаўленні папуляцый зубра і стварэння трансгранічных тэрыторый паміж Азербайджанам, Беларуссю, Расіяй і Украінай. Усе захады накіраваны на падбор новых тэрыторый для фарміравання прыродных папуляцый у гістарычным арэале пражывання зуброў.

Падрыхтавана спецыяльная беларуска-расійская праграма па захаванні зубра — яна пачне рэалізоўвацца з наступнага года і разлічана на тэрмін да 2018 года.

Навукоўцамі даказана, што жыццяздольнымі ў кароткатэрміновым плане могуць быць групоўкі ад 50 да некалькіх соцень асобін, але для доўгатэрміновага захавання папуляцыі зуброў павінны ўключаць як мінімум больш за 1000 асобін, у ідэале — 2000-2500. Любой краіне паасобку гэтую праблему вырашыць сёння немагчыма.

Беларуская прапанова для калег па Садружнасці

Між тым у Беларусі зуброў дастаткова для таго, каб частку з іх рассяліць на вялікіх тэрыторыях у Расіі і за кошт гэтага зрабіць дадатковую страхоўку для гэтага віду. Так патлумачыў сутнасць беларуска-расійскага праекта генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Міхаіл Нікіфараў.

«Каб і надалей зубрам нічога не пагражала, — лічыць Нікіфараў, — трэба вучыць цэлае пакаленне думаць «экалагічна», глабальна і на перспектыву. Неабходна ўлічваць трансгранічны аспект і развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы тэрытарыяльнай аховы месца пражывання не толькі зуброў, але і іншых прадстаўнікоў жывёльнага свету, птушак і г.д.»

Стварэнне экалагічных сетак у СНД будзе з'яўляцца лагічным крокам у забеспячэнні доўгатэрміновай аховы рэдкіх відаў флоры і фаўны і іх месца пражывання, лічаць спецыялісты. Урэшце, агульныя намаганні вярнуць зубра ў лясы краін Садружнасці мелі плён.

Ларыса РАКОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».