Кветкі з раю


Імі сустракае мастачка Святлана Каткова

Яна запрашае на «Cпатканне» ў галерэю Міхаіла Савіцкага — там працуе персанальная выстаўка мастачкі, якая ўмее радавацца жыццю, як дзіця. І гэта адлюстроўваюць работы Святланы Катковай.


«Раніца», 2015 г

Часам вам падаецца, што іх малявала дзіця з чыстым сэрцам і нескажоным поглядам на свет, якога па зямлі вядуць анёлы і паказваюць самыя прыгожыя куткі на зямлі. І не там, недзе далёка, а тут, у сябе на радзіме, дастаткова выглянуць у акно і заўважыць тое, што ў мітусні падаецца ўсяго толькі антуражам. Няпраўда, не антураж гэта і нават не дэкаратыўнае ўпрыгажэнне нашай рэчаіснасці. Гэта і ёсць сама рэчаіснасць, якая існуе паралельна ва ўсёй пышнасці фарбаў і няправільнасці ліній, якую можа прапанаваць боскі свет, у якім ёсць-такі месца чалавеку. Калі ён гатовы, калі ён захоча, калі ён адкрые свае эмоцыі і ўзгадае, што насамрэч ён дзіця прыроды, дзіця Сусвету.

Выстаўка Святланы Сяргееўны як тэст на гатоўнасць і адкрытасць, на здольнасць захапляцца жыццём падзіцячы. Нездарма: мастачка вырасла ў сям’і вядомага ў Мінску легендарнага мастака-настаўніка Сяргея Каткова, вучнямі якога былі многія беларускія мастакі, што жывуць і ствараюць зараз. І дачка шмат навучылася ў таты, прынамсі, як зберагчы і не сапсаваць чысты погляд на тое, што побач. Яна любіць чысты колер, яна цэніць імгненні, у якіх чыстыя эмоцыі, што нараджаюцца без надуманасці і штучнасці, у сузіральнасці і ў парыве захаплення прыгожым: ці то гэта кветкі з уласнага саду, ці то рэчы на стале, што склаліся ў нацюрморт, які радуе вока. І дзіцячая няпэўнасць ліній — насамрэч прыём, з дапамогай якога Святлана Каткова характарызуе сябе як чалавека. Дзе б яна ні знаходзілася — дома ў Беларусі ці ў Іспаніі альбо на далёкім Сахаліне — паўнату ўражанняў перадаюць сакавітыя колеры. Не важна, якая пара года адлюстравана ў той ці іншай рабоце — ва ўсіх ёсць месца яркім фарбам і нават кветкам, любым: бэзу і званочкам, касачам і хрызантэмам… Кветкі могуць быць побач вясной і летам, восенню, і яны могуць радаваць зімой. Таму што ў раі час не падзяляецца на адрэзкі, ён проста ёсць у сваёй бязмежнасці.

«Сустрэча», 1986 г

Можа, яна ведае, што свет — гэта і ёсць рай, толькі мы не задумваемся, таму і не бачым? Тады на «Спатканне» з Катковай! Яна падрыхтавала шчодры мастацкі прыём: на выстаўцы больш за 70 твораў жывапісу і графікі. Напоўненыя фарбамі алейныя палотны побач з лёгкай акварэллю, але радасны аўтарскі почырк і фантазія пазнавальныя.

Святлана Сяргееўна Каткова годна працягвае справу бацькі. Але на ёй дынастыя не заканчваецца: дачка Зоя Луцэвіч таксама вядомая мастачка ў Беларусі і за межамі, мае ўласны почырк і погляд на рэчы, але ганарыцца дасягненнямі маці. Тым больш што Святлана Каткова была ў складзе творчай групы стваральнікаў мемарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны», што ў вёсцы Чырвоны Бераг. Гэтая работа адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Нібыта іншы твор, але пра тое ж: дзеці прыходзяць з раю і маюць права бачыць і ствараць свой райскі свет на зямлі. З кветкамі-букетамі для мамы, з дрэвамі, багатымі смачнымі пладамі, коткамі сярод іх і птушкамі, якія вось-вось завядуць райскія спевы...

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.