Вы тут

Ці трэба беларускай літаратурнай суполцы развіваць крытыку


У беларускай літаратурнай суполцы не раз агучвалася, што добрых крытычных артыкулаў і рэцэнзій вельмі мала; што колькасць добрых крытыкаў у нас недастатковая; што трэба развіваць гэтую разнавіднасць літаратурнай творчасці. Засталося зразумець — якім чынам яе трэба развіваць.


Можна ўбачыць, што крытыка ўсё часцей уключаецца ў склад літаратурных конкурсаў як адна з намінацый. З’яўляюцца нават літаратурныя конкурсы, цалкам крытыцы прысвечаныя. Аднак арганізатарам падобных конкурсаў хочацца задаць два пытанні: ці шмат работ вы атрымалі? ці высокай якасці была абсалютная большасць работ?

Мяркую, не памылюся, калі скажу, што на абодва пытанні адказ будзе «не». Літаратару-аматару лягчэй напісаць верш або прозу — і інтуітыўна ён можа зрабіць гэта таленавіта. Але інтуітыўна пісаць добрую крытыку не атрымаецца. Крытыка размяшчаецца на мяжы паміж навукай і мастацтвам, гэта від літаратурнай творчасці, заснаваны на аналізе твора і яго месцы ў літаратурным працэсе. І каб напісаць добры артыкул ці рэцэнзію, трэба валодаць пэўнымі навыкамі:

  • Добрая «начытка». Аналіз тэксту заўсёды замыкаецца на жанр. На папярэднікаў у гэтым жанры. На тое новае, што аўтар здолеў адлюстраваць у межах жанру. Менавіта жанр твора намякае — чаго чытач можа чакаць ад твора. А ў нашу эпоху падзяленне на жанры стала абсалютным і ўсёмагутным. І калі перад вамі ляжыць раман у жанры сатыры-антыўтопіі, а вы пачынаеце крытыкаваць яго за нерэалістычнасць — адразу праваліліся на крытычнай ніве. Але чалавек, які чытае шмат і ў розных жанрах, мае добры літаратурны ахоп, разумее заканамернасці літаратурных твораў — такі чалавек мае шанцы добра прааналізаваць любы тэкст.
  • Здольнасць паставіць аналітыку над эмоцыямі. Часам крытыкі, у тым ліку і самыя вядомыя, паддаваліся парыву эмоцый і адводзілі тэкст у «падабаецца — не падабаецца». Той жа Бялінскі, «апантаны Вісарыён» — настойліва стараўся падагнаць усе бачаныя ім тэксты пад жанр крытычнага рэалізму, прыпадабняючыся пры гэтым да антычнага Пракруста з яго ложкам. Зразумела, на крытыка заўсёды будуць уплываць і яго выхаванне, і час, і асяроддзе, і, зразумела, асабісты густ, бо крытыкі — таксама людзі! Аднак усё ж сысці ў чыстую «смакоўшчыну» крытык не мае права. Калі тэкст дрэнны — трэба разабраць, што ў ім дрэнна. І пажадана сваю думку пацвердзіць цытатамі. Калі тэкст добры — глядзі вышэй.
  • Уменне не проста чытаць тэкст, але чытаць яго як след. Неразуменне сэнсу тэксту, няўвага да дэталяў, якія прапануе нам аўтар, «прыдумлянне» за аўтара таго, чаго ён не казаў і не думаў, — сур’ёзная хвароба сучаснай крытыкі. А чалавек, які хоча пісаць літаратурна-крытычныя артыкулы, павінен развіць у сабе не проста культуру чытання, але звышкультуру: прыкмячаць дробязі, звязваць разрозненыя дэталі разам, бачыць аўтарскія прыёмы...
  • Уменне выказваць свае думкі на прымальным узроўні. Гэта не толькі пісьменнасць і здольнасць выкладаць меркаванні больш ці менш зразумела. Гэта яшчэ і наяўнасць свайго стылю, аўтарскага почырку, які бывае ў пісьменнікаў ці журналістаў. Літаратурная крытыка не павінна быць чымсьці прызначаным выключна для інтэлектуальнай эліты або навуковых колаў. Яе павінны разумець усе, хто цікавіцца літаратурай. Менавіта таму не заўсёды атрымліваецца крытыка якраз ва ўладальнікаў навуковых ступеняў. З-за гэтага яны часцей факусіруюцца на дробных дэталях твора, і ім бракуе дыханне літаратуры — метафарычнасці і жвавасці.

А цяпер паразважаем, чаму ж узрасціць крытыка «з нуля» не атрымаецца. Хто можа ўдзельнічаць у конкурсах, пра якія мы казалі вышэй? Студэнты і школьнікі? Але ў іх часта неразвітая культура чытання, не кажучы ўжо пра тое, каб мець дастаткова шырокую начытку.

Тады можна паспрабаваць уключыць у літаратурна-крытычны працэс больш навукоўцаў? Нягледзячы на праблемы, якія мы вызначылі вышэй, — ідэя нядрэнная. Гаворка ідзе пра дарослых людзей з вялікім вопытам чытання, і да гэтага дадаюцца аналітычныя здольнасці і ўменне аргументаваць — бо ўсё гэта неабходна ў навуцы. Пры пэўнай практыцы і ад праблем з навуковым стылем, хутчэй за ўсё, атрымаецца пазбавіцца. Аднак навукоўцы, выкладчыкі звычайна плённа працуюць над лекцыямі, экзаменамі і напісаннем навуковых артыкулаў. Ці знойдзецца ў іх час на тое, каб дадаць да сваёй і без таго высокай нагрузкі яшчэ і літаратурна-крытычную працу? Магчыма, частковым выхадам можа стаць арганізацыя не навуковых, а літаратурна-крытычных канферэнцый, створаных «па мадэлях» канферэнцый навуковых. Гэта значыць, з арганізацыйнымі зборамі і публікацыяй рэцэнзій і літаратурных артыкулаў у зборніках па выніках канферэнцый, а таксама ўключэннем найбольш цікавых артыкулаў у аўтарытэтныя рэспубліканскія выданні. У такім выпадку навукоўцы будуць зацікаўлены ў тым, каб хоць бы зрэдку звяртацца менавіта да працы літаратурна-крытычнай.

Застаюцца, вядома, яшчэ журналісты, бо літаратурна-крытычныя артыкулы часцей за ўсё блізкія менавіта да публіцыстыкі. Аднак часам у журналістаў пры напісанні рэцэнзій не хапае літаратурнага вопыту — ведаў літаратурнага працэсу, — для таго каб выканаць сапраўды глыбокі і цікавы разбор твора. У выніку мы атрымліваем альбо канстатацыю фактаў без высноў (і гэта падобна да вельмі вялікай анатацыі), альбо рэкламу твора — што, вядома, нядрэнна, але да жанру літаратурнай крытыкі адносіцца вельмі ўмоўна. Зноў жа — паспяховыя выключэнні ёсць, і гэта неверагодна радуе.

У такім выпадку атрымліваецца, што на ідэі абзавесціся новай плеядай добрых крытыкаў трэба паставіць крыж? Зусім не: мы казалі толькі пра немагчымасць вырасціць крытыкаў з нуля — зацікавіць літаратурна-крытычнай творчасцю тых, для каго гэта не з’яўляецца натуральным. Але гадамі, дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі крытыку пісалі зусім не навукоўцы, студэнты ці журналісты (вядома, і яны таксама, але...). Большая частка крытыкі пісалася літаратарамі — пісьменнікамі!

Чаму ў нашай свядомасці вобраз пісьменніка і вобраз крытыка настолькі несупастаўныя? Чаму мы падзяляем тых, хто піша, і тых, хто аналізуе? Магчыма, таму, што са школьнай лавы нам памятаюцца вобразы Бялінскага, Дабралюбава і Пісарава — памятаюцца менавіта як вобразы прафесійных крытыкаў, якія не звярталіся да іншых літаратурных жанраў.

Але Дабралюбаў быў не толькі крытыкам, але і публіцыстам, і паэтам. Бялінскі быў публіцыстам і спрабаваў пісаць драмы. А Пісараў, акрамя публіцыстыкі, займаўся яшчэ і літаратурнымі перакладамі! І ў любым выпадку, падзяляць літаратараў і крытыкаў толькі з-за гэтай вялікай тройкі або толькі з-за крытыкаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя недальнабачна. Крытыка тых часоў была ўнікальнай з’явай: у ёй гучалі сацыяльныя пытанні, якія цэнзура б не прапусціла ў артыкулы нелітаратурныя.

Аднак дзесяцігоддзямі складвалася тэндэнцыя, калі менавіта знакамітыя літаратары выказвалі свае погляды на творы сучаснікаў ці нават наогул на літаратурны працэс. Водгукі і рэцэнзіі пісаў Пушкін. Дастаеўскі выдаваў часопіс «Дневник писателя», дзе дзяліўся сваімі поглядамі ў тым ліку і на літаратуру таксама. І Леў Талстой, і Тургенеў, і Някрасаў так ці інакш былі ўключанымі і ў крытычны літаратурны працэс. Пяройдзем да пісьменнікаў Сярэбранага веку — і выявім, што многія з іх удзельнічалі у літаратурных палеміках, пісалі маніфесты, артыкулы, фельетоны... літаральна жылі ў літаратурна-крытычным працэсе. Калі ж зірнуць на савецкі перыяд літаратуры — то актыўны ўдзел у такім працэсе стаў для пісьменнікаў, мабыць, і абавязковым. Адшукаць аўтара, які не напісаў бы ніводнага водгуку, ні адной рэцэнзіі, артыкула, можна толькі з вялікай цяжкасцю.

Дык чаму ж цяпер мы страцілі гэтую сувязь з крытыкай, чаму сучасныя пісьменнікі сталі толькі на пазіцыі творцаў — але забыліся пра другі бок літаратурнай творчасці?

Магчыма, часткова гэта адбываецца таму, што пісьменнікі XVIII—XIX стст. жылі за кошт ганарараў або дзяржаўнай падтрымкі. Літаратура была для іх працай у прамым сэнсе гэтага слова, а крытыка — часткай гэтай працы. У пісьменніка сучаснага часта літаратура стаіць на ўзроўні хобі ці неабавязковага другараднага даходу. Паняцце «прафесійны літаратар» даўно размылася, і даўно тым, хто ўступае ў шэрагі творчых саюзаў, не даюць тэарэтычнай дадатковай падрыхтоўкі накшталт літаратурных курсаў пры інстытуце (як гэта было ў савецкія часы)... а значыць, і магчымасцей для напісання крытыкі ў сучасных пісьменнікаў куды менш. Аднак магчымасці гэтыя застаюцца. І, больш за тое, «вырошчваць» крытыкаў можна як след толькі з пісьменнікаў!

«Ну не! — запярэчаць мне тут творчыя калегі словамі Пушкіна. — “Мы рождены для вдохновенья, для звуков сладких и молитв!” Мы тут на сцежку Бялінскага не падпісваліся! Мы не ўмеем! Мы не можам!» У адказ хочацца задаць цалкам нявіннае пытанне: не можаце чаго? Чаго такога не хапае сучаснаму пісьменніку, што ён не можа напісаць — няхай не крытычны артыкул, але разумны водгук ці рэцэнзію?

Можа быць, нашым аўтарам не хапае начыткі? Але паверыць у такое —значыць абразіць беларускіх пісьменнікаў. Пісьменнік сапраўдны проста абавязаны чытаць хай нават не вельмі шмат, але ўвесь час — інакш ён страціць сваю каштоўную сувязь з літаратурай і пачне дэградаваць як аўтар.

Тады, можа быць, няўменне чытаць? Зноў не. Як можа напісаць добры тэкст аўтар, які не разумее чужыя тэксты, не ўмее ў іх учытвацца?

Дык, можа быць, нашы аўтары не ўмеюць нармальна выказваць думкі? Гэта і зусім мяжуе з абсурдам. Уменне выказваць меркаванне пра творы нам даюць яшчэ ў школе. І глупства — думаць, што ў сапраўднага пісьменніка гэта ўменне не спрагрэсіравала да прыстойнага водгуку або рэцэнзіі.

Магчыма, некаторую цяжкасць уяўляе неабходнасць вытрымаць баланс паміж эмоцыямі і аналізам тэксту. Пісьменнікі — народ эмацыйны, і ім бывае цяжка не аддацца эмоцыям хай нават і ў крытычным артыкуле. Але гэта «лечыцца» ўзорамі, якімі поўны інтэрнэт!

Такім чынам, калі ў нас пакуль што няма мноства чытачоў, якія жадаюць дадаць рэцэнзіі ў беларускі літаратурны працэс, — застаецца чакаць гэтага ад саміх літаратараў. Калі мы зыходзім з думкі, што нашы аўтары — прафесіяналы, а не аматары, то літаратурная крытыка — гэта крок, які ім давядзецца зрабіць у далейшым. Калі мы лічым, што ў нас не гурток па інтарэсах, а творчае аб’яднанне, якое вызначае літаратурны працэс у краіне, — то ўдзельнікам аб’яднання прыйдзецца ўключыцца ў гэты працэс цалкам.

Дададзім да нашых разваг крыху матэматыкі. Няхай адзін аўтар напіша адзін літаратурна-крытычны твор у год. Гэта можа быць рэцэнзія на ўпадабаны твор, водгук на творчасць сучасніка, артыкул аб якім-небудзь літаратурным працэсе і з’яве — усё што заўгодна, актуальных тэм не злічыць. Колькі ў СПБ актыўных аўтараў? Больш за сотню, у любым выпадку. Але няхай з гэтым невялікім заданнем справіцца сотня. Хіба гэта не той прарыў у крытыцы, пра які ішла гаворка?

Так, магчыма, цяжка будзе змагацца з кампліментарнымі рэцэнзіямі па прынцыпе «зязюля хваліць пеўня...». Так, можа быць, завяжуцца літаратурныя дыскусіі па яшчэ больш крыўдным прынцыпе: «Ты мой тэкст пакрыўдзіў?! Дык і я твой разнясу!» Так, можа быць, прыйдзецца паднапружыцца і рэдактарам, і карэктарам. Можа, напрыклад, калі водгук на твор негатыўны — давядзецца публікаваць разам пазітыўны водгук як два погляды на твор. Можа быць, неабходнымі будуць семінары, прысвечаныя крытыцы, ці нешта накшталт цыкла артыкулаў «Як рабіць крытыку» — падобна да Маякоўскага, які пісаў «Як рабіць вершы». Але ёсць верагоднасць, што ў літаратурную крытыку прыйдуць новыя імёны. Што яна ўзбагаціцца.

Магчыма, я занадта схільная да правіл навуковай суполкі, дзе даўно не здаецца чымсьці ганебным напісаць у плане на год «два артыкулы ў рэцэнзуемых часопісах, удзел у пяці канферэнцыях са зборнікамі тэзісаў». Але адзін артыкул у год ад чалавека — у сярэднім тры старонкі — не здаецца мне вялікай цаной за тое, каб беларуская крытыка пачала сваё адраджэнне.

Таму на пытанне «Дзе вырошчваюць крытыкаў?» я адкажу... мабыць, трохі анекдатычна, таксама пытаннем. Ці нават некалькімі пытаннямі.

Адзін артыкул у год ад пісьменніка — ці ж гэта шмат? Тры старонкі — ці ж гэта так страшна? Ці трэба кагосьці наогул вырошчваць, калі ў нас такая база?

Бярыцеся за пёры, спадары пісьменнікі. Бярыцеся за пёры і аддайце нашай крытыцы хоць бы тры старонкі ў год.

Алена КІСЕЛЬ, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.