Вы тут

Гісторыя пра дэмана, які павінен супрацьстаяць нацыстам


У цэнтры гісторыі — дэман, які выпадкова правініўся. У пакаранне за дробязь яго саслалі на зямлю. Тут ён сіламі чалавечай адзінкі павінен супрацьстаяць нацыстам. Так выглядае кароткая анатацыя да кнігі Анатоля Матвіенкі «Демон против Люфтваффе».


Нам, людзям, якія жывуць у ХХІ стагоддзі, вядомы канец Другой сусветнай вайны. Але гэтую гісторыю хочацца дачытаць, нават ведаючы развіццё падзей. І на тое ёсць прычыны.

Гэта не класічная гісторыя пра «трапленца». Герой не ўсемагутны, не ведае наперад зыходу падзей. Ён вымушаны кожны дзень рабіць выбар і рызыкаваць сабой. Але сёе-тое ўсё ж такі палягчае місію нашага героя. Дэман, хоць і ў целе чалавека, мае тысячагадовы вопыт і магчымасць рэгенерацыі, што не раз ратавала яму жыццё.

Вялікая цяжкасць для герояў і вялікая цікавасць для чытача — сімбіёз дзвюх асоб, зняволеных у адным целе. Героі сапраўды вядуць унутраны дыялог. Раяцца, вучацца адзін у аднаго, жартуюць, сварацца. За маральным развіццём Вані Бутакова, магчыма, самага грэшнага пілота ва ўсёй савецкай авіяцыі, і адаптацыяй да зямнога жыцця дэмана, які жыў падчас іўдзейскай вайны, назіраць цікавей, чым за паветранымі баямі.

Дзелячы паміж сабой адну чарапную каробку і згаджаючыся на пастаянныя кампрамісы, героі знаходзяцца ў небяспецы страціць сваю асобу і індывідуальнасць. Часам яны вымушана супярэчаць разумнаму сэнсу толькі для таго, каб застацца сабой. «Справа ў іншым. Калі я цалкам прыму твой пункт гледжання, пагаджуся з любымі довадамі, то ператваруся ў другога цябе. У чым будзе розніца паміж намі? Я застаюся бальшавіком, каб зберагчы сябе і не зліцца з табой».

За час сваіх прыгод саркастычны тандэм пабываў у многіх кутках свету. Разгарнуўшы гэтую фантастычную гісторыю, чытачы лёгка пранікнуцца каларытам знаёмага Савецкага Саюза, гарачай Іспаніі і туманнай Брытаніі — краінамі, дзе героі правялі даволі працяглы час. 

Розныя імёны, дакументы, лад жыцця, праблемы, сябры і самалёты чакаюць герояў у кожным новым месцы. Пастаянная змена асяроддзя і страты нагадваюць чытачам, што фантастычныя дзеянні і саркастычныя дыялогі разгортваюцца падчас вайны. Жорсткай і бязлітаснай. Ад жахаў вайны ніхто не можа быць застрахаваны. Ні спрактыкаваны пілот, які правёў сотні гадзін у паветраных баях, ні дэман, які знайшоў каханне ўпершыню за дзве тысячы гадоў, ні нават маленькі шчанюк, які верна чакае гаспадара дома.

На фоне паветраных бітваў, лётных тактык, абрэвіятур і назваў тэхнікі злёгку згубіліся асобы герояў. Калі падрабязнасці пра камсамольца Ваню Бутакова мы даведваемся ад яго знаёмых, з якімі сустракаюцца героі, то пра дэмана інфармацыі куды менш. Мы нават імя яго знаходзім толькі ў сярэдзіне твора. А завуць яго Марк Луцый. У тэксце ёсць усяго некалькі абзацаў пра тое, за што яго выраклі на такі вялікі тэрмін у пекле. Сам герой сказаў, што не любіць успамінаць пра сваё не вельмі ўдалае жыццё. Магчыма, падрабязнасці аб харызматычным дэмане чакаюць чытача ў працягу кнігі пад назвай «Дэман супраць усіх». 

Марыя КАРКВЕЛІС

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.