Вы тут

Ісціна і родны дом: філасофія беларускіх публіцыстаў


Публіцыстам можна назваць нават не кожнага таленавітага журналіста ці пісьменніка, часам гэтыя паняцці блытаюць. Насамрэч публіцыст — гэта аўтар, які можа знайсці ў сусвеце нешта такое, пра што ніхто б іншы не толькі не здолеў, але і не збіраўся б распавядаць. Сёлетнія намінанты на Нацыянальную літаратурную прэмію ў галіне публіцыстыкі знайшлі тэмы вельмі розныя: часам відавочныя, непадступныя і складаныя.


«Постаці» Зіновія Прыгодзіча — гэта працяг першай кнігі з аднайменнай назвай, якая выйшла ў 2011 годзе. Тут аўтар таксама вядзе гутарку з асобамі, якія знаходзяцца па-за часам і прасторай, у нейкай асобнай сістэме каардынат, бо героі кнігі (а гэта На талля Гайда, Валянціна Гаявая, Міхаіл Казінец, Мікалай Яроменка, Максім Лужанін, Леанід Левін, Міхаіл Савіцкі і іншыя) адыходзяць ад сваёй прафесіі і пачынаюць раскрывацца зусім з іншага боку. У гэтым і незвычайнасць «Постацей»: аўтар умее не толькі прадставіць суразмоўцу, але і паказаць яго характар, настрой, нават нечакана раскрыць асобу.

Гутаркі Прыгодзіча з яго героямі — гэта не традыцыйныя інтэрв’ю для атрымання адказаў, а дыялогі, якія вядуцца на роўных. І ў іх няма нейкага пафасу, узвышанасці. Часам героі кнігі могуць і пакрытыкаваць, і паскардзіцца, і параіць нешта грамадству, культуры. Менавіта для гэтага і напісана кніга — паказаць не толькі багацце беларускага мастацтва, але і не хаваць недахопаў. Вось, напрыклад, Максім Лужанін кажа: «...Калі быць шчырым, ні нашы празаікі, ні паэты не ўзняліся на ўзровень часу. Літаратурная пасіўнасць, якая, відавочна, зацягнулася, не можа не трывожыць». «Постаці» — гэта кніга дыялогаў герояў у першую чаргу з чытачом, а не з аўтарам, каб грамадства зразумела, што ж такое беларуская культура.

Кніга Юрыя Татарынава «Гарады Беларусі» — таксама частка серыі, якая заснавана аўтарам у 1998 годзе. Апошняя кніга Татарынава прысвечана гарадаммузеям, і гэта сапраўдны гід для тых, хто хоча павандраваць па Беларусі. Татарынаў адзначыў, што пачыналіся «Гарады Беларусі» не па яго ўласнай задуме, а па заказе бібліятэк, дзе чытачы пыталіся хоць што-небудзь пра гарады нашай краіны.

Юрый Татарынаў паспрабаваў зрабіць кнігу незвычайнай, наколькі гэта магчыма ў дадзеным выпадку: разам з сухімі біяграфічнымі звесткамі, храналогіяй гарадоў, значнымі, але недастаткова шырока асветленымі падзеямі, аўтар распавядае і пра звыклыя славутасці нашай краіны, і знаходзіць нешта небанальнае. Напрыклад, у Полацку Татарынаў раіць пабачыць не толькі Сафійскі сабор, але і шматлікія манастыры, будынкі старой акадэміі, не такія папулярныя музеі і нават могілкі. Аповеды пра некаторыя з гарадоў «разбаўлены» цікавымі роздумамі-главамі з назвамі, якія так і вабяць чытача: «Мары і беды Антонія Тызенгаўза», «Аўтар рэцэпта вечнай маладосці», «Гітлер у Барысаве». Канечне, кнігай для забаўляльнага чытання «Гарады Беларусі» не стануць, але калі хочацца звярнуцца да грунтоўнага выдання пра нашу краіну, то кніга Юрыя Татарынава падыдзе найлепш.

«Каменяцвет не вяне» Антона Параскевіна — выданне таксама незвычайнае. Напрыклад, таму, што аўтар працуе ўрачом у шумілінскай лякарні. Аднак гэта не перашкаджае яму пісаць вершы, прозу і нават тэксты песень. У 2015 годзе А. Параскевін атрымаў літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі. Сёлета пісьменнік намініраваны са сваёй кнігай, якая з’яўляецца заключнай часткай трылогіі аб валунах Шуміліншчыны. Чаму творца звяртаецца да такой тэмы? Ён лічыць, што камень — гэта не толькі самы старажытны прыродны помнік, але і сасуд, які захоўвае ў сабе звесткі пра жыццё чалавека, хавае таямніцы стагоддзяў.

Для Шуміліншчыны камяні сімвалічныя — жыццё кожнай вёскі тычылася іх так ці інакш. Але для А. Параскевіна валуны падаюцца наогул чымсьці большым. Яго кніга — гэта сінтэз тонкага ўспрымання прыроды, філасофіі жыцця і багацця паэтычных вобразаў. Вельмі блізкае выданне і да народа: прымаўкі і прыказкі, легенды, казкі, на якіх заснаваныя апавяданні аўтара, вядомы яму менавіта ад суайчыннікаў. Цікава і тое, што ўсё гэта ўмела ўплецена ў звычайныя чалавечыя гісторыі. Здаецца, чытаеш кнігу пра валуны, а бачыш у ёй самаго сябе: лёс чалавека пісьменнік параўноўвае з лёсам каменя ў самым добрым сэнсе.

Кніга Уладзіміра Ягорычава «Ісціна даражэй за ўсё» — гэта запрашэнне чытача да вельмі глыбокіх роздумаў. Пісьменнік вядомы сваёй схільнасцю да грамадска-палітычных тэкстаў, і новая кніга — пацвярждае гэтае назіранне. Аўтар задае нябачнаму суразмоўцу пытанні: як і чаму мінулае так уплывае на тое, што адбываецца з намі цяпер, што такое гістарычныя факты і альтэрнатывы ў гісторыі? Пры гэтым сам аўтар спрабуе даць адказы і нагадвае чытачу, што чалавек мае ўладу над мінулым, цяперашнім і будучыняй.

Матэрыял для роздумаў У. Ягорычаў знайшоў у канкрэтным гістарычным матэрыяле, таму чытачу будзе лёгка зразумець складаныя тэрміны на канкрэтных прыкладах. Безумоўна, «Ісціна даражэй за ўсё» — гэта не догма, не доказ і, як кажуць, можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Але аўтар удакладняе, што выданне павінна па-добраму «прымусіць» чытача пашукаць ісціну, каб захаваць гістарычную памяць народа.

Знайсці «Прытулак для душы» вырашыў сваёй кнігай Расціслаў Бензярук. Любімы журналісцкі жанр аўтара — нарыс, што заўважна і па новым выданні. Кніга — гэта 40 задакументаваных гадоў, якія аўтар выдаткаваў на сустрэчы з героямі, пошук і збор цікавых фактаў з жыцця сваіх будучых персанажаў. Усе героі Бензярука жылі на Жабінкаўшчыне, таму ніякай выдумкі ў кнізе няма — толькі сапраўднае жыццё незвычайных, але простых людзей са складанымі лёсамі і праблемамі.

«Прытулак для душы» — вельмі трапная назва для кнігі, бо гэта і прытулак уласна герояў, магчыма, самаго аўтара, і, дакладна, чытача. У цёплых, блізкіх гісторыях кожны з нас можа лёгка знайсці сябе і сваіх родных (яно і зразумела, бо ў назвах нарысаў пазначаны сапраўдныя прозвішчы герояў). А гэта людзі, якія знаходзяцца сярод нас, іх вясковыя праблемы, знаёмыя і нам, іх каханне, філасофія («Зоркі там свецяць ярчэй, дзе чалавек прыклаў свае рукі») і страсці, якія мы таксама адчуваем штодня.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.