Вы тут

Прайшло пасяджэнне Экспертнага савета па прэміях Саюзнай дзяржавы


Днямі адбылося першае пасяджэнне Экспертнага савета па прэміях Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2017—2018 гады. Было вылучана сем прэтэндэнтаў на саісканне прэміі. А тройка пераможцаў, кожны з якіх атрымае грашовую прэмію, будзе абвешчана 27 верасня.


Прэмія ўручаецца раз на два гады. Заяўкі з прапановамі твораў могуць накіроўваць творчыя саюзы, грамадскія аб'яднанні і дзяржаўныя арганізацыі

— Сёлета на саісканне прэміі прапанаваны як ніколі значныя творы, у розных відах літаратуры і мастацтва, — адзначыла першы намеснік міністра культуры Беларусі, сустаршыня Экспертнага савета Ірына ДРЫГА. — Мы доўга абмяркоўвалі і вылучылі сем намінантаў на атрыманне прэміі. Гэта Мікалай Чаргінец, за цыкл раманаў «Аперацыя кроў», «Сыны», «Вам заданне», «За секунду да выстралу». Галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь Сегодня» Павел Якубовіч за публіцыстычныя творы, якія робяць значны ўнёсак ва ўмацаванне сяброўства, братэрства, культурнага супрацоўніцтва паміж краінамі Саюзнай дзяржавы. Аляксандр Анісімаў — галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі — за канцэртную праграму 2011—2016-х гадоў. Аўтарскі калектыў за цыкл анімацыйных фільмаў «Казкі старога піяніна». Кампазітар Алег Іваноў за песні «Алеся», «Завалінка», «Глушцовая зара», «Печкі-лавачкі», «Ля ручая», «Родная вёска», «Горад-гарадок». Валерый Палянскі, галоўны дырыжор дзяржаўнай сімфанічнай акадэмічнай капэлы Расіі, і Аляксандр Шанін, яе дырэктар, артыст за канцэртную праграму, якая была прадстаўлена ў межах міжнароднага фестывалю «Магутны Божа» ў Магілёве. І Ларыса Трухіна, спявачка, кампазітар, за музычныя праекты «Над зямлёй Беларусі», «Расія — песня мая», «Люблю цябе, Белая Русь».

Варта нагадаць, што будзе ўручана адразу тры прэміі, памер кожнай з іх складзе пяць мільёнаў расійскіх рублёў.

— Вядома, нам хацелася б, каб заявак на прэмію было больш. У той жа час можна лічыць, што колькасць прэтэндэнтаў дастатковая, — заўважае намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай падтрымкі мастацтва і народнай творчасці Расійскай Федэрацыі Эдзіта ІСАКЯН. — Бо аўтарытэт у прэміі надзвычай высокі. Часам ён нават палохае. Я чула ад многіх ахвотных, як яны, пачуўшы пра мінулых лаўрэатаў, што гэта выдатныя дзеячы культуры, спыняліся і не падавалі свае заяўкі. Трэба працягваць у тым жа духу. Упэўнена, сёлета камісія прыме рашэнне аб пераможцах, якія адпавядаюць аўтарытэту мінулых гадоў.

Упершыню прэміі Саюзнай дзяржавы былі ўручаны ў 2002 годзе. Першымі лаўрэатамі сталі акцёр, народны артыст Расійскай Федэрацыі Аляксей Пятрэнка, беларускі драматург Алесь Дудараў і народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін.

Пазней лаўрэатамі прэміі былі народная артыстка СССР Аляксандра Пахмутава, мастакі Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў і Іван Міско, дырыжор Міхаіл Фінберг і іншыя.

Адным з членаў Экспертнага савета з'яўляецца мастацкі кіраўнік тэатра-студыі кінаакцёра нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Аляксандр ЯФРЭМАЎ. Разважаючы пра сучасных творцаў, ён адзначае:

— Некаторыя людзі ў мастацтве паводзяць сябе як сапраўдныя малпы. Тут мы кажам пра традыцыі і наватарства, пра тое, які ўплыў на нас аказаў мадэрнізм сярэдзіны мінулага стагоддзя... Цяпер у нас эпоха постмадэрнізму, мы з нашмат большай ашчаднасцю ставімся да таго, што было зроблена да нас, у некаторых усё ж узнікае адчуванне духоўнай перспектывы. Але ёсць і іншыя прыклады. Таму мне сімпатычна тое, што пададзеныя на разгляд Экспертнага савета
творы дэманструюць адсутнасць звярыных адносін да мастацтва. Таму ўсе творы, якія мы разгледзелі, на мой погляд, адлюстроўваюць існую сутнасць творчасці. Удзельнічаць у гэтым працэсе вельмі цікава і пачэсна.

Уганараванне пераможцаў, запланаванае на верасень, будзе адбывацца ва ўрачыстай абстаноўцы, з уручэннем дыпломаў, ганаровых знакаў і пасведчанняў лаўрэатаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: За сяброўства

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.