Вы тут

Мінчанка робіць бясплатныя татуіроўкі жанчынам пасля анкалогіі


20 гадоў таму Ала Рамазанава ўпершыню ўзяла ў рукі тату-машынку. Пасля было шмат эксперыментаў і пошукаў «свайго» напрамку ў прафесіі. Цяпер жа татуіроўшчыца дапамагае жанчынам, якія перамаглі рак грудзей, зноў адчуць сябе шчаслівымі — працягваць жыццё без бачных рубцоў, што засталіся пасля аперацыі як успамін пра самае цяжкае выпрабаванне.


Спа­чат­ку прак­ты­кі бы­ло не так шмат. Але са з'яў­лен­нем ін­тэр­нэ­ту зва­ро­таў жан­чын ста­ла знач­на больш.

Тату павінна быць пазітыўным

— Усё пачыналася як хобі, — расказвае Ала. — У мяне былі сябры-нефармалы, якія ведалі, што я ўмею маляваць, і часам прасілі зрабіць ім тату. Потым я прыехала ў Мінск, паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і ўладкавалася працаваць у адзін тату-салон. З таго часу гэта і стала маёй прафесіяй.

Паступова Ала пачала адыходзіць ад брутальнай мужчынскай татуіроўкі. Як прызнаецца сама майстар, яна зразумела, што прынясе больш карысці, калі будзе займацца элегантным жаночым тату.

— Жаданне зрабіць малюнак на целе ў першую чаргу ўзнікае, калі чалавек хоча схаваць тое, што яму ў ім не падабаецца. Да мяне пачалі ўсё часцей прыходзіць жанчыны з просьбай перакрыць рубцы, расцяжкі, якія засталіся пасля родаў. Гэта былі няпростыя выпадкі. Маляваць на скуры з рубцамі — складаней, чым на чыстай. Але я бачыла эмацыйны стан жанчын пасля працэдуры. Яны сыходзілі ад мяне шчаслівымі.

Звычайна пасля нейкіх сур'ёзных хвароб, калі чалавек выжыў, шрамы яго ўжо не асабліва хвалююць, але ж можна не проста жыць далей, але жыць якасна.

Так я і прыйшла ад звычайнай татуіроўкі да эстэтычнай карэкцыі.

Татуіроўка сама па сабе «ходзіць» па мяжы. Сёння яна падабаецца — заўтра яе выводзяць лазерам. Майстар робіць сваю працу прыгожа і якасна, але прыярытэты ў чалавека памяняліся, і ён больш не хоча жыць з гэтым малюнкам на скуры. Калі ты робіш эстэтычную карэкцыю, такога ніколі не будзе. Таму што жанчына шчаслівая атрымаць малюнак, які выглядае лепш, чым яе рубец.

— У большасці сваёй, — расказвае татуіроўшчыца, — у жанчыны проста ёсць шрам, і яна хоча яго закрыць. Вядома, я магу нешта падказаць, параіць, бо сам рэльеф рубца часам дыктуе нейкі малюнак. Але, напрыклад, лінейнае перакрыццё прыцягне яшчэ больш увагі. Таму малюнак у любым выпадку павінен быць большым, быццам пад ім нічога няма, а гэта — проста татуіроўка. Камусьці падабаюцца кветкі, камусьці — матылькі, птушкі. Я працую толькі з такімі, «пазітыўнымі», малюнкамі.

Ала расказвае, што ў адной з яе кліентак былі на целе вялікія апёкі, якія яна атрымала яшчэ ў раннім дзяцінстве. «Мы зрабілі на іх архідэі. Прычым у першы год кветкі былі ахраматычныя — карамельныя, крэмавыя, а на наступны я перафарбавала іх у ружовы, бэзавы колер».

Ка­лі жан­чы­на за­кры­вае ру­бец на сва­ім це­ле, яна ста­но­віц­ца больш упэў­не­най у са­бе.

Не магу браць за гэта грошы

Татуіроўшчыца прызнаецца, што спачатку практыкі ў яе было не так многа. Часцей за ўсё да яе прыходзілі жанчыны з просьбай падкарэктаваць рубец пасля ўстаўкі імпланта.

— Са з'яўленнем інтэрнэту зваротаў стала больш. Магчыма, нейкую інфармацыю пачалі даваць сваім пацыенткам самі ўрачы. Бо жанчынам, якія перажылі рак грудзей, часта цалкам выдаляюць залозу і ўжо на яе месца ўстаўляюць імплант. Аднак арэолы ўрачы зрабіць не могуць.

У мяне была адна жанчына з Гомеля, якая расказвала, што кожны год, калі яна ўжо пасля аперацыі прыходзіла на кансультацыю ў бальніцу, ёй казалі: «Мы сваю працу зрабілі добра. Калі ж ты нарэшце сходзіш да татуіроўшчыка і намалюеш сабе арэолу?» Мы і самі, калі глядзім на такую жанчыну, напрыклад, у лазні, міжволі заўважаем, што ў яе не хапае саска — і нам гэта здаецца няправільным.

У нас падсвядома ўспрыманне спрацоўвае так, што ў чалавека павінна быць дзве рукі, дзве нагі, дзве арэолы. Калі чагосьці не хапае, значыць, нешта не так.

Цяпер я працую з самым інавацыйным абсталяваннем, якое ёсць у свеце. То-бок не проста падбіраю татуіровачныя фарбы: у мяне цэлая палітра для арэол любога тыпу. Як жывапісец, я магу падабраць любое адценне. Складанасць не ў тым, каб проста намаляваць дзве арэолы. Важна падабраць адну пад другую, скапіраваць іх. Бо часцей за ўсё да мяне прыходзяць жанчыны, якім выдалілі адну з грудзей і ўставілі імплант. Тут ужо важныя мастацкая адукацыя і навыкі колеразнаўства. Наогул, 3D-арэола — гэта гульня са святлом і ценем. Безумоўна, звычайнаму чалавеку любы аб'ёмны малюнак здаецца складаным, для мастака ж гэта нармальная практыка. Гэта як намаляваць шарык. Аднак пачынаючаму тату-майстру нельга проста ўзяць і зрабіць сасок. Для гэтага трэба ведаць асноўныя правілы. Выкарыстоўваць спецыяльныя пігменты, іголкі і тэхналогіі, каб не нашкодзіць чалавеку.

— Яшчэ, — працягвае тату-майстар, — трэба памятаць, што любыя перакрыцці рубцоў магчымыя, калі яны ўжо сталі белымі. А для гэтага павінна прайсці мінімум паўгода з моманту аперацыі.

Акрамя гэтага, Ала ўпэўнена: браць за такую працу грошы проста немагчыма.

— Чалавек пераадолеў рак, патраціў шмат сродкаў на лекі і аднаўленне. Як я магу прасіць з яго яшчэ якую-небудзь аплату? Таму я раблю арэолы бясплатна. І задавальнення, прызнаюся шчыра, атрымліваю значна больш, чым ад камерцыйнай працы.

Ад­ной­чы Ала вы­ра­шы­ла для ся­бе, што пры­ня­се больш ка­рыс­ці, ка­лі ады­дзе ад бру­таль­на­га муж­чын­ска­га та­ту і бу­дзе зай­мац­ца эс­тэ­тыч­най ка­рэк­цы­яй.

«Некаторыя жанчыны цяпер для мяне як сям'я»

— Неяк я ўдзельнічала ў акцыі, асноўнай мэтай якой была дапамога жанчынам пасля анкалогіі. Яе падтрымала шмат татуіроўшчыкаў не толькі з Мінска, але і з абласных цэнтраў. Некаторыя абсалютна бясплатна малявалі жанчынам бровы і стрэлкі на вачах падчас хіміятэрапіі. Каб нават у такі складаны перыяд жыцця яны маглі адчуваць сябе прыгожымі.

Калі ў сацыяльных сетках вы бачыце ў тату-майстра ружовую стужку — міжнародны сімвал, які падтрымлівае праграму барацьбы супраць раку малочнай залозы, — яны адгукнуцца і зробяць татуіроўку жанчыне пасля анкалогіі бясплатна. І гэтага зусім не трэба саромецца. Так я кажу заўсёды, калі бываю на сустрэчах жанчын, якія перамаглі рак грудзей.

У большасці краін падобныя тату робяцца бясплатна, таму што пагашаюцца медыцынскай страхоўкай. У нас медыцынская сацыяльная праграма, на жаль, нічога не пагашае.

— У мяне нядаўна была жанчына, — успамінае Ала, — якая заканчвала праходзіць хіміятэрапію. У яе не было ні броваў, ні веек. Я рабіла ёй міжвейкавую растушоўку. А праз месяц яна зноў прыйшла да мяне, і я з радасцю ўбачыла, што яе ўласныя вейкі да яе вярнуліся — і нават выраслі ў тры рады! І гэта дарагога каштуе: бачыць, як жанчыны, якія перамаглі такую страшную хваробу, вяртаюцца шчаслівымі да жыцця.

Што датычыцца мужчын і іх успрымання такіх працэдур, то я скажу так: калі мужчына кахае жанчыну, калі яна яму важная, думаю, ён у любым выпадку падтрымае яе рашэнне, што б яна ні зрабіла. Калі ёй ад гэтага лепш, то і яму спакайней. Многія да мяне прыходзілі са словамі «Муж мяне і такую любіць», але ж пры гэтым самі саромеюцца свайго цела: не могуць распрануцца ні ў лазні, ні на пляжы. Калі жанчына закрывае рубец на сваім целе, яна становіцца больш упэўненай у сабе.

— Калі бачыш чалавека часта, калі ведаеш яго гісторыю, з-за якой ён прыйшоў да цябе, — кажа Ала, — некаторыя жанчыны становяцца табе як сям'я.

Меркаванні на тэму

Вера:

— Любая жанчына хоча выглядаць добра. Асабліва пасля цяжкай хваробы, калі тваё цела кажа табе адваротнае: ты непрыгожая і нежаданая.

Я ўдзячная Але за яе акцыю, за тое, што яна дапамагае жанчынам абсалютна бясплатна. Я доўга сумнявалася, ці патрэбна мне татуіроўка: чалавек, які перажыў анкалогію, хоча як мага хутчэй пра яе забыцца, не вяртацца да «балючага» месца. Але Ала мне растлумачыла, што татуіроўка дапаможа зрабіць гэта значна хутчэй — зноў адчуць сябе, як і раней, прыгожай. Зусім хутка мы сустрэнемся, каб зрабіць мне тату.

Вольга:

— Мае адносіны да шрамаў на грудзях з гадамі змяняліся. Упершыню перажыла аперацыю ў 2011 годзе. Вядома, я думала, што мне, як зусім юнай дзяўчыне, накладуць касметычныя швы, якія з цягам часу самі знікнуць. На жаль, не. Памятаю, мяне турбавала, што мой каханы не захоча са мною больш сустракацца. Дурныя думкі, але... На наступны год мяне чакала яшчэ адна навіна: зноў знайшлі дзве пухліны ў грудзях. Я рабіла аперацыю ўжо ў іншай бальніцы, і ў ёй, на шчасце, наклалі касметычныя швы. Нягледзячы на гэта, усё роўна неяк няёмка (але ўжо не перад каханым, бо разам перажылі непрыемнасць), калі наведваеш працэдуры ў СПА-салонах. Памятаю, неяк запісалася на масаж і не змагла расслабіцца, бо было сорамна і крыўдна. Няёмка перад супрацоўніцай салона. Наўрад ці зараз гэтым кагосьці здзівіш, але яно крыху закранае тваю ўпэўненасць.

Ці хочацца мне зрабіць тату? Змагла б, мабыць, калі б шрамы дасягалі вялікіх памераў. Са сваімі я проста вучуся жыць, успрымаць сябе такой, якая я ёсць. Яны — усяго толькі маленькая частка мяне.

Ларыса:

— Пасля ускладненага апендыцыту ў мяне застаўся вельмі непрыгожы шнар. Я не магла надзяваць адкрытыя купальнікі, спакойна хадзіць у басейн. Але вось ужо больш за дзесяць гадоў на месцы аперацыі мастацкі твор Алы, і я не адчуваю сябе непаўнавартаснай.

Ганна БАГІНО

bаhіnо@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Малюнак на целе

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.