Вы тут

Кацярына Раецкая: Падарожжы лепшыя за новыя туфлі


Ужо ў дзяцінстве яна ведала, што хоча прадзюсіраваць «Славянскі базар», таму без ваганняў абрала месцам вучобы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Зараз яе дзень распісаны амаль па хвілінах: здымкі, праца за кадрам, канцэрты, шматлікія сустрэчы...

Пра цягу да кніг, падарожжы і стаўленне да зласлівых каментарыяў у свой адрас TV&ЕVЕNT-прадзюсар, РR-менеджар, вядучая мерапрыемстваў, салістка гурта «DаVіnсі» расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Давайце паспрабуем узнавіць адзін дзень з жыцця Кацярыны Раецкай... Які ён?

— Мая раніца пачынаецца з душу, масак і працэдур для твару і, канешне, з кавы. Я вельмі радуюся, калі здымкі і мерапрыемствы запланаваны на другую палову дня: тады ў першай ёсць час для спартзалы або масажу, пасля якіх я альбо працую дзесьці ў горадзе, альбо прызначаю сустрэчы з кліентамі.

Калі запланаваны важныя здымкі, мерапрыемствы, да іх патрэбна падрыхтоўка. І як бы я ні старалася звесці яе да мінімуму — я маю на ўвазе менавіта грым, прычоску, — усё роўна гэта займае каля 1,5-2 гадзін. Часам прафесійнага грымёра на пляцоўцы няма, тады даводзіцца займацца ўсім самой. У гэтым плане значна прасцей майму калегу, сувядучаму і мужу (Дзянісу Дудзінскаму. — Аўт.): расчасаўся — і прыгожы! (Усміхаецца.)

Як правіла, калі ўвесь тыдзень у мяне распісаны, то да пятніцы я адчуваю, што ўжо не хачу нікуды ісці, а мару проста паляжаць дома з кніжкай. І вельмі добра, што мае сябры, знаёмыя, калегі разумеюць: інтраверту, які працуе ў экстравертнай сферы, трэба часам адпачываць.

— Вы з Дзянісам шмат падарожнічаеце. Куды ўжо ўдалося з'ездзіць у гэтым годзе?

— Мы былі ў Нікарагуа, Гандурасе. Звычайна яшчэ вясной-летам езджу ў Барселону, але сёлета, на жаль, не складваецца. Хацела паспець да «Славянскага базару», але зразумела: альбо пашыў і прымерка сукенкі, альбо Барселона.

Спадзяюся, што ў жніўні адправімся ў Эфіопію, а бліжэй да новага года — у якую-небудзь еўрапейскую краіну. Але ўсё роўна так атрымліваецца, што мы заўсёды арыентуемся на адпачынак Дзяніса ў праграме «Добрай раніцы, Беларусь!».

— А як выбіраеце маршруты?

— Усе краіны, куды мы адпраўляемся, калісьці былі гэткімі кропкамі-марамі на карце яшчэ з часоў урокаў геаграфіі. Маршруты для нашых вандровак заўсёды выбірае Дзяніс, але пытаецца, чаго б мне хацелася больш: напрыклад, правесці час каля акіяна або скалалажання.

Мы стараемся адпраўляцца туды, куды віза для беларусаў альбо не патрэбна, альбо атрымаць яе даволі лёгка. А яшчэ — выбіраем маршруты, дзе амаль не сустрэнеш турыстаў.

— А ці была такая краіна, у якой хацелася застацца?

— Можа быць, гэта рамантычнае ўспрыманне маёй першай экзатычнай паездкі, але такое пачуццё насамрэч было. У Панаме ёсць архіпелаг Бастыментас, куды прыязджаюць працаваць валанцёры: хтосьці — афіцыянтам, хтосьці вядзе ёгу...

Мы жылі ў палатках-тэнтах, карысталіся дажджавой вадой: ёй мылі, яе ж пілі пасля фільтрацыі. Уявіце: вакол цябе джунглі і дзікі акіян, які лупіць у берагі, і ты не ведаеш, як ён сябе павядзе праз хвіліну. Гэта адназначна не турыстычны маршрут... Клімат там вільготны, усё ў тумане, але пры гэтым ты адчуваеш сябе ў такой загадкавай атмасферы, як у сне. Сувязі са знешнім светам амаль няма, бо ўсё працуе на сонечных батарэях, а сонца ў тых краях з'яўляецца з-за туману нячаста. Так, гэта складана і нязвыкла, але неверагодна прыгожа! І я ведаю, што аднойчы вярнуся туды зноў.

— Ці ёсць у вас яшчэ хобі, акрамя падарожжаў?

— У дзяцінстве я гуляла ў футбол, бегала, страляла — але гэта ўсё не зусім пра мяне. Так, я займаюся спортам, але тое наўрад ці хобі, — хутчэй, неабходнасць.

Я люблю чытаць. Гэта мяне пераносіць у іншы свет. І такое не пад сілу нават кіно. Калі знаходжу для сябе добрую мастацкую літаратуру, то мяне не адарваць. Я пачынаю сама прыдумляць вобразы і менавіта таму не люблю глядзець экранізацыі кніг: заўсёды не так уяўляю герояў.

А вось на некаторыя заняткі мне, шчыра кажучы, з-за майго тэмпераменту не хапае ўседлівасці. Хацела неяк пайсці на каліграфію, але вырашыла, што гэта не маё. Гэта ж датычыцца, напрыклад, і малявання карцін алеем. Але дзе я сапраўды адрываюся ад рэальнасці, — дык гэта ў сталярнай справе. Хаджу рабіць табурэткі, пілаваць якія-небудзь падстаўкі. Напрыклад, зрабіла сваімі рукамі драўляную лямпу. Увесь гэты доўгі працэс стварэння рэчы мяне вельмі захапляе.

— Кім марылі стаць у дзяцінстве?

— Ужо з сёмага класа марыла паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Тады яшчэ не ведала слоў «прадзюсар» і «менеджар», але пікам маіх жаданняў было рэжысіраваць «Дажынкі» і «Славянскі базар». Тым не менш мне заўсёды падабалася спяваць, выступаць на любой сцэне: ад дачнага канцэрта для суседзяў да вялікіх конкурсных пляцовак.

— Складана ці, наадварот, лёгка быць адзінай дзяўчынай у гурце «DаVіnсі»?

— Быць ёй у гэтым калектыве — выдатна, таму што цябе берагуць, з табой раяцца. І што самае важнае — да тваёй думкі прыслухоўваюцца.

Да мяне гурт існаваў дзевяць гадоў, і я рада, што мае калегі, а цяпер — родныя людзі, дазволілі мне адразу ўносіць нейкія карэктывы. Я рада, што заўсёды магу выказаць сваё меркаванне: «Прыбіраем трубы — яны ўсё сапсуюць». У мяне няма прафесійнай музычнай адукацыі, і дзесьці мяне могуць паправіць. Але сам матэрыял звычайна ўспрымаю з пункту гледжання таго, як ён будзе гучаць, глядзецца на экране, ці змогуць танцаваць пад гэтую песню на карпаратывах.

— Чаго чакаць ад гурта «DаVіnсі» ў найбліжэйшай будучыні?

— Зараз мы даволі павольна ствараем песні, спрабуем ставіцца да матэрыялу беражліва.

З красавіка гурт працуе над новай песняй. Так, быў перапынак, калі Дзяніс ад'язджаў у Перу, яшчэ адзін, калі я шчыльна займалася сваёй працай і не магла ўдзяляць гэтаму належнай увагі. Але хочацца, каб песня атрымалася, як і папярэдняя («Mаdаgаsсаr». — Аўт.), якая, дарэчы, па мерках шоу-бізнесу, даволі старая: з'явілася мінулай восенню, а кліп на яе мы знялі зімой. Нядаўна атрымалі водгук ад жанчыны з Нью-Ёрка, якая пісала, што ў школе з яе дзіцем вучыцца хлопчык родам з Мадагаскара. Яна паказала яго маме кліп на нашу песню, і тая расчулілася. Жанчына прызналася, што відэа вельмі прыгожа паказвае віды краіны, і яна нават не думала, што пра іх радзіму ведаюць у свеце.

— Як ставіцеся да зласлівых каментарыяў у ваш адрас у інтэрнэце?

— Я заўсёды чытаю іх усе, таму што хачу ведаць, што думаюць людзі збоку, чым цікавяцца і на што арыентуюцца. Часам даведваюся, што, аказваецца, у сеціве за мяне даўно ўсё вырашылі: пра мае дасягненні і асабістае жыццё.

Некалькі разоў я прыслухоўвалася да каментарыяў і пагаджалася з некаторымі. Так, напрыклад, на адным з парталаў да нашай з Дзянісам вясельнай фотасесіі было паведамленне ад чытача пра тое, што я на здымках выглядаю як атлет, — вельмі накачаная. І тады я падумала, што так, мабыць, колькасць трэніровак можна злёгку паменшыць.

Скажу яшчэ, што вельмі рэзка стаўлюся да каментарыяў пра сям'ю. Калі словы чапляюць толькі мяне — гэта адно. Але як толькі гэта пераходзіць на блізкіх мне людзей, магу ўпасці ў лютасць.

— Ці ёсць у вас слабасці як у дзяўчыны? Мабыць, любіце туфлі або духі?

— Да рэчаў я стаўлюся вельмі ўтылітарна. Ні сукенкі, ні нейкія аксесуары мяне ніколі не цікавілі. Больш за тое — я зусім не люблю ўбірацца. Мая слабасць — гэта купіць сабе новы спальнік, дужы заплечнік, якасныя красоўкі. Я абсалютна ўпэўненая: падарожжы лепшыя за новыя туфлі.

Часцей трачу грошы на добрыя выданні кніг. Зараз мая раніца пачынаецца не са стужкі «Інстаграма», а з альбома з рэпрадукцыямі карцін.

Ганна БАГІНО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.