Вы тут

Чым раней адмовіцца ад цыгарэт, тым меншая рызыка памерці ад анкалагічных хвароб


Па самых сціплых падліках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ад курэння штогод памірае каля 4,5 мільёна чалавек ва ўсім свеце. Пры гэтым якасць выкураных цыгарэт не мае значэння — і моцныя, і лёгкія, і экстралёгкія маюць аднолькавы склад тытуню і наносяць шкоду арганізму. Курэнне правакуе развіццё 18 формаў раку ў чалавека: рак лёгкага, стрававода, гартані і поласці рота, мачавога пузыра, падстраўнікавай залозы, ныркі, страўніка, малочнай залозы, шыйкі маткі. У 90% клінічных выпадкаў рак лёгкага ўзнікае менавіта з-за курэння. Пры гэтым колькасць тых, хто выжыў, не перавышае 30%, а ў выпадку позняга звароту і лячэння, на працягу бліжэйшых 1,5 — 2 гадоў памірае больш за 87% пацыентаў.


Штогод больш за 50 тысяч выпадкаў раку

Паводле інфармацыі ўрача-анколага, загадчыка аддзела арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Паўла Маісеева, у нашай краіне, як і ў краінах-суседках, спажыванне тытуню не толькі не скарачаецца, а наадварот расце, набываючы новыя формы ў выглядзе электронных цыгарэт і інш. А гэта ўплывае на рост анкалагічнай захваральнасці.

— Зараз кожны год мы маем больш за 50 тысяч новых выпадкаў злаякасных утварэнняў. У прыватнасці, летась гэтая лічба склала 53 тысячы і прыкладна такая тэндэнцыя будзе захоўвацца ў агляднай будучыні, — адзначыў анколаг.

Немалаважную ролю ў гэтым адыгрывае шкода ад курэння.

— Амаль 80% выпадкаў раку асацыіраваны так ці інакш з курэннем. Прычым гэта не толькі рак лёгкага. Гэта і рак стрававода, поласці рота, мачавога пузыра. Заўсёды пытаюцца: дзе курэнне і дзе рак мачавога пузыра? Рэч у тым, што прадукты гарэння выводзяць ныркі, натуральна, з мачой выдзяляюцца і шкодныя рэчывы, таму задзейнічаны і такі орган як мачавы пузыр, — патлумачыў Павел Маісееў.

З-за таго, што тытунём часта злоўжываюць маладыя людзі і нават падлеткі, «маладзее» і рак.

— Калі раней выпадкі ў пацыентаў, маладзейшых за 30 гадоў, сустракаліся як казуістыка, то сёння гэта ўжо не рэдкасць, — адзначае анколаг. — Другі негатыўны аспект — шырокае распаўсюджванне курэння сярод жанчын. Калі я пачынаў працаваць, таракальнае аддзяленне было ўсяго на 60 ложкаў, і ў ім была адна ці дзве палаты для жанчын, якія запаўняліся далёка не заўсёды. Сёння ж прыкладна аднолькавыя суадносіны жанчын і мужчын.

Дарэчы, шматгадовыя назіранні дазволілі выявіць шэраг цікавых заканамернасцяў. Верагоднасць развіцця анкалагічных паталогій павялічваецца пад уплывам наступных фактараў: ранні ўзрост пачатку курэння, працяглы стаж курэння, сутачная доза цыгарэт 20 шт і больш, злоўжыванне спіртнымі напоямі.

Павел Маісееў падкрэсліў, што, нягледзячы на тое, што курэнне відазмяняецца, з’яўляюцца палегчаныя цыгарэты, з выкарыстаннем новых фільтраў, гэта не дае станоўчага выніку, курэнне застаецца курэннем, толькі ў замаскіраваным выглядзе.

— Да гэтага часу ў нашым грамадстве не сфарміраваўся лозунг, што курэнне забівае. На білбордах МНС мы часта бачым, што курэнне забівае ў ложку, бо з-за гэтага здараецца значная частка пажараў. Але ўсім нам трэба мець на ўвазе, што курэнне проста забівае, — рэзюмуе анколаг.

Курэнне расслабляе? Гэта міф

Акрамя фізіялагічных праблем, курэнне выклікае і шэраг псіхалагічных.

— Існуе міф у грамадстве, што курэнне дапамагае пазбавіцца ад стрэсу і расслабіцца, справіцца з нейкімі цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі. Насамрэч гэта не так. Калі фарміруецца залежнасць ад нікаціну, чалавек пачынае паліць для таго, каб пазбегнуць дыскамфорту. І ў сувязі з гэтым узровень стрэсу значна павышаецца. Зараз у большасці грамадскіх месцаў забаронена курэнне, таму трэба выдзяляць на гэта нейкі час і шукаць месца. Гэтыя дзеянні прыводзяць, наадварот, да павышанага ўзроўню стрэсу. У многіх дарослых ёсць пэўны рытуал: раніцай абавязкова выпіць кубак кавы з цыгарэтай, інакш я буду ўвесь дзень прыгнечаны. Нічога з чалавекам не здарыцца, калі ён не выканае гэты рытуал, — упэўнена загадчык псіхалагічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя Юлія Слівец.

Міфам яна называе і тое, што людзі, якія паляць, прасцей знаходзяць кантакт з іншымі. Насамрэч расслабляе не курэнне, і нефармальная абстаноўка, у якой яно праходзіць.

Пры ўжыванні вейпаў і электронных парагенератараў таксама фарміруецца залежнасць.

— Калі яны толькі пачалі з’яўляцца, гаварылася, што шкода ад парагенератараў не такая вялікая, як ад звычайнай цыгарэты. Натуральна, падлеткі ў асноўным на гэта і разлічваюць. Але шкода ад электронных цыгарэт, электронных парагенератараў, вейпаў не меншая, чым ад звычайных цыгарэт. Пры любой залежнасці чалавек пакутуе. Насуперак таму, што некаторыя лічаць, што не такая вялікая праблема кінуць паліць, пазбаўленне ад гэтай шкоднай звычкі адбываецца гэтак жа цяжка, як і ад ужывання алкаголю альбо наркотыкаў, — падкрэслівае Юлія Слівец.

Дарэчы, пры выкарыстанні электронных цыгарэт, у склад якіх уваходзіць нікацін, рызыка развіцця анкалогіі павялічваецца прыкладна ў 4 разы. Акрамя гэтага, падобныя прылады з часам выклікаюць хранічнае запаленне слізістай органаў дыхання, якая становіцца ацёчнай і друзлай, што таксама можа прывесці да развіцця раку.

Ці шкодныя кальяны?

Прадукты гарэння і ў выпадку курэння кальяну таксама наносяць нам шкоду. Але справа не толькі ў гэтым.

— Ніхто не можа гарантаваць іх бяспеку, бо санінспектар не стаіць у кожнай кальяннай і не правярае, як яны апрацоўваюцца, як запраўляюцца і хто перад вамі карыстаўся гэтым прыборам, — папярэджвае Павел Маісееў.

Як кінуць паліць?

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўнесла нікацінавую залежнасць у спіс хвароб, гэтак жа як і іншыя віды залежнасцяў. Каб дапамагчы пазбавіцца ад любой залежнасці, у тым ліку нікацінавай, трэба разам з псіхолагам або псіхатэрапеўтам высветліць і прапрацаваць прычыну, якая паслужыла яе з’яўленню.

— Псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў цяпер дастаткова, можна звяртацца ў РНПЦ псіхічнага здароўя — у тым ліку ананімна. Не абавязкова шпіталізавацца, дастаткова звярнуцца ў кансультатыўна-паліклінічнае аддзяленне, дзе вам будзе прызначаная кансультацыя, і далей наведваць спецыяліста і прапрацоўваць сваю праблему, — кажа Юлія Слівец.

Які сродак самы эфектыўны?

— Няма дакладнай статыстыкі, колькі людзей кідае паліць. Таму казаць, наколькі эфектыўны той ці іншы сродак, складана. Усе сродкі добрыя, ці гэта будзе спрэй, пластыр ці кансультацыя псіхатэрапеўта. Галоўнае, каб быў вынік, — адзначае Павел Маісееў.

Памятайце, што адмова ад нікаціну ў любым узросце ў разы змяншае рызыку развіцця анкалогіі. Напрыклад, калі чалавек курыў усё жыццё, то рызыка памерці ад анкалагічнага захворвання органаў дыхання да 70 гадоў складае 16 працэнтаў. Але калі чалавек кінуў курыць у 60 гадоў, то рызыка зніжаецца да 11%. Калі чалавек кінуў паліць у 50 гадоў, то рызыка змяншаецца да 5%, у 40 гадоў — да 3%.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.