Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


С. БУСЬКО. «На ланцужку»

(«Звязда» ад 26 студзеня)

— Я вясковы жыхар, усё жыццё жыву ў вёсцы і, колькі сябе памятаю, мы маем дома сабаку і катоў. Cабака заўсёды жыве на вуліцы і на прывязі. Я не магу зразумець гарадскіх жыхароў, якія маюць сабак у кватэрах. Я летам жыла ў Мінску ў дачкі і ў жаху ад убачанага там. У доме №119 па пр. Пераможцаў сабак больш, чым ва ўсёй нашай вёсцы!

Днём яны брэшуць у кватэрах, не даюць адпачываць, а ўвечары з'яўляюцца дадому іх гаспадары і выводзяць на вуліцу «на шпацыр» справіць патрэбу. І я шмат разоў бачыла, як іх гадаванцы гэта робяць: на дзіцячай пляцоўцы, на дарожцы, пад дрэвамі... Эколагі пішуць, быццам бы дрэвы гінуць ад сумесяў, якімі пасыпаюць дарогі. Але дарогі пасыпаюць не толькі ў горадзе, але і на трасах, аднак дрэвы там не гінуць...

Валянціна Ласоўская, Кармянскі раён Гомельскай вобласці


Н. ЗІГУЛЯ. «Бацька быў у захапленні ад Высоцкага»

 («Звязда» ад 27 студзеня)

— Пачытаў і яшчэ больш упэўніўся: музей Алеся Адамовіча ў Глушы павінен быць. Цалкам згодны з яго дачкой Наталляй. Для таго, каб прасякнуцца тым духам, у якім ствараліся літаратурныя, паэтычныя, песенныя шэдэўры, павінны існаваць вось такія маленькія, камерныя музеі і менавіта ў тых месцах, дзе чалавек жыў. Бо нягледзячы на тое, што жыццё не стаіць на месцы, нешта няўлоўнае там працягвае існаваць. Я таксама прыхільнік творчасці Высоцкага, заўсёды хацеў як мага бліжэй «дакрануцца» да яго жыцця, зразумець яго. І мне таксама шкада, што ў яго кватэры на Малой Грузінскай так і не з'явіўся музей. Памятаю, як шмат гадоў таму я знайшоў гэты дом у незнаёмай для мяне Маскве — так хацелася «дакрануцца» да жыцця паэта. Але кансьерж сказаў, што Ніны Максімаўны — маці Высоцкага — няма дома і прапанаваў пачакаць. На жаль, у мяне не было вольнага часу, і я пайшоў. Цяпер вельмі шкадую, што страціў такую магчымасць.

Валянцін, г. Асіповічы


М. КРАВЕЦ. «Вяселле... без весялосці»

(«Звязда» ад 28 студзеня)

— Далібог, толькі маладосць можа радавацца таму, што традыцыйнае вяселле можна замяніць адным толькі роспісам ды сціплымі пасядзелкамі з сябрамі. І грошы эканоміш, і твараў старых не бачыш... Час паказвае, што менавіта вось гэтая мітусня, нібыта поўная дурасць, і з'яўляецца пасля нашымі самымі яркімі ўспамінамі ў жыцці! Аднойчы яны акажуцца нашмат больш яркімі, чым мядовы месяц або паездка за мяжу. Бо ніколі, паверце, ніколі не будзе зноў так, каб ты і тваё каханне апынуліся ў незвычайным эпіцэнтры ўвагі, каб у ваш гонар гаварылі столькі тостаў, дарылі столькі падарункаў! Гэта такі шанц убачыць, што ўласна ёсць твой род, каб запомніць, не пераблытаць і расказаць пасля сваім дзецям. А іначай... Што расказаць ім, як падрастуць? Што «мы апранулі джынсы, забеглі ў загс і выпілі шампанскага на шасцярых з сябрамі»?

Ірына Аляксееўна


Н. НІКАЛАЕВА. «Хочаце выхаваць дзіця? Пачынайце з яго бацькоў»

 («Звязда» ад 29 студзеня)

— Абсурд сучасных узаемаадносін сям'і і школы ў тым, што і адзін, і другі бок імкнуцца быццам бы да аднаго: добрай адукацыі і добрага выхавання дзяцей. Праўда, паняцце «добрая адукацыя» за перыяд навучання вельмі часта трансфармуецца з «добрай адзнакі» ў «добры вынік на ЦТ», а «добрае выхаванне» — з «маё дзіця добрае, а вы проста не знайшлі да яго падыходу» ў «я не магу нічога з ім зрабіць».

Асабіста я не магу зразумець прычыну варожага стаўлення да настаўнікаў хоць бы таму, што ніхто ў здаровым розуме самае дарагое (а хочацца верыць, што для большасці бацькоў дзеці такімі з'яўляюцца) ворагу не аддасць. Як можна зневажаць настаўніка, выціраць аб яго ногі і пры гэтым давяраць яму выхоўваць сваё дзіця? Можна па-рознаму ставіцца да савецкай школы, але яе не вярнуць ужо ніколі, бо не вярнуць ніколі тых адносін да настаўніка і таго разумення важнасці і значнасці адукацыі, што былі раней. А агульныя падыходы трэба шукаць. Бо нічога іншага нам не застаецца. Таму што нельга выхаваць добрага і спагадлівага чалавека ў атмасферы варожасці і неразумення.

Святлана Г., Магілёў


С. ЯСКЕВІЧ. «Зона адчужэння»

 («Звязда» ад 1 лютага)

— Я — тая самая «бабка Маня», якая кожны год частуе свежыной дзяцей ды ўнукаў. Але, на шчасце, жыву там, дзе свіней не забараняюць гадаваць. Мы тут з сяброўкамі абмяркоўвалі праблему. Яны крыху старэйшыя і памятаюць, як недзе ў пачатку 50-х забаранялі трымаць больш чым адну карову, дазвалялі гадаваць толькі адну свінню, курэй можна было да дзясятка мець, нават яблыні высякалі, калі іх расло больш, чым у нейкай інструкцыі запісана. Дык людзі хавалі тых свіней і курэй на час прыезду камісіі нават у лесе. Вось і мы з жанчынамі перамовіліся і прыйшлі да высновы, што праблему разумеем, са спецыялістамі згодныя... Але і людзей, якія парсючка могуць прыхаваць у дальнім хлеўчыку, — таксама разумеем. Бо як жа гэта, без свайго кавалка сала, без каўбасы на Каляды?

Проста бабуля, Гродзенская вобласць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.