Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


І. СІДАРОК. «Звязда» перадала падарункі выхаванцам сталічнага дзіцячага дома № 5»

(«Звязда» ад 6 студзеня)

— Шчыра, цёпла і добразычліва. Гэта з аднаго боку. А з іншага — як часта да такіх дзяцей прыходзяць не на святы? Ці ўспамінае пра іх хто з чужых у іншыя дні, а не толькі напярэдадні зімовых свят ды ў Дзень абароны дзяцей? Часам складваецца ўражанне, што двойчы на год мы адпрацоўваем адладжаны сцэнарый «Дапамажы дзецям. Яны такія неабароненыя». І ў гэтыя дні, калі да малых ездзяць дэлегацыі, ім таксама прыходзіцца працаваць: прыгожа апранацца, усміхацца, дзякаваць і ўсім выглядам паказваць, як яны рады ахвяраванням. Не, тое, што дорыцца падчас акцый, — як правіла, карыснае і патрэбнае. Аднак у мяне заўжды баліць сэрца, калі думаю, што такім чынам мы ад іх адкупляемся: накшталт «на табе цукерку і не перашкаджай». Думаецца, пастаяннае, а не для «карцінкі», сяброўства з такімі дзецьмі, арганізацыя для іх нейкіх мерапрыемстваў, наведванне проста каб пагаварыць — маюць пад сабой больш прадуктыўную глебу для выхавання ў іх пачуцця ўласнай годнасці і патрэбнасці. І не трэба ніякай помпы!

Міхаіл, проста тата і неабыякавы чалавек.


В. КАНЮТА. «Той самы дзядзька Косця»

(«Звязда» ад 11 студзеня)

— З чым перш за ўсё асацыюецца Орша? Вядома ж, з Героем Савецкага Саюза Канстанцінам Заслонавым, з першымі залпамі знакамітых «Кацюш»...

Куды цяпер ісці людзям, якія з задавальненнем наведвалі музей Заслонава? Ці кожны дадумаецца, што экспазіцыя — у іншым музеі? Ды і ў якім яна стане? Нават калі  ў самым лепшым і прадметы сапраўды экспануюцца, што значыць асобны пакой (і ці ёсць ён?) і цэлы музей?

Будынак знеслі летам. Ужо пачаўся новы год, а мясцовыя ўлады яшчэ толькі вырашаюць — аднавіць стары або пабудаваць новы. Так бясконца можна думаць, а потым увогуле... забыцца, што быў Заслонаў.

І апошняе. Калі сёння так ставіцца да сваёй спадчыны, да памяці герояў Вялікай Айчыннай, якія цаною свайго жыцця здабывалі нам Вялікую Перамогу, то што казаць пра маладое пакаленне? Ці не самі мы асуджаем яго на бяспамяцтва?

Ларыса Паўлаўна, Віцебск.


Н. НІКАЛАЕВА. «Чатыры тэсты і партфоліа»

(«Звязда» ад 11 студзеня)

Нашы адзінаццацікласнікі, што навучаюцца ў педагагічным класе, расчараваныя: калі ім абяцалі льготу ў выглядзе гутаркі замест здачы ЦТ, ніхто не казаў пра тое, што за такую «прывілею» давядзецца потым адпрацоўваць пяць гадоў на месцы, куды размяркуюць маладога настаўніка. Прашу заўважыць: пяць гадоў у аднаго наймальніка павінны адпрацаваць і выпускнікі, якія заключылі дагавор аб мэтавым накіраванні. Яны таксама знаходзяцца падчас прыёмнай кампаніі ў прывілеяваным становішчы, ідуць фактычна па-за конкурсам. Але няўжо да прэтэндэнтаў на мэтавую падрыхтоўку прад'яўляюцца такія жорсткія патрабаванні, якія будуць прад'яўляцца да выпускнікоў педагагічных класаў: па паспяховасці, па наяўнасці ў іх партфоліа і рэкамендацыі ад педсавета школы? Не сакрэт, што «мэтавікі» — далёка не самыя моцныя абітурыенты. А з педагагічнымі спецыяльнасцямі цяпер складваецца ўвогуле дзіўная сітуацыя: школьныя медалісты і пераможцы алімпіяд паступаюць туды без экзаменаў, і ім не ставяць умову — пяць гадоў адпрацаваць на адным месцы. Плюс ёсць «мэтавікі», плюс па гутарцы будуць паступаць выпускнікі педагагічных класаў. А калі яны не захочуць скарыстацца такой «прывілеяй»?
Ці застануцца месцы на агульны конкурс? У БДПУ ўжо летась іх не хапіла ў прыватнасці пераможцу абласной алімпіяды па гісторыі, які меў права паступаць без экзаменаў...

Нашаму міністэрству трэба вызначыцца з тым, што больш важнае: каб малады педагог застаўся працаваць у сістэме адукацыі ці каб ён застаўся працаваць па месцы свайго размеркавання?

Ганна Іванаўна, г. Мінск.


Н. ЛУБНЕЎСКАЯ. «Чаму нас не прызнаюць шматдзетнымі?»

(«Звязда» ад 12 студзеня)

— І мы нядаўна сутыкаліся з падобнай сітуацыяй. Спачатку пішуць законы, пастановы, кожны месяц да іх дапаўненні і змяненні. А як канкрэтна ў жыцці прымяніць — усе трактуюць па-свойму. Вось нават мама-юрыст не можа знайсці праўду, а што казаць пра звычайных людзей.

Людміла.

— Самае страшнае тое, што лёсы людзей не заўсёды вырашаюць сапраўдныя спецыялісты, бо, калі б мама не паглядзела перадачу з выступленнем адваката, усё засталося б так, як ёсць. Атрымліваецца, па кожным пытанні трэба кансультавацца ў юрыста? А як жа кампетэнтнасць прадстаўнікоў адміністрацыі раёна? Страчваецца давер да такіх спецыялістаў...

Жанна.

— Статус «шматдзетная» даецца сям'і, а не камусьці з бацькоў. А ў гэтай сям'і трое дзяцей. Калі ўзнікае спрэчнае пытанне, трэба вырашаць на карысць дзяцей, я так лічу. Шкада, што відавочнае даводзіцца даказваць, траціць час (амаль год), нервы.

Дзмітрый Іванавіч.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.