Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


Д. Каско. «Не вінаватая я, ён сам прыйшоў! А я сантэхніка чакала...»

(«Звязда» ад 10 лютага)

— Гэта можа здацца дзіўным, але я ўзрадавалася, калі прачытала артыкул. Не, не таму што такая з'ява існуе (для каго гэта сакрэт?), а таму, што СМІ падымаюць такую, здавалася б, далікатную, а на самай справе важную тэму. Усе мае сябры ведаюць, што я — непрымірымая прыхільніца легалізацыі прастытуцыі. Так, гэта непрыемна, так, гэта брудна як з маральнага пункту гледжання, так і з фізіялагічнага, але гэта неад'емная частка жыцця. А неад'емная таму, што пакуль будзе попыт, будзе і прапанова. І, магчыма, якраз менавіта дзякуючы легалізацыі гэтага «рамяства» ўдасца звесці да мінімуму колькасць злачынстваў на сексуальнай глебе, а таксама абараніць дзяўчат, якія гэтым займаюцца. А каб гаворка зайшла аб легалізацыі трэба пачаць гаварыць пра саму прастытуцыю.

Надзея У., Брэст.


С. Барысенка. «Што баліць пасля 60-ці»

(«Звязда» ад 11 лютага)

— Паказала артыкул свайму шэфу — ён акурат у такім «спелым» узросце... Толькі на загаловак зірнуў ды крыўдліва кажа: «Трэба было напісаць «пасля 70»... Прыемна, калі шэф так ацэньвае стан свайго здароўя. Але ж адна справа — думаць, што ты здаровы, а іншая — быць ім. У мужа на працы тым часам работніку нават 50 не было — таксама, небарака, думаў, што здаровы. І навакольныя так думалі: не піў, не курыў, нібыта спакойны. А вось ужо другі дзень з інфарктам у бальніцы, у непрытомным стане. Ну чаму для нашых мужчын лепей загінуць, чым пайсці своечасова да ўрача?!

Таццяна, г. Віцебск.


Н. Нікалаева. «Каб не калола вочы»

(«Звязда» ад 11 лютага)

— Любыя школьныя паборы праз любы савет (бацькоўскі ці папячыцельскі) — гэта сорам, любая форма — нездаровая. Але школа без бацькоўскіх грошай не выжыве... А пра наяўныя-ненаяўныя грошы нам ніякай Амерыкі не адкрылі, бо любыя аперацыі з наяўнымі грашыма ў школе заўсёды былі грубым парушэннем фінансавай дысцыпліны.

Наталля.

— Рамонты, азеляненне... Але я ўсё ж такі не змагла зразумець: грошы на ваду, чарніла для прынтара, экскурсіі ў музеі нам у каго браць?

Ганна Іванаўна.

— Пра гімназіі — усё праўда. Я ўвогуле лічу, што трэба ад іх адмаўляцца: якасць адукацыі знаходзіцца пад пытаннем; дзяцей, калі тыя здаюць пры паступленні экзамены, бацькі да неўрозаў даводзяць; фанабэрыстасці ў кіраўніцтва гімназій хоць адбаўляй... Для бацькоў, якім хочацца элітнай адукацыі, трэба стварыць прыватныя школы з адпаведным цэннікам, каб не даставалі нас усіх фразамі «Няўжо вам трыста долараў на дзіця шкада?»

Вольга.


Т. Лазоўская. «Супраць фірмы няма абароны?»

(«Звязда» ад 14 лютага)

— Не зусім згодны з аўтарам, што на «кручок» сецевых фірм трапляюць даверлівыя жанчыны і пажылыя людзі. Я адукаваны чалавек — за плячыма дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы. І мне яшчэ толькі 40 гадоў. Але я таксама неаднойчы трапляў у аналагічныя сітуацыі.

Разам з тым не разумею людзей, якія лічаць, што менавіта дзяржава або таварыства абароны спажыўцоў павінна ім дапамагаць, прадстаўляць іх інтарэсы ў судзе, прычым бясплатна. Сам стварыў такую сітуацыю — сам, як кажуць, і выкручвайся.

Акрамя таго, гэтыя кампаніі працуюць легальна, плацяць падаткі. А якія метады выкарыстоўваюць у сваёй рабоце, гэта іх асабістая справа. Нашы пенсіянеры жывуць састарэлымі паняццямі і не заўважаюць, што свет даўно змяніўся. І без крэатыўнай рэкламы, агрэсіўнага маркетынгу прадпрыемству цяжка выжыць.

Аляксандр Уласенка, г. Баранавічы.


В. Канюта. «Старое жыццё сучаснай вёскі»

(«Звязда» ад 15 лютага)

— Для нас, жыхароў вёсак Мажэйкаўскага сельсавета, аграгарадок як раённы цэнтр. Сюды мы не толькі ходзім па прадукты і лекі, а і абслугоўваемся ў амбулаторыі, наведваем мясцовую пошту, бібліятэку... 700 жыхароў — ці многія беларускія вёскі маюць такое насельніцтва?

Праз аграгарадок рэгулярна праязджаюць турысты. За тры кіламетры знаходзіцца Маламажэйкаўская царква, храм XVІ стагоддзя! Сюды наведваюцца не толькі паломнікі з усёй Беларусі, а і турысты з іншых краін. Ёсць што паглядзець і ў самім Мажэйкаве...

Гэта я да чаго? Захочацца падарожніку перакусіць, ды няма дзе. Адно выйсце — крама. А раптам нешта спатрэбіцца ў прамтаварах або ў аптэцы?.. Напэўна, у турыста, а тым больш замежнага, павінны скласціся добрыя ўражанні ад вясковага жыцця ў Беларусі, увогуле ад краіны.

Жыхары вёскі Феліксава, Лідскі раён.

— Цікава, а ці ёсць будучыня ў аграгарадкоў? Набудавалі шмат аб'ектаў за дзяржаўныя сродкі, прыцягнулі насельніцтва ў вёску — і ўсё на гэтым? Утрымаць людзей у сельскай мясцовасці можна не толькі наяўнасцю шматлікіх крам і іншай інфраструктуры. Каб людзі хацелі застацца, трэба забяспечыць іх працоўнымі месцамі (прычым з прыстойным заробкам!). Сёння Прэзідэнт кажа пра тое, што трэба будаваць жыллё больш на перыферыі, бо гарады і так загружаны (перш за ўсё маецца на ўвазе сталіца). Дык чаму ж не актывізаваць будоўлю ў вёсцы? Тым больш, апошнім часам становіцца нават модным займацца сельскай гаспадаркай ды агратурызмам.

Мікалай Паўлаў, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».