Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


Н. НІКАЛАЕВА. «Пакаленне Z»

(«Звязда» ад 19 студзеня)

— Як трапна спецыялісты сфармулявалі тое, што мы назіраем штодня ў класе! Нядаўна са здзіўленнем заўважыла, што мае вучні не ведаюць, куды клеіць марку на канверт! Для іх гэта найвышэйшы пілатаж... А зносіны ў сацыяльных сетках праз смайлікі? Падлеткам не трэба аніякіх слоў, усе свае пачуцці яны выказваюць праз сімвалы. Навошта траціцца на эмоцыі? Што я яшчэ заўважыла ў сваіх выхаванцаў: яны лічаць сябе дарослымі, але насамрэч ім уласцівы інфантылізм. Абсалютна згодна з тым, што вучыцца школьнікі хочуць «са скокамі і бубнамі». На традыцыйным уроку адразу пачынаюць сумаваць. Матывавана займаюцца толькі тым, што ім цікава, а большую частку школьнай праграмы проста ігнаруюць. Кажуць, што «гэта ім не патрэбна для паступлення». Раней бы я ахарактарызавала такія паводзіны як юнацкі максімалізм, але цяпер лічу іх стаўленне і да школы, і да настаўнікаў, і да бацькоў спажывецкім. Ні настаўніцкі, ні бацькоўскі досвед іх не цікавіць, ён для іх «безнадзейна састарэў». Пры гэтым, калі ў іх штосьці не атрымліваецца, вінаватыя бацькі ці педагогі. Яны даволі жорсткія і нецярплівыя. Нацэленыя толькі на хуткі вынік. Можа быць, мне трэба прызнацца ў прафесійнай дэфармацыі ці ў тым, што я не ўпісваюся ў сучасныя рэаліі, але я лічу, што мы гадуем патэнцыяльных кар'ерыстаў , якія будуць распіхваць локцямі іншых для дасягнення ўласных мэт. Буду вельмі рада памыліцца...

Алена Іванаўна, г. Баранавічы


Д. Каско. «Крыніца антысанітарыі ці прыкмета камфорту»

(«Звязда» ад 20 студзеня)

— Прачытала артыкул пра заварванне смеццеправодаў і сартаванне адходаў і вырашыла, што проста павінна падзяліцца з вамі сваёй гісторыяй, дакладней, гісторыяй маёй бабулі. Ёй таксама, як і гераіне матэрыялу, ужо каля 80 гадоў. Яна нарадзілася ў Мінску ў сям'і патомных лекараў, але сваё жыццё звязала з біялогіяй. Нягледзячы на тое, што бабуля ўжо амаль 10 гадоў на пенсіі, любімую справу яна не кінула: рэгулярна абменьваецца з калегамі кнігамі і часопісамі на прафесійную тэматыку. А некалькі гадоў таму яна запісалася на курсы для пажылых людзей і засвоіла інтэрнэт.

У нашай сям'і менавіта яна першая загаварыла аб сартаванні смецця, пачала адкладаць і адносіць у суседнюю школу макулатуру, потым аддзяляць пластык, цяпер у яе ёсць асобнае вядро і для шкла. Яна тлумачыць, што гэта адзінае, чым яна яшчэ можа дапамагчы экалогіі. І калі хто-небудзь з яе родных ці знаёмых не прытрымліваецца яе прыкладу, яго чакае працяглая лекцыя пра нядбайнасць. Так што свядомасці ўсе ўзросты пакорлівыя!

Карына, г. Мінск


Н. Дрындрожык. «Нас пяцёра: чатыры сцяны і я»

(«Звязда» ад 21 студзеня)

— Наколькі я зразумела з тэксту, гэтая жанчына з пакручастым лёсам вышывае гладдзю славутых беларусаў. Партрэты Караткевіча і Скарыны падарыла Слуцкаму музею. А вось Колас і Купала жывуць у яе дома. Падумалася — можа, нашым сталічным музеям было б цікава набыць у калекцыю работы Зінаіды Паўлаўны? А ёй лішняя капейка дапаможа наблізіцца да мары — выдаць кнігу ўспамінаў.

Надзея Паўлаўна

— Добры дзень! Я працую ў музеі Янкі Купалы. Размаўляў з нашым фондавым аддзелам. Ёсць пэўны інтарэс, зацікаўленасць мець партрэт Купалы. Але ці ёсць у вас больш якасны, павялічаны здымак гэтай вышыўкі? Ці можаце даслаць? Трэба ведаць яшчэ памеры твора, тэхніку выканання.

Павел Каралёў

— Які цесны свет! Гэта бабуля з нашай вёскі, дзе мама вырасла!

Таццяна Хляцэвіч

— Вось гэта чалавек! Даў жа бог талент! Няхай ёй хопіць сіл і здароўя ажыццявіць свае планы і мары!

Таццяна Ермаліцкая


С. Бусько. «Міхаіл Орда: кожны калектыўны дагавор павінен значна паляпшаць становішча работнікаў»

(«Звязда» ад 24 студзеня)

— Усё правільна сказана і пра схаваныя скарачэнні, і пра тое, што наймальнік заўсёды ў больш выгаднай пазіцыі, чым работнік. Напішыце яшчэ пра ахову працы. Я працую на будоўлі і ведаю пра выпадкі атрымання траўмаў і гібелі людзей на будаўнічых пляцоўках не па чутках. Сябар працаваў у Маскве і расказваў, што там пры будаўніцтве шматпавярховых будынкаў абавязкова выкарыстоўваюць ахоўна-ўлоўліваючыя сеткі. А ў нас выкарыстанне такіх сетак носіць рэкамендацыйны характар, і ад іх часта адмаўляюцца, спасылаючыся на адсутнасць фінансавых сродкаў. Але ж гэта было б усім выгадна. Не будзе калецтваў і гібелі людзей — не трэба будзе выплачваць пацярпелым і іх сем'ям немалыя грашовыя кампенсацыі. Ды і калі проста па-чалавечы — усе будуць жывыя і здаровыя і не будзе лішняга гора ў сям'і...

Аляксей Куніцкі, г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.