Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


С. КУРКАЧ. «Сябраваць з фінансамі з шасці гадоў»

(«Звязда» ад 13 студзеня)

— Вялікі дзякуй Белаграпрамбанку за гэты праект і цудоўную кнігу «Твае першыя фінансы». Мой сын таксама атрымаў яе і з задавальненнем чытае. Вельмі прыемна, што спецыялізаваныя веды аб фінансах прапануюцца дзецям менавіта на нашай мове.

Цалкам згодна з тым, што вучыцца лічыць грошы і планаваць свой уласны бюджэт малыя павінны ўжо з першых класаў. Гэта патрабаванне часу, але... Мне здаецца, што ўводзіць дадатковы ўрок у школьную праграму было б не зусім правільна. У вучняў нагрузка і так вельмі сур'ёзная. Спецыялісты з Нацбанка кажуць, што хутчэй за ўсё ў найбліжэйшы час рэальна разглядаць увядзенне пастаяннага «фінансавага» факультатыва. І тут існуюць нюансы. Справа ў тым, што сёння школу прымушаюць зарабляць грошы праз механізм платных дадатковых паслуг. Амаль упэўнена, што факультатыў па фінансавай адукаванасці мясцовыя школьныя кіраўнікі зробяць платным. Згадзіцеся, што неяк сумна атрымліваецца, калі за інфармацыю аб тым, як эканоміць уласныя сродкі, бацькі павінны будуць плаціць грошы. А вось бясплатны такі факультатыў, мне здаецца, усе будуць толькі вітаць.

Марыя Аляксандраўна, Брэсцкая вобласць.


Н. НІКАЛАЕВА. «Кодэкс аб адукацыі: што зменіцца для навучэнцаў і бацькоў?»

(«Звязда» ад 14 студзеня)

— Упершыню пра неабходнасць унясення паправак у дзеючы Кодэкс «Аб адукацыі» загаварылі яшчэ ў 2013 годзе. І ўжо тады казалі, што жыццё настолькі імкліва змяняецца, што ўсяго праз два-тры гады, магчыма, зноў давядзецца штосьці карэктаваць. Дык навошта, скажыце, ствараць такі механізм, калі ўсе змяненні на перспектыву вымагаюць шматступеньчатага зацвярджэння? Трэба думаць, якія з прапаноў замацоўваць у кодэксе, а што можна прапісаць на ўзроўні іншых нарматыўных актаў, якія значна прасцей будзе адкарэктаваць.

Чатыры гады грамадскасць абмяркоўвае, ці трэба браць у дзясятыя класы ўсіх ахвотных. У нас абавязковая — дзевяцігадовая базавая адукацыя, а ў старшыя класы павінны прыходзіць толькі тыя вучні, якія не проста жадаюць, але і могуць засвойваць вучэбную праграму. А калі няма ні жадання навучацца, ні імкненняў, ні здольнасцяў? Будзем і надалей цягнуць усіх штучна да атрымання атэстата сталасці? Ці будзе гэта пытанне, нарэшце, адрэгуляванае ў кодэксе — невядома.

З чым яшчэ катэгарычна не магу пагадзіцца, дык гэта з пераўтварэннем школьнай суботы ў «дзень факультатываў». Фактычна мы вернемся да вучэбнага шасцідзённага тыдня. Афіцыйнае тлумачэнне «гэта зроблена для таго, каб зменшыць вучэбную нагрузку на працягу тыдня» гучыць наіўна... Давайце проста ў такім выпадку вернем шасцідзёнку з урокамі — гэта будзе больш эфектыўна.

А ці будзе вызначаны ў кодэксе мінімальны і максімальны нарматыў напаўняльнасці для груп падоўжанага дня? У сельскай мясцовасці, дзе дзеці залежаць ад школьных аўтобусаў, пытанне мінімальнай напаўняльнасці — прынцыповае! Адказаў мы пакуль не атрымалі...

Галіна Мікалаеўна, педагог з 35-гадовым стажам, г. Мінск.


А. ДЗЯДЗЮЛЯ. «Сірочы хлеб»

(«Звязда» ад 17 студзеня)

— Фінансы трэба ўкладаць у развіццё, а не ва ўтрыманства. Падарункамі — такімі, як жыллё і грашовыя дапамогі, — не развіць самастойнасці і адказнасці. Хіба пра гэта не гаворыць тое, што многія сіроты не цэняць падораныя кватэры, ператвараюць іх у наркапрытоны. Жыллё для сірот — хутчэй кампенсацыя за няўдалае дзяцінства, а не інвестыцыя ў іх будучыню. Я прыехаў з правінцыі і, каб вырашыць жыллёвыя праблемы і замацавацца ў горадзе, сумяшчаў працу ў некалькіх месцах. Таксама пачынаў «з нуля», быў маладым, «зялёным»... Каб сапраўды дапамагчы сіротам, трэба забяспечыць іх нармальнай адукацыяй (магчыма, неабходны спецыяльныя класы для самых таленавітых ці падрыхтоўчыя аддзяленні для паступлення ў ВНУ). А таксама для іх варта стварыць працоўныя месцы. Добра, калі на прадпрыемствах будуць вучэбныя ўчасткі і за маладымі людзьмі замацуюць куратараў, якія дапамогуць разабрацца ў прафесіі і ўліцца ў калектыў.

Віктар Воранаў, г. Брэст.


С. ЯСКЕВІЧ. «Нерэнтабельны падыход»

(«Звязда» ад 17 студзеня)

— У свой час і я шукаў невыкарыстоўваемыя аб'екты пад сваё невялікае прадпрыемства ў прыгарадных з Брэстам раёнах. Дык вось у адным з іх, дзе такіх будынкаў процьма, у тым ліку базы былых вайсковых часцей, мне цану заламілі проста касмічную. У старшыні райвыканкама быў толькі адзін аргумент: «Калі я аддам танна, мяне пасадзяць».

Цікава атрымліваецца. Калі ўсё разваліцца, прыйдзе ў заняпад, — нікога не пасадзяць і не пакараюць. А калі, умоўна кажучы, прадпрымальнік падніме тое, што ўжо на зямлі валяецца, укладзе грошы, удыхне жыццё ў былыя разваліны — некага могуць пасадзіць? За што? Думаю, што ў барацьбе з карупцыяй мы яўна перагібаем палку, умоўна кажучы, не там шукаем ведзьмаў.

Я, дарэчы, тады казаў некаторым кіраўнікам раёна: «Калі вы так баіцеся турмы, можа, варта нам усім адседзець нейкі тэрмін добраахвотна наперад, а потым выйсці дружна на волю і спакойна працаваць на карысць людзям, сабе і краіне?»... Усё ж аднаго смялейшага я тады знайшоў, і будынак былога сацыяльнага аб'екта купіў па разумнай цане.

Ігар М., прадпрымальнік, г. Брэст.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».