Вы тут

Сям'я з Мазыра прыдумала памяшканне для захоўвання веласіпедаў


Мазыранін Станіслаў Дворак — прыхільнік здаровага ладу жыцця. Разам з жонкай Вікторыяй любіць вандраваць на веласіпедзе. Але ж у аднапакаёўцы без балкона, дзе жывуць маладыя бацькі разам з маленькім сынам Ільёй, складана недзе захоўваць любімыя транспартныя сродкі.


Таму задума, якую прапанаваў на рэспубліканскі конкурс «100 ідэй для Беларусі» 25-гадовы намеснік начальніка канструктарскага аддзела прадпрыемства «Мазырсоль», для яго самога — больш чым надзённая. Гаворыць, у многіх краінах існуюць самыя розныя варыянты захоўвання мабільнага транспарту — у залежнасці ад рэгіёна.

Станіслаў распрацаваў праект гаража, які можна ўладкаваць літаральна пад вокнамі свайго дома. Больш за тое, яго распрацоўка экалагічная, бо прадугледжвае ўладкаванне газона непасрэдна на даху збудавання.

— Узнікла такая ідэя: зрабіць малагабарытнае памяшканне для захоўвання веласіпедаў. Сутнасць у тым, што яно будзе знаходзіцца непасрэдна на дваровай тэрыторыі, каля дома.

Вышыня яго 140 см. Даўжыня — каля 2—2,5 метра. Кожнае памяшканне прызначана для пэўнай групы велааматараў. Мой велагараж магчыма размясціць на газоне. Бо пры яго пабудове зялёныя насаджэнні захоўваюцца — яны будуць расці непасрэдна на даху.

Арыгінальнасць канструкцыі, якую прапануе Станіслаў Дворак, у зручным спосабе адкрыцця, эстэтычнай форме збудавання, прастаце абслугоўвання, надзейнасці і практычнасці. Да таго ж, сцвярджае інжынер па адукацыі і мысленні, сама канструкцыя гаража з'яўляецца тэлескапічнай.

— Асноўная секцыя замацоўваецца на бетонным падмурку. Яна нерухомая, прымацаваная да падмурка, які выконвае антывандальную функцыю. Другая секцыя, куды будуць ставіцца веласіпеды, — высоўная, рухомая. Яна выязджае з падстрэшка на манарэйках з дапамогай ролікаў, служыць для размяшчэння на ёй захоўваемых веласіпедаў.

Каркас абедзвюх секцый выкананы з металічнага пракату, які абабіты дошкамі. У такое памяшканне, па разліках Станіслава, памесціцца ад 4 да 8 веласіпедаў. Кажа, што большая колькасць павялічыць габарыты. А значыць, паставіць пад сумненне зручнасць карыстання.

— Мы спрабавалі ўжо прасунуць наш праект, знайсці магчымых інвестараў і атрымаць дазвол для ўстаноўкі гаража непасрэдна ў двары, — расказвае Стас. — Сам працэс просты. Патрэбна сабраць подпісы жыхароў дома. Мінімум 50% павінны быць не супраць велагаража. Потым трэба звярнуцца па дазвол да начальніка ЖЭУ ці іншага кіраўніка — у залежнасці ад формы ўласнасці дома. Яшчэ адзін момант — трэба атрымаць дазвол у галоўнага архітэктара раёна ці горада. Я гэта ўжо зрабіў. У мяне ўжо ёсць план размяшчэння гаража ў двары, на якім стаіць подпіс галоўнага архітэктара Мазыра.

Зразумела ж, пытаюся ў Станіслава Дворака пра матэрыяльныя выдаткі, якія патрабуюцца, каб пабудаваць такое памяшканне для захоўвання веласіпедаў.

— Канешне, велагараж будуецца за кошт тых, хто будзе захоўваць у ім свой транспарт. Цана такога праекта на чатыры веласіпеды з уладкаваннем даху з клумбай наверсе — 470 рублёў. Уладкаванне кветніка — прыкладна 20% ад кошту велагаража ўвогуле. Таму што прымяняюцца дарагія матэрыялы. Калі такі дах не рабіць, зразумела, кошт стане меншым. Калі дзве сям'і скінуцца, гэта будзе дзесьці па 150—200 рублёў на кожную.

Выкрасці такі гараж разам з транспартнымі сродкамі не атрымаецца, сцвярджае Станіслаў, бо для гэтага спатрэбіцца яго вырваць з зямлі. Кажа, што незалежна ад таго, як да яго ідэі паставяцца на рэспубліканскім узроўні, для сваёй сям'і ён велагараж пабудуе. Між тым лічыць, што ідэю маглі б падхапіць і распаўсюдзіць службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Калі ідэя людзям спадабаецца, гараджане маглі б замаўляць камунальнікам будаўніцтва такіх дамкоў для веласіпедаў.

— Гэта можа ўрэшце стварыць некалькі рабочых месцаў. Калі будуць замовы ад гараджан, камунальнікі стануць будаваць гаражы цэнтралізавана. Гэта спросціць працэс узгаднення і ўстаноўкі. Калі будуць рабіць са свайго матэрыялу — можа выйсці танней, чым разлічыў я. Калі патрэбна — я магу абсалютна бясплатна падзяліцца сваёй распрацоўкай з усімі ахвотнымі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Тое, што самому патрэбна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.